Падтрымка бізнесу, медыяў і ідэнтычнасці. Пра што гавораць на стратэгічным дыялогу дэмсілаў Беларусі і ЗША


У Вашынгтоне гэтымі днямі праходзіць стратэгічны дыялог дэмакратычных сілаў Беларусі і ЗША. У павестцы – некалькі тэмаў: дапамога бізнесу рэпрэсаваных беларусаў, падтрымка незалежных медыяў, барацьба з дэзынфармацыяй, умацаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Як менавіта будзе выглядаць дапамога па гэтых кірунках, распавялі прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінету Аліна Коўшык, старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка і Марк Сімакоўскі, намеснік памочніка адміністратара бюро Еўропы і Еўразіі Агенцтва міжнароднага развіцця ЗША (USAID).

Стратэгічны дыялог беларускіх дэмакратычных сілаў і ЗША. Вашынгтон, 7 снежня 2023 года.
Фота: tsikhanouskaya/Telegram

Культурніцкая супраца, стыпендыі для навучання беларусаў у ЗША

Аліна Коўшык узняла ў Вашынгтоне некалькі пытанняў. Адно з іх – антыпрапаганда. Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні распавядала пра тое, як змагацца і перамагаць у інфармацыйнай вайне.

«Я вельмі спадзяюся на падтрымку амерыканскіх спецыялістаў, таму што яны могуць не толькі дзяліцца з намі сваімі ведамі, але таксама тэхналогіямі і супрацай, – зазначыла Аліна Коўшык. – Вельмі важна глядзець на Беларусь у кантэксце рэгіёну дзеля таго, каб эфектыўна супрацьдзеяць прапагандзе. Вельмі важна таксама разумець, што перамагчы прапаганду можна толькі калі працаваць сістэматычна і стратэгічна. І да гэтага мы будзем ісці».

На сустрэчах з амерыканскімі партнёрамі Аліна казала таксама пра беларускую нацыянальную культуру і ідэнтычнасць.

«Гэта падстава нашага змагання, нашай інфармацыйнай устойлівасці. Мы будзем распавядаць, што мы можам зрабіць і што важна зрабіць дзеля таго, каб падвышаць наш імунітэт не толькі на прапаганду, але таксама каб рабіць нашую ідэнтычнасць больш яскравай, – кажа прадстаўніца Кабінету. – Дзякуючы гэтаму, мы можам зрабіць больш для нашай краіны. Таму што калі ў нас не будзе нашай гісторыі, нашых каранёў, нам будзе вельмі цяжка пабудаваць будучыню, прывабную для нас усіх».

Паводле Аліны, амерыканцы вельмі добра разумеюць значэнне ўзмацнення ідэнтычнасці як сродку супрацьстаяння інфармацыйнай вайне ў нашым рэгіёне.

«Таму тое, што мы прапаноўваем, гэта ў тым ліку павелічэнне культурніцкай супрацы, падтрымка адукацыйных праектаў, у тым ліку спецыяльных стыпендыяў для беларусаў, узмацненне трэку па навучанні беларусаў у Амерыцы, беларускіх студэнтаў, але не толькі, таксама прафесійных людзей, якія могуць будаваць Новую Беларусь, стаць адміністрацыйнай элітай Новай Беларусі», – кажа прадстаўніца дэмсілаў Беларусі.

Цэнтр беларусістыкі ў амерыканскім універсітэце

Яшчэ адно пытанне, якое ўздымала на сустрэчах у Вашынгтоне Аліна Коўшык – стварэнне цэнтру беларусістыкі ў адным з амерыканскіх універсітэтаў. Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні зазначае, што гэта складаная задача, але беларускія дэмсілы над ёй працуюць.

«Таксама нам вельмі важная падтрымка такога праекту як Беларускі нацыянальны ўніверсітэт – беларускамоўны ўніверсітэт, навукова-даследчая інстытуцыя, якая збярэ рэпрэсаваных беларускіх даследчыкаў. Гэта таксама маштабны праект, і на яго мы цяпер шукаем падтрымку ў розных партнёраў, не толькі ў Амерыцы. Але верым, што тут зможам знайсці кагосьці, хто зацікавіцца гэтай тэмай», – распавяла Аліна.

Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага кабінету анансавала прэзентацыю Стратэгіі пераходнага перыяду, якая адбудзецца неўзабаве. Над стратэгіяй працавалі розныя беларускія эксперты, у тым ліку, прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні.

«Я думаю, што вынікі дыялогу падводзіць зарана. Гэта толькі пачатак нашых сустрэчаў, гэтай стратэгічнай працы, якую мы пачынаем весці зараз ужо на такім сістэматычным узроўні з нашымі амерыканскімі партнёрамі. <…>. Нашая галоўная ідэя – зрабіць наш стратэгічны дыялог максімальна практычным, то бок, запланаваць канкрэтныя крокі, якія будуць выконвацца цягам бліжэйшага часу. Той мэсідж, які даў нам амерыканскі бок, дазваляе досыць аптымістычна глядзець на гэты працэс», – рэзюмавала Аліна Коўшык.

«Нацыянальная ідэнтычнасць – наш галоўны антыдот «рускаму міру»

Старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка выказаў спадзяванні, што па выніках дыялогу будуць выпрацаваныя канкрэтныя планы супрацы па падтрымцы беларускага бізнес-сектару, а таксама незалежных журналістаў.

«Амерыканскія тэхналагічныя кампаніі могуць дапамагчы ў вырашэнні практычных пытанняў беларускіх журналістаў, – зазначае Вячорка. – Магчыма, у выніку гэтага дыялогу з’явяцца практычныя дамоўленасці пра арганізацыю супольных івэнтаў, трэнінгаў, стажыровак для беларускіх журналістаў і блогераў. І я думаю, мы можам не толькі нечаму навучыцца ў амерыканцаў, але таксама многаму мы можам навучыць амерыканцаў, падзяліцца досведам нашай барацьбы з лукашэнкаўскай і расейскай прапагандай».

дэмсілы Беларусі ў ЗША
6-7 снежня 2023 года адбыўся візіт дэмакратычных сілаў у ЗША, які стаў пачаткам стратэгічнага дыялогу. На зыдмку: прадстаўнікі беларускіх дэмсілаў у ЗША. З боку дэмсілаў у дыялогу ўдзельнічае не толькі Ціханоўская, але і праваабаронцы «Вясны», эксперты «BEROC», прадстаўнікі медыясупольнасці, арганізацыі «ЕўраБеларусь», «Рабочага руху», «Асацыяцыі беларусаў у Амерыцы», «Кіберпартызанаў» і «Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой».
Фота: Белсат

Даволі новы трэк, які ўпершыню ўздымаецца ў дыялогу з ЗША і абмяркоўваецца на такім высокім узроўні – падтрымка ідэнтычнасці, моладзі, умацаванне беларускай культуры, кажа дарадца Ціханоўскай.

«Мы будзем шукаць варыянты падтрымкі ініцыятываў як унутры краіны, так і ў выгнанні, накіраваных менавіта на ўмацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці. Таму што нацыянальная ідэнтычнасць – наш галоўны антыдот «рускаму міру», які паступова прыходзіць у Беларусь, – зазначае Франак Вячорка. – У цэлым стратэгічны дыялог адбываецца пазітыўна, станоўча, на высокім узроўні. Адкрыла дыялог Вікторыя Нуланд, намесніца дзяржаўнага сакратара ЗША. І ўжо ёсць некалькі практычных дамоўленасцяў, планаў у кірунку ўмацавання беларускай незалежнасці, а таксама ў пытаннях вызвалення палітвязняў і падтрымкі рэпрэсаваных».

Аналітыка
«Пасланне Лукашэнку яснае і дакладнае». Вынікі візіту дэмсілаў у ЗША
2023.12.07 19:22

USAID адкрые офіс у Літве, каб дапамагаць беларусам

Марк Сімакоўскі, намеснік памочніка адміністратара бюро Еўропы і Еўразіі Агенцтва міжнароднага развіцця ЗША, распавёў, што падтрымка беларусаў праз USAID не спынілася і пасля закрыцця офісу арганізацыі ў Беларусі ў 2021 годзе.

