Армянскі мастак стаў адным з галоўных герояў культурніцкага жыцця Берасця. Разбіраемся, як яму гэта ўдалося


Яшчэ два гады таму мастак з Арменіі Тыгран Джавадзян не быў шырока вядомы ў Берасці, а ягоныя карціны не карысталіся папулярнасцю. Але цяпер без Джавадзяна і ягоных карцінаў не абыходзіцца ні адна імпрэза ў горадзе. У чым сакрэт поспеху мастака?

У канцы 2019 года Джавадзян паспрабаваў за 15 000 долараў прадаць сваю карціну «Мір. Сяброўства. Бяспека» з выявамі Лукашэнкі ды Пуціна. Але ў выніку так і не зразумела, ці ўдалося яму гэта зрабіць, больш пытанне наконт гэтай карціны ў грамадскім полі не ўзнімалася.

Карціна Тыграна Джавадзяна. Крыніца: Facebook

Як сцвярджае мастак у інтэрв’ю медыям, за апошнія 20 гадоў ён напісаў і прадаў больш за 3000 карцінаў, але да 2020 года ў Берасці не прайшло ні адной значнай выставы Джавадзяна, цяпер жа ягоныя карціны ёсць практычна на ўсіх выставах у горадзе, а сам Тыгран раптам стаў вядоўцам большасці гарадскіх імпрэзаў.

У 2020 годзе Джавадзян стварыў арганізацыю «Беларуская асацыяцыя творчых людзей», афіцыйнай дзяржаўнай рэгістрацыі ў яе няма, тым не менш яна фігуруе побач з гарвыканкам падчас арганізацыі ўсіх гарадскіх мерапрыемстваў.

«Берасце жыло шыкоўным культурніцкім жыццём, пакуль пасля жніўня 2020 года большасць арганізацыяў не былі разгромленыя, шмат хто быў вымушаны з’ехаць за мяжу», – кажа адзін з прадстаўнікоў культурніцкіх арганізацыяў Берасця.

Тыгран Джавадзян у цэнтры. Крыніца: Facebook

Наш суразмоўца адзначае, што ў Берасці мала хто лічыць Джавадзяна сур’ёзным мастаком, з прычыны нізкага ўзроўню яго так і не прынялі ў Саюз мастакоў.

«Ён аказаўся вельмі крыўдлівы, і цяпер помсціць усім, хто, на ягоную думку, яго пакрыўдзіў. Цяпер ён правая рука начальніка аддзелу культуры гарвыканкаму – Святланы Сямешкі, і ў яго неабмежаваны адміністрацыйны рэсурс. Як мы лічым, ягоная задача – стварыць цалкам падкантрольныя ўладзе культурніцкія арганізацыі, і каб нават намёку не было на нешта альтэрнатыўнае. А пра нязгодных ён адразу ж паведамляе ўладам, ёсць у яго любімая фраза: «Ты што, супраць прэзідэнта?», – кажа наш суразмоўца.

Яшчэ адна задача Джавадзяна – рабіць бачнасць мірнага жыцця. Быццам бы ўсе забыліся на тое, што было ў жніўні 2020 года, і прынялі новую рэальнасць.

«Яму далі шанец, за гэта ён павінен верна служыць, і ён гатовы пайсці на ўсё. Ён арганізуе рэальна шмат мерапрыемстваў. Цяпер без Тыграна не абыходзяцца берасцейскія мерапрыемствы, але іх узровень упаў ніжэй за плінтус, цяпер і блізка нельга параўноўваць з тым, што было два гады таму», – абураецца наш суразмоўца.

А вось так Джавадзян адказвае нязгодным на старонцы Беларускай асацыяцыі творчых людзей. Ён адмаўляе, што ў краіне ёсць палітвязні, прызнае толькі Лукашэнку і не лічыць кражу галасоў на выбарах злачынствам.

Тыгран Джавадзян і Святлана Сямашка начальнік аддзелу культуры берасцейскага гарвыканкаму. Крыніца: Facebook

«Спадары змагары, мы разумеем, што ваш бліцкрыг па развале суверэнітэту і цэласнасці Беларусі праваліўся. Раю змірыцца і папросіць прабачэння. Наш прэзідэнт – Аляксандр Лукашэнка, адзіны законна абраны прэзідэнт. Гэта факт. Што да зняволеных, нельга парушаць законаў, сеючы ў грамадстве экстрэмісцкія настроі, заклікаючы людзей да непаслушэнства і байкатавання працы прадпрыемстваў і культуры. Вашы планы па разбурэнні суверэнітэту краіны вядомыя. Вашым планам не наканавана спраўдзіцца, народ зрабіў свой выбар. Змірыцеся, папрасіце прабачэння, паспрабуйце ўсвядоміць сваю памылку і змяняйцеся на карысць стабільнасці, развіцці і ўмацаванні бяспекі Беларусі».

А вось як Джавадзян рэагуе на пытанне наконт крадзяжу галасоў на выбарах:

«Скралі галасы, Госпадзе, у іх скралі голас. Не грошы, не рэчы, не машыну, а голас. Ну што за дзіцячы лепет?»

АС belsat.eu

Стужка навінаў