На беларуска-польскай мяжы з’явіліся плакаты на польскай мове, у якіх палякаў заклікаюць карыстацца беларускай медыцынай, беларускай касметыкай і спажываць беларускую кухню.
На плакатах з камунікацыяй, звернутай да турыстаў з Польшчы, рэкламуюцца стаматалагічныя і гінекалагічныя паслугі, якімі можна скарыстацца ў Беларусі.
«У беларускіх клініках заўсёды можна знайсці шэраг паслуг у галіне акушэрства і гінекалогіі», «Беларускія стаматалагічныя кабінеты падбаюць пра вашую беласнежную ўсмешку», «Даверце сваю прыгажосць беларускай касметыцы і адчувайце сябе ўпэўнена і прыгожа», – гаворыцца на плакатах.
«Нашы цэны прывабнейшыя за вашыя», – падкрэсліваюць аўтары плакатаў.
Таксама палякаў заклікаюць пакаштаваць беларускую нацыянальную кухню і гавораць пра тое, што людзі ў Беларусі добра дыхаюць, дзякуючы чыстаму паветру і ўнікальнай прыродзе.
Улады Беларусі не ўпершыню выкарыстоўваюць такія прыёмы: на мяжы з Украінай доўгі час цягнулася своеасаблівая вайна білбордаў: у адказ на выявы з фразамі «Разом перемогли фашизм, разом переможемо рашизм», якія выстаўляў украінскі бок, лукашэнкаўская прапаганда выстаўляла білборды, на якіх паказвала «сапраўдных акупантаў», ілюструючы гэта выявай салдата ў амерыканскай форме.
Гэткія «абмены крэатывам» вяліся цягам года. Гэтым разам прапагандысты звярнуліся да грамадзянаў Польшчы.
Раман Шавель belsat.eu