Беларусы зноў паведамляюць аб дбайных праверках на ўездзе ў краіну


Беларускія сілавікі зноў узмацнілі кантроль для тых, хто ўязджае ў краіну, асабліва на літоўска-беларускай мяжы. Тыя, хто нядаўна праходзіў мяжу, распавядаюць пра допыты КДБ і праверкі тэлефонаў, перадае «Hrodna.life». Гэта можа быць звязана нібыта з перадухіленнем «тэракту» на 9 траўня, пра які раней расказваў кіраўнік КДБ Іван Церцель.

Беларуская мяжа.
Фота: onliner.by

Беларус, які вяртаўся ў краіну з Літвы на аўтобусе 8 мая, расказаў, што яго спынілі на пашпартным кантролі і хвілін 20 хвілін ён чакаў мытніка, які павінен быў агледзець яго рэчы. Яшчэ праз 25 хвілін яго павялі ў актавую залу, дзе сядзелі двое ў цывільным.

«Сказалі, што яны памежнікі (хоць 90%, што няпраўда), і пачалі распытваць – куды ездзіў, навошта, з кім сустракаўся. Агледзелі тэлефон (не хапіла ў мяне смеласці адмовіць). Пыталіся, ці ведаю я Паўла Лібера і яшчэ аднаго чалавека (не запомніў прозвішча). Доўжылася гэта (яны назвалі гэта «гутарка«) хвілін 40+. Я нясмела спрабаваў спытаць чаму ўсё гэта (я не прыцягваўся), але яны нічога не патлумачылі», – напісаў хлопец у адным з чатаў па пераходзе мяжы.

Пакуль сілавікі гутарылі з ім, аўтобус хлопца з’ехаў. У выніку размовы ён спазніўся на дзве гадзіны.

Таксама паведамляецца, што пры пераходзе мяжы сілавікі пытаюцца аб удзеле ў пратэстах, каго падтрымліваюць у вайне, навошта ездзілі ў іншую краіну і гэтак далей. Апроч гэтага вядомыя факты, калі сілавікі бяруць тэлефоны на праверку і ўсталёўваюць на прыладу дадатковыя праграмы.

Учора, 9 траўня, стала вядома, што беларусы сутыкаюцца з нетыповым кантролем на расейскай мяжы: людзям пад запіс на відэакамеру задаюць пытанні, звязаныя з пратэстнымі тэмамі. Таксама там патрабуюць разблакаваць тэлефон для надгляду, паведамляе «Зеркало».

Нагадаем, раней кіраўнік КДБ Іван Церцель заяўляў аб перадухіленні тэрактаў 9 траўня ў Беларусі. Пазней іх звязалі нібыта са спецслужбамі Украіны і паведамілі аб затрыманні 4 чалавек, усе яны маладзейшыя за 30 гадоў.

Hавiны
Дзяржаўнае ТБ паказала анонс расследавання «тэрактаў» перад 9 траўня
2023.05.10 13:53

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў