«Няправільна» купіла кватэру. У Дзятлаве са шматдзетнай маці спагналі больш за 10 тысяч долараў


Пракуратура вырашыла ўмяшацца ў распараджэнне грашыма шматдзетнай маці з Дзятлава. На думку ведамства, яна выкарыстоўвала сямейны капітал не паводле прызначэння, паведамілі ў пракуратуры Гарадзенскай вобласці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аляксандр Побат / 1prof.by

У 2020 годзе шматдзетнай маці з Дзятлава далі права датэрмінова распарадзіцца сродкамі сямейнага капіталу ў памеры 10 тысяч долараў. Грошы павінны былі пайсці на пакупку кватэры.

«Пры гэтым атрыманне жанчынай такой магчымасці было разлічанае на фактычнае атрыманне наяўных грашовых сродкаў, а не на выкарыстанне іх паводле мэтавага прызначэння», – адзначылі ў пракуратуры.

Паводле дамовы пакупніца кватэры павінна была пералічыць на рахунак прадаўца 50 тысяч рублёў, 24,6 тысяч з якіх складаў сямейны капітал з адсоткамі. У выніку былі пераведзеныя 10 414 долараў капіталу, але пазней абставіны пакупкі кватэры змяніліся.

«Далей у кастрычніку 2020 года ў натарыяльнай канторы Дзятлаўскага раёну пакупнік і прадавец падпісалі дамову куплі-продажу названай кватэры за 50 тысяч рублёў, паводле ўмоваў якой разлік паміж бакамі зроблены да яе падпісання», – распавялі ў пракуратуры.

Гэта значыць, быў складзены іншы дагавор, які не датычыў сямейнага капіталу. У выніку дзяржаўнае падтрыманне было пераведзенае ў гатоўку, і наўпрост сродкі на кватэру не пайшлі.

Таму раённая пракуратура выставіла жанчыне пазоў для спагнання 10 414 долараў у інтарэсах дзяржавы – як выкарыстаных не паводле мэтавага прызначэння.

На рашэнне суда пазоўная заява пракурора задаволеная ў поўным абʼёме.

Ася Саковіч, belsat.eu

Стужка навінаў