«Мінус адзін»?

У калоніі памёр чалавек – Мікалай Клімовіч. Яму быў 61 год, ён меў інваліднасць II-й групы з-за праблемаў з сэрцам. Асудзілі яго за карыкатуру на Лукашэнку. Далі адзін год калоніі, нягледзячы на тое, што адвакатка прыносіла паперы, якія пацвярджаюць інваліднасць, і сам ён сцвярджаў на судзе, што калонію можа не перажыць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sachelle Babbar / Zuma Press / Forum

На маіх вачах людзі ў калоніі таксама паміралі. Так здараецца. Калі сабраць разам паўтары тысячы дарослых мужчын розных узростаў і замкнуць іх на розныя тэрміны, то без смерцяў не абыдзецца. Проста статыстычна. Аднак гэта толькі палова праўды.

Другая ж палова ў тым, што паміраюць людзі ў калоніі менавіта ад таго, як з імі абыходзяцца. Я нават пакіну па-за межамі разваг законнасць самога пераследу за карыкатуру. У псіхічна здаровай краіне карыкатура на абранага прэзідэнта – цалкам стандартная, шэраговая з’ява, за якую нікому не прыйдзе ў галаву змяшчаць за краты.

Але нават беларускі Крымінальны кодэкс прадугледжвае па дадзеным артыкуле шмат варыянтаў – ад штрафу да «хіміі» і, калі ўжо зусім ніяк, пазбаўленне волі. Больш за тое, менавіта гэты крымінальны кодэкс патрабуе ўжываць пазбаўленне волі як скрайнюю меру, калі іншыя сродкі ўздзеяння не могуць прывесці да дасягнення мэтаў крымінальнага пераследу. Такіх мэтаў усяго дзве: папярэджанне іншых злачынстваў і выпраўленне асуджанага. І, у адпаведнасці з нармальнай хадою  спраў, у суддзі павінны быць доказы, матэрыялы, характарыстыкі, якія паказваюць на тое, што без арышту ніяк не абысціся. Павінны былі быць. Ці былі? Судзейскія ў нашай краіне даўно «забілі болт» на гэтыя правілы, нормы заканадаўства.

Гэты ж кодэкс патрабуе браць пад увагу і фізічны стан асуджанага. І хваробы, калі прытрымлівацца літары закона, павінны былі б зʼяўляцца падставай для вызвалення ад адбыцця пакарання.

Я бачыў шмат хворых за кратамі. Хранічныя, глыбокія захворванні. Вызвалілі толькі аднаго – «зялёнага чалавека». Не, гэта не жарт. У зняволенага проста не працавалі ныркі. Яму заставалася жыць некалькі тыдняў, ці, можа, з месяц. Ён сапраўды быў светла-зялёнага колеру. І вось, каб не фіксаваць смерць у калоніі, яго «камісавалі» – адпусцілі паміраць дадому.

Ну і сама медыцына за кратамі. Вельмі цяжка ўявіць сабе такое стаўленне, знаходзячыся на волі. Чарга да зубнога – на 3-4 месяцы. На такой стаўцы працаваць у калоніі ніхто не жадае, таму лекар прыязджае з-за межаў установы. І, калі ў цябе востры боль, то… табе проста ніхто не дапаможа. Няма ніякага сродку, асаблівай чаргі або проста нічога няма. Трывай. Месяцамі, пакуль не згніеш. Таму зняволеныя вельмі часцяком выходзяць без зубоў.

Стаўленне ж да іншых захворванняў такое ж: «Лячыцца будзеце на волі, вы тут не для гэтага». Але ж, згодна Канстытуцыі, здавалася б у частцы медычнага абслугоўвання ў асуджанага такія ж правы, як і ў любога іншага беларуса. Розніцы быць не павінна. Але яна ёсць.

На маіх вачах, у часы кавіду, ледзь не памёр адзін з маіх калегаў па няшчасці. Ён быў пенсіянерам, і яго тры дні запар насілі ў медчастку амаль на руках, з кашлем і тэмпературай пад 40. Прыносілі, лекар давала аспірын (ці нешта, каб збіць тэмпературу) і прыносілі назад, у барак. Да яшчэ 120 асуджаных яго атрада. Тэсты? А навошта? На той момант адміністрацыя ўзмоцнена рабіла выгляд, што ніякага кавіду няма наогул, гэта ўсё амерыканцы прыдумалі… На трэці дзень яму выклікалі хуткую з-за межаў калоніі. У выніку – два тыдні ў рэанімацыі, пад апаратам ШВЛ, потым яшчэ пару месяцаў на рэабілітацыі. Выцягнулі ў грамадзянскай лякарні. Не ўсім так пашанцавала…

Аднаго з «калегаў» проста не пусцілі ў медычную частку з вытворчай зоны. Ён прыйшоў на прахадную са скаргамі на здранцвенне левай паловы цела, з вельмі дрэнным самаадчуваннем. Кантралёр яго проста адправіў назад, на вытворчасць, са словамі «Не положено». Там, на вытворчасці, той і памёр… Калі ён проста ўпаў у цэху, лекары не паспелі дабегчы.

Так жыве калонія. Каго гэта хвалюе? Гэта стаўленне не нейкае адмысловае, не асобна да палітычных, ці нават да зэкаў увогуле. Не, гэта стаўленне ў прынцыпе да людзей.

Беларусь – еўрапейскі рэкардсмен па колькасці зняволеных на 100 тысяч насельніцтва. Іх у нас у два разы больш, чым у Польшчы і раз у 5-6 больш, чым у Нарвегіі або Нідэрландах. У гэтай частцы мы зусім дрымучая, бессэнсоўна жорсткая краіна.

Хто пакарае суддзю, які адправіў інваліда ў калонію? Хто пакарае адміністрацыю калоніі? Хто?

Мінус адзін.

«Белсат» / Авер

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў