Хто будзе лячыць беларусаў? Ці заменіць Лукашэнка нелаяльных беларускіх медыкаў на мігрантаў?


На тое, што ў сталічных паліклініках стала шмат дактароў з нетыповымі для беларусаў прозвішчамі, звярнулі ўвагу нашыя чытачы. Наведнікі сталага веку скардзяцца, што не могуць запомніць прозвішча свайго ўчастковага тэрапеўта. З гэтай нагоды мы пацікавіліся, гэта выпадковасць і назіраецца толькі ў нейкай адной медычнай установе ці новы трэнд, з дапамогай якога ўлады спрабуюць развязаць кадравую праблему ў медыцыне.

Поликлиника, здоровье, болезни, простуда, Минск
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Дзе ўмацаваліся замежнымі адмыслоўцамі

Мы агледзелі старонкі 45 паліклінік Менску – дарослых і дзіцячых – і высветлілі, што як мінімум у 25 з іх сапраўды працуюць дактары з нетыповымі для Беларусі прозвішчамі ды імёнамі.

Напрыклад, у 23-й гарадской паліклініцы працуюць два дактары агульнай практыкі – Акані Чымзі Прынс і Эзіке Тачукўу Энтані. У 21-й цэнтральнай раённай паліклініцы Заводскага раёну працуюць дактары агульнай практыкі Махры Аналыева, Лэйла Сахіб Кызы Мамедава, Какаджан Рэджэпаў. У 22-й знаходзім двух дактароў агульнай практыкі Акмырата Амадава, Васіма Гашымзадэ і стаматолага Захра Зіяда Намджумагадама.

У 3-й гарадской дзіцячай паліклініцы працуюць рэнтгенолаг Дзінь Тхі Бік Фыонг, траўматолаг-артапед Мансур Базараў, учатсковы педыятр Руфіна Галямава.

У 15-й гарадской паліклініцы знаходзім наступным спецыялістаў: доктар агульнай практыкі Шукры Мустафа Абдулхамід, стаматолаг-тэрапеўт Хачык Тэвасян, стаматолаг-хірург Мухамад Муса.

Рахымберды Гундагдыеў (справа).
Фота: Рахымберди Гундогдыев / bigbookname.com

Больш за ўсіх умацавалася замежнымі спецыялістамі 17-ая гарадская паліклініка ў Заводскім раёне на ўскрайку сталіцы на вуліцы Герасіменкі. З больш як 200 дактароў, прозвішчы якіх ёсць у публічным доступе, 24 маюць немясцовае паходжанне. Гэта 10 %. Тут і выхадцы з Туркменістану (Гузал Пірнапасава, Рахымберды Гундагдыеў, Сардор Алабергенаў), і Закім Ахмадзі з Афганістану, і стаматолаг Мэйсам Аліхасэйнзадэ з Ірану, і в’етнамец-інтэрн Чан Дынь Дык Ань.

Агляд
Лекары толькі на трэцім месцы. Якіх спецыялістаў не хапае ў Беларусі і што там у IT?
2024.02.29 16:43

Хто і калі прыехаў у Беларусь

Беларусь даўно экспартуе адукацыйныя паслугі: у краіне вучыцца шмат замежнікаў, якія з нейкіх прычынаў маглі застацца працаваць у Беларусі. Таму мы паглядзелі, ці даўно працуюць гэтыя дактары ў 17-ай паліклініцы. Мы вывучылі архіўную версію гэтага ж сайту за 9 верасня 2020 года года і высветлілі, што на той момант прозвішчаў дактароў-замежнікаў у раскладзе працы не значылася зусім. У траўні 2022-га ў паліклініцы з’явіліся першыя 5 замежнікаў, 4 з якіх – інтэрны, а ў студзені 2023-га іхная колькасць вырасла да 11. За год колькасць замежных спецыялістаў у гэтай медычнай установе ўзрасла яшчэ на 13 чалавек.

Наступнае пытанне, якое нас цікавіла, яны прыехалі на працу ў Беларусь так бы мовіць гатовымі спецыялістамі ці прыехалі вучыцца і атрымалі адукацыю ў нашай краіне.

Агляд старонак дактароў у сацыяльных сетках, іхнае згадванне на сайтах універсітэтаў, дзе яны вучыліся, далі нам падставы зрабіць высновы, што большасць замежных спецыялістаў, якія працуюць у паліклініках Менску, скончылі нашыя ВНУ за апошнія 4-5 гадоў.

Хаця, напрыклад, азербайджанец Васім Гашымзадэ – доктар і стэндап-комік – сцвярджае, што ў Беларусі жыве з 4 гадоў, ведае беларускую мову і ў сваіх стэндапах апавядае, як на яго са здзіўленням глядзяць пацыенты, мяркуючы, што ён не зразумее нават расейскай.

Вывучыўся сам – дапамажы суайчынніку

Але возьмем, напрыклад, дактароў з самымі экзатычнымі для Беларусі прозвішчамі – Эзіке Тачукўу Энтані і Акані Чымзі Прынс, якія працуюць тэрапеўтамі ў 23-й паліклініцы. Яны прыехалі з Нігерыі. Акані Чымзі скончыў Гарадзенскі медычны ўніверсітэт у 2020-м годзе, а ў 2023-м – ардынатуру, а Эзіке Тачукўу вучыўся ў Віцебску і атрымаў адукацыю ў 2021 годзе. У 2017-м нават ездзіў на практыку на сваю радзіму, як сведчаць адпаведныя дакументы ВНУ.

Эзіке Тачукўу Энтані (першы злева).
Фота: Tochukwu Ezike / Facebook

Цікава, што Акані Чымзі мае ў Нігерыі прадпрыемства Tourcan Consults Intl’ LTD, якое кансультуе і дапамагае ў справе паступлення ў беларускія ВНУ. Філіял працуе ў Беларусі. Самы танны пакет паслуг каштуе $ 750, а самы дарагі – $ 1850.

«У Беларусі няма вайны, а ўзровень адукацыі высокі і дыпломы прызнаюцца ўва ўсім свеце», – заахвочваюць ехаць у нашую краіну на сайце кампаніі.

Але ўсё ж большасць дактароў, якія трапілі ў поле нашай увагі, прыехалі з Туркменістану. Паводле афіцыйных крыніцаў, 40 % замежных студэнтаў прыязджаюць у Беларусь з краінаў СНД, хаця ўсяго адпраўляюць да нас сваіх студэнтаў 110 краінаў. Сустракаюцца маладзёны і з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, і з Камеруну, і з Марока, і нават з Новай Зеландыі, Сэнт-Вінсэнту і Грэнадынаў, Эль-Сальвадору. Першая тройка краінаў, адкуль едуць вучыцца ў Беларусь, – Кітай, Туркменістан і Узбекістан. На 4-м месцы – Расея.

Летась агулам у Беларусі навучаліся больш за 28,5 тысячы замежных студэнтаў, што складае 12 % ад агульнай колькасці. Яны прыносяць дзяржаўнаму бюджэту каля 90 млн долараў прыбытку штогод.

Каментар
У Беларусі ахова здароўя ў заняпадзе і пры існым рэжыме праблемы вырашыць немагчыма
2023.05.23 22:18

Зялёнае святло для мігрантаў

«З кожным годам ахвочых застацца ў нас жыць і працаваць усё больш», – апавядала кансультантка ўпраўлення міжнароднай супрацы Міністэрства адукацыі Кацярына Мар’іна. Асабліва гэта студэнты з Туркменістану, Узбекістану, Кыргызстану. Звязана гэта, паводле яе, з тым, што нашая краіна спрасціла заканадаўства, якое рэгулюе вонкавую працоўную міграцыю.

«Навацыяй Закону аб вонкавай працоўнай міграцыі сталася тое, што шмат якія замежнікі цяпер могуць працаваць у Беларусі паводле атрыманай спецыяльнасці без спецыяльнага дазволу», – патлумачыла кансультантка.

Нагадаем, што новая рэдакцыя гэтага закону ўступіла ў моц 1 ліпеня 2023 года. У дакуменце прапісана, што яго дзеянне не распаўсюджваецца на тых, хто атрымаў (ці атрымлівае цяпер) прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыі ў Беларусі ды працаўладкоўваецца паводле атрыманай спецыяльнасці. То бок вучышся ў Беларусі – не мусіш атрымліваць спецыяльнага дазволу на працу ў нашай краіне.

Акрамя таго, змененыя крытэры вызначэння высокакваліфікаванага работніка ў частцы, што датычыць заробку. Раней, каб лічыцца высокакваліфікаваным, трэба было зарабляць у 15 разоў вышэй за мінімальны, цяпер дастаткова 5 (на сёння гэта Br 3131,35).

