У гадавіну выбараў у Беларусі ЗША пашырылі санкцыі супраць афіцыйнага Менску


ЗША пашырылі абмежавальныя меры ў дачыненні рэжыму ў Беларусі і ўвялі санкцыі супраць пяці дзяржаўных прадпрыемстваў і кампаніяў, а таксама супраць васьмі фізічных асобаў і бізнес-джэту Лукашэнкі, паведамляе Мінфін ЗША. Гэта адбылося 9 жніўня, у гадавіну беларускіх прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Сцяг ЗША.
Фота: ghall.com.ua

«Сённяшнія дзеянні парушаюць працу дзяржаўных прадпрыемстваў і ключавых урадавых службоўцаў, з дапамогай якіх аўтарытарны рэжым Лукашэнка атрымлівае значныя прыбыткі для падтрымкі сваёй вельмі недэмакратычнай і рэпрэсіўнай палітыкі. Разам з нашымі партнёрамі і саюзнікамі мы працягнем прыкладаць намаганні, каб рэжым плаціў цану за жудаснае абыходжанне са сваімі ўласнымі грамадзянамі і каб нашыя меры ў адказ на расейскую агрэсію нельга было абысці праз Беларусь», – заявіў намеснік міністра фінансаў ЗША па барацьбе з тэрарызмам і фінансавай разведкай Браян Нэльсан.

Пад амерыканскія санкцыі трапілі:

  • авіякампанія «Белавія»;
  • Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю (ДФР КДК);
  • Менскі завод грамадзянскай авіяцыі № 407;
  • ААТ «БМЗ – кіруючая кампанія холдынгу «БМК»;
  • кампанія BEL-KAP-STEEL LLC, якая звязаная з БМЗ (зарэгістраваная ў Маямі);
  • урадавы самалёт Canadair Regional Jet CR-200ER (бартавы нумар EW-301PJ).

Таксама санкцыі ўведзены супраць фізічных асобаў: дырэктара БМК Дзмітрыя Корчыка, супрацоўнікаў ДФР Ігара Маршалава, Віктара Сяліцкага, Арцёма Дунько і Віктара Франскевіча. Да таго санкцыі ўведзены супраць жонкі алігарха Аляксея Алексіна, які раней сам патрапіў пад санкцыі, Іны Алексінай, а таксама ягоных сыноў – Дзмітрыя Алексіна і Віталя Алексіна.

Акрамя гэтага ЗША увялі забарону на выдачу амерыканскіх уязных віз у дачыненні да яшчэ 101 дзяржаўнага чыноўніка Беларусі і звязаных з імі асобаў.

На мінулым тыдні Еўразвяз таксама ўвёў новы пакет санкцыяў супраць афіцыйнага Менску. Абмежаванні абумоўленыя ваенным уварваннем Расеі ва Украіну, а таксама ўдзелам Беларусі ў агрэсіі і рэпрэсіяў у краіне. У новы санкцыйны спіс увайшлі 3 беларускія прадпрыемствы і 38 фізічных асобаў.

Hавiны
У новы санкцыйны спіс ЕЗ увайшлі 3 беларускія прадпрыемствы і 38 фізічных асобаў
2023.08.03 21:19

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў