Найбуйнейшая чыгуначная катастрофа ў Грэцыі і масавыя пратэсты ў Грузіі. Галоўныя падзеі ў здымках


Сусвет зноў ускалыхнула хваля пратэстаў: у Грузіі – праз Закон аб замежных агентах, у Францыі – праз пенсійную рэформу, у Грэцыі – праз сутыкненне двух цягнікоў, а ў Ізраілі – праз юрыдычную рэформу. Гэтыя ды іншыя падзеі – у фотападборы.

Фрыдайвер знайшоў спосаб бяспечна камунікаваць з небяспечнымі драпежнікамі: трымаючы за нос тыгравую акулу, мужчына перакіроўвае яе ў іншы бок. Паводле фрыдайвера, ён камунікуе з імі з дапамогаю мовы цела, каб пазбегнуць укусаў, і гэта даказвае, што тыгравыя акулы не жудасныя жывёлы, якія заўсёды спрабуюць з’есці людзей. Паводле Міжнароднага архіву пра напады акулаў (ISAF), у 2021 годзе зафіксаваныя 64 напады акулаў на людзей у свеце, з іх 35 выпадкаў – з тыгравымі акуламі.
Фота: Christopher Ward / Media Drum Images / East News
Слуп дыму падымаецца ў Галасііўскім раёне Кіева пасля масіраванага ракетнага ўдару па Украіне. Расея запусціла больш за 80 ракетаў, у тым ліку «Калібры» і «Кінжалы», па ўкраінскіх гарадах. Пасля ракетнага абстрэлу ў сталіцы часова былі ўведзеныя экстранныя адключэнні электраэнергіі. Кіеў, Украіна.
Фота: Ukrinform / East News
Ізраільцяне пратэстуюць ля дому міністра юстыцыі Ярыва Левіна, які падтрымлівае і ўзначальвае судовыя змены ў краіне. Масавыя акцыі пратэсту супраць юрыдычнай рэформы прайшлі па ўсім Ізраілі. Новаўвядзенні прэм’ер-міністра Бэньяміну Нэтаньягу даюць абранаму ўраду права вызначальнага голасу пры выбары суддзяў і абмяжоўваюць магчымасці Вярхоўнага Суда ў адмене законаў. Мады’ін (Modiin), Ізраіль.
Фота: Amir Cohen / Reuters / Forum
Сотні тысяч дэманстрантаў па ўсёй Францыі ўзялі ўдзел у новым раўндзе пратэстаў і забастовак супраць плану ўраду павысіць пенсійны ўзрост з 62 да 64 гадоў. Прафесійныя звязы пагражаюць замарозіць французскую эканоміку, спыніўшы працу ў некалькіх сектарах. Адзначаецца, што пратэсты ўжо закранулі ўсю энергетычную інфраструктуру краіны: ад тэрміналаў імпарту прыроднага газу да нафтаперапрацоўчых заводаў і электрастанцыяў. Парыж, Францыя.
Фота: Aurelien Morissard / AP Photo / East News
Сутыкненне грузавога і пасажырскага цягнікоў у горадзе Лярыса, у выніку якога загінулі 57 чалавек, выклікала масавыя пратэсты ў Грэцыі. Гэта найбуйнейшая ў гісторыі краіны чыгуначная катастрофа. Як паведаміў прэм’ер-міністр краіны Кірыякас Міцатакіс, катастрофа адбылася праз чалавечую памылку. Афіны, Грэцыя.
Фота: Florion Goga / Reuters / Forum
Сутыкненні паміж грузінскаю паліцыяй і дэманстрантамі на другі дзень пратэстаў супраць законапраекту аб замежных агентах, які грузінскі парламент ухваліў у першым чытанні. Шматтысячную акцыю ў сталіцы разагналі з дапамогаю вадамётаў і слезацечнага газу. Праз тры дні пасля прыняцця законапраекту парламент Грузіі спыніў разгляд Закону аб замежных агентах. Тбілісі, Грузія.
Фота: David Mdzinarishvili / Anadolu Agency / abacapress.com / East News
Удары маланак у затоцы Хаката ў горадзе Фукуока (Fukuoka), Японія.
Фота: The Yomiuri Shimbun / AP Images / East News
Украінскія салдаты 95-й дэсантна-штурмавой брыгады страляюць з рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Град» па расейскіх пазіцыях недалёка ад Крэмінной, Луганская вобласць, Украіна.
Фота: Evgeniy Maloletka / AP Photo / East News
Падчас цырымоніі развітання з Героем Украіны на Майдане незалежнасці ў Кіеве вайсковец нясе фотаздымак украінскага салдата Дмытра Кацюбайлы з пазыўным Да Вінчы, які загінуў 7 сакавіка ў баях каля Бахмуту Данецкай вобласці. На развітанне прыйшлі тысячы чалавек, у тым ліку прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны, міністр абароны Аляксей Рэзнікаў, начальнік ГУ выведкі Кірыла Буданаў, а таксама прэм’ер-міністр Фінляндыі Санна Марын. Кіеў, Украіна.
Фота: Efrem Lukatsky / AP Photo / East News
Людзі спяваюць, танцуюць і закідваюць адно аднаго фарбамі падчас святкавання фестывалю «Holi» ў Гайдарабадзе, Індыя.
Фота: Mahesh Kumar / AP Photo / East News

Агата Квяткоўская belsat.eu

Стужка навінаў