Ну і, нарэшце, дзяржава ўвяла магчымасць кожны год прымаць адмысловыя спісы запатрабаваных прафесіяў. Умоўна, калі замежнік мае прафесію «са спісу», але не мае дазволу на сталае пражыванне ў Беларусі, яго можна запрасіць на працу без дазволу чыноўнікаў. Не трэба таксама і даваць публічнай абвесткі на вакансію. У спісе на 2024 год ёсць усе медычныя спецыяльнасці – ад санітарак да дактароў-спецыялістаў.

Тым часам на пачатак красавіка ў агульнарэспубліканскім банку вакансіяў было 4729 прапановаў працы для дактароў-спецыялістаў, 4237 – для медсясцёр, 1222 – для фельчараў і 3372 – санітараў (санітарак).

Каментар
«Умовы працы лекараў у Беларусі блізкія да рабскіх». Эксперт – пра «аптымізацыю» кадраў у медыцыне
2023.12.21 19:48

«Калі жыццё тут ім не спадабаецца, яны паедуць далей»

Ці здолеюць улады закрыць кадравыя дзіркі ў медыцыне за кошт замежнікаў, мы спыталі ў доктара і намесніка прадстаўніцы ў справе сацыяльнай палітыкі Абʼяднанага пераходнага кабінету Станіслава Салаўя.

Эксперт даволі высока ацаніў кемлівасць уладаў Беларусі: «Малайцы, гэта выдатнае рашэнне тых, хто зрабіў магчымымі такія змены ў законе. У краіне ёсць дэфіцыт лекараў, і лагічна, што краіна пачынае прыцягваць замежных спецыялістаў. Так робяць і іншыя краіны. Асабліва калі гаворка пра тых, хто скончыў нашыя медычныя ўстановы і знаёмы з нашаю сістэмаю. Краіна прыцягвае высокакваліфікаваную працоўную сілу, і гэта добра. Кваліфікацыя спецыялістаў, якія скончылі нашыя ВНУ, вучыліся паводле нашых праграмаў і сур’ёзна падыходзілі да навучання, мае быць такой жа, як і ў лекараў-беларусаў. Калі мы маем выбар, будзе вас лячыць доктар з Узбекістану, які скончыў наш універсітэт, ці родам з Баранавічаў, ці ўвогуле ніхто не будзе лячыць, то адназначна лепей, каб нехта лячыў».

Разам з тым эксперт не ўпэўнены, што ўлады могуць зліквідаваць кадравы голад у медыцыне нейкімі малымі высілкамі:

«Пераехаць другі раз – гэта невялікая праблема для чалавека, які ўжо пераехаў адзін раз. Таму калі для замежнікаў не будуць створаныя адпаведныя эканамічныя і прафесійныя ўмовы, то, набраўшыся досведу, яны паедуць далей – у Польшчу, Нямеччыну ці нават Саудаўскую Аравію».

Гэтак, яны наўрад ці будуць уключацца ў беларускую палітычную тэму і праяўляць палітычную нелаяльнасць, разважае далей Станіслаў Салавей, але працаваць за капейкі яны таксама не будуць:

«Іх яшчэ трэба ўтрымаць… Даць ім магчымасць прафесійнага і кар’ернага росту, добры заробак, добрае медычнае абсталяванне. Бо гэта людзі, якія прыехалі ў пошуках лепшага жыцця, і калі жыццё тут ім не спадабаецца, яны паедуць далей».

На думку суразмоўцы, з тым, каб задаволіць такія патрэбы замежнікаў, у беларускай дзяржавы акурат могуць быць праблемы: «У нашым рэгіёне мы ніколі не былі краінаю, прывабнаю для эміграцыі, мы куды сціплей у гэтым плане выглядаем за суседнія краіны. Нават у Расеі, хутчэй за ўсё, будуць лепшыя ўмовы працы і заробкі, не кажучы ўжо пра Еўропу. Байкамі пра тое, што ў нас няма вайны, замежнага лекара не ўтрымаеш».

Аб’ектыў
Ці заменяць беларускіх працаўнікоў мігрантамі?
2023.09.06 21:33

Ася Саковіч, Алена Голуб belsat.eu

Стужка навінаў