Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Белаконеў прапанаваў пазбаўляць беларускага грамадзянства за заклікі да ўвядзення санкцый, а таксама канфіскоўваць маёмасць. Аб гэтым ён заявіў дзяржаўнаму тэлеканалу АНТ, каментуючы зацвярджэнне Палатай прадстаўнікоў законапраекта «Аб змене Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь».
«Шкода ад тых санкцый, якія сёння ўводзяцца супраць Рэспублікі Беларусь па розных кірунках, у тым ліку і эканамічныя, яна дастаткова вялікая. Тыя людзі, якія заклікаюць да гэтага, якія не разумеюць, што яны робяць, яны мусяць несці адказнасць. Больш за тое, на мой погляд артыкулам 361 не абмяжуецца, я думаю, што будзе агульная канфіскацыя маёмасці ў даход дзяржавы, каб неяк гасіць наступствы, які нанеслі гэтыя людзі. Ну і, на мой погляд, у тым ліку іх трэба пазбаўляць грамадзянства», – заявіў Белаконеў.
Законапраект «Аб змене Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь», які быў унесены ў Палату прадстаўнікоў дэпутатам Белаконевым прадугледжвае ўзмацненне жорсткасці пакарання па арт. 361 «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь».
Прадугледжваецца ўвядзенне крымінальнай адказнасці за заклікі да санкцый – абмежаванне або пазбаўленне волі тэрмінам да 12 гадоў.
У мінулым месяцы начальнік аддзелу ГУБАЗіК Вячаслаў Арлоўскі таксама выказаў прапанову пазбаўляць грамадзянства тых, хто набыў яго, а не атрымаў па праву нараджэння, калі яны рашэннем суду прызнаныя вінаватымі ў экстрэмісцкіх, тэрарыстычных злачынствах, альбо такіх, якія прычыняюць шкоду інтарэсам Беларусі.
АД, belsat.eu