Украінцы вярнулі першадрукару Івану Фёдараву ягонае сапраўднае прозвішча


У Львове ў рамках працы па дэкаланізацыі тапанімікі пераймянуюць вуліцу Івана Фёдарава. Вуліца будзе мець імя Івана Федаровіча. Яна знаходзіцца ў самым цэнтры гораду. У Львове ўсталяваны і помнік першадрукару.

Вуліца Івана Фёдарава ў Львове.
Фота: Вікіпедыя

Іван Фёдараў стварыў 48 малюнкаў да кнігі «Апостал», у тым ліку змешчаную на франтыспісе гравюру з выявай апостала Лукі. У кнізе было 534 старонкі, на кожнай – 25 радкоў. З амаль 2000 экзэмпляраў да нашых дзён у музеях і бібліятэках захавалася каля 60.

Спачатку Фёдараў друкаваў кнігі пры двары Івана Грознага, але там не зразумелі значэння кнігаў – ні «Апостала», ні «Часаслоўца». Друкарню спалілі, а самога друкара выгналі з Масквы. Іван Фёдараў паспеў забраць літары для друкарні і перавёз іх спачатку ў Заблудаў. Там ён змяніў сваё маскоўскае прозвішча на Федаровіч. Прозвішча Фёдараў – паводле імені бацькі – сведчыла пра тое, што ён не належаў да шляхецкай сям’і. У Масковіі так звалі людзей «без статусу», таму што толькі шляхце дазвалялася ўжываць формы на -іч. У Беларусі і ва Украіне такіх абмежаванняў не было.

З Заблудава друкар пераехаў у Львоў. Там гараджане самі сабралі грашовыя сродкі для друкавання першай кнігі – львоўскага выдання «Апостала» 1574 года, у пасляслоўі да якога сам Іван Федаровіч вельмі жорстка раскрытыкаваў «маскоўскія норавы», расказаўшы пра шматлікія ганенні на яго.

У 1580 годзе Іван Федаровіч пасяліўся ў горадзе Астрозе, дзе выдаў «Новы запавет» і «Псалтыр». І той самы час разам са сваім сынам ён выдаў «Астрожскую Біблію» – першую поўную славянскую Біблію, складзеную паводле аднаго са спісаў Генадзіеўскай Бібліі. Спадчыннікам традыцыяў першадрукара сталася друкарня львоўскага брацтва, якая дзейнічала затым на працягу некалькіх стагоддзяў і ператварыла Львоў у адзін з асветніцкіх і культурных цэнтраў Усходняй Еўропы.

На сённяшні дзень у Львове дэкаланізаваныя ўжо 54 вуліцы.

Любоў Лунёва belsat.eu

Стужка навінаў