«Мы аказваем тэхнічную дапамогу незалежным СМІ і грамадзянскай супольнасці. Мы дапамагаем беларускім дэмакратычным сілам, каб яны маглі падтрымліваць сувязь з беларускім народам унутры і за межамі Беларусі. Я б сказаў, што ў многіх аспектах нашая праца пашыраецца, мы надаем вялікую ўвагу ўмацаванню нашай прысутнасці», – зазначае Сімакоўскі.

У бліжэйшы час спецыяльны офіс USAID будзе адкрыты ў Літве, распавёў прадстаўнік арганізацыі.

«Мы будзем працаваць з беларусамі, якія знаходзяцца ў Літве, а таксама падтрымліваць беларусаў па ўсім рэгіёне, даючы ім магчымасць захаваць сваю моц, грамадзянскую супольнасць, незалежныя СМІ. Мы таксама працуем з беларускімі арганізацыямі прыватнага сектару, якія знаходзяцца за межамі Беларусі. І, як я ўжо казаў, аказваем тэхнічную дапамогу тым, хто імкнецца да пераменаў у Беларусі», – кажа Марк Сімакоўскі.

Прадстаўнік USAID удзельнічаў у дыскусіях падчас дыялогу, прысвечаных стварэнню працоўных групаў па ўзмацненні ўзаемадзеяння з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, з незалежнымі СМІ, з прыватным сектарам, з грамадзянскай супольнасцю.

«Так, рэсурсы – гэта заўсёды праблема, але мне было вельмі прыемна бачыць, што нягледзячы на гэта, ЗША дэманструюць жаданне павялічыць сваю дапамогу дэмакратычным сілам Беларусі. І мы працягнем знаходзіць рэсурсы ў супрацы з Кангрэсам, каб пашырыць тую працу, якую мы робім, – зазначае Сімакоўскі. – <…>. У цэнтры нашых намаганняў – забеспячэнне сувязі паміж беларусамі за межамі Беларусі і тымі, хто, а гэтая большасць насельніцтва, застаецца ўнутры краіны і хоча разумець, што адбываецца, хоча мець доступ да свабодных СМІ. Абсалютна ўсе нашыя намаганні накіраваныя на падтрыманне гэтай сувязі і падтрымку партнёраў, якія маюць такія магчымасці, асабліва незалежных СМІ і групаў грамадзянскай супольнасці, накіраваных на працу ўнутры Беларусі».

«Беларускі народ мусіць працаваць з тымі, хто падтрымае Беларусь на шляху да незалежнасці»

Прадстаўнік USAID зазначыў, што важнае прызнанне таго, што Беларусь – самабытная дзяржава са сваёй мовай і ідэнтычнасцю, адрознымі ад Расеі. Таму арганізацыя падтрымлівае беларускую мову і беларускія культурныя праграмы.

Марк Сімакоўскі выказаўся наконт імавернай супрацы беларускіх апазіцыйных сілаў і медыяў і расейскіх, таксама дэмакратычна накіраваных:

«У канчатковым выніку самі беларусы, самі беларускія журналісты павінны вырашаць, ці працаваць ім з калегамі з Расеі ці з калегамі з Украіны. Я сапраўды думаю, што пагроза і аб’яднаўчы элемент ва ўсім гэтым – гэта расейская агрэсія, якая, па сутнасці, абʼяднала народы Украіны, Беларусі і многіх людзей у Расеі. Жорсткі рэжым, які выкарыстоўваў Беларусь у якасці пляцоўкі для ўварвання ў суверэнную і незалежную краіну, спрабуе фундаментальна падарваць незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі і пераканаць беларусаў падтрымаць гэтую вайну. А я ведаю, што большасць беларусаў гэтага не падтрымлівае. Я лічу, што гэта трэба выкарыстоўваць, а беларускі народ і беларускія СМІ павінны працаваць з тымі, хто, на іх думку, можа падтрымаць беларускую ідэнтычнасць і Беларусь на шляху да незалежнасці».

Стратэгічны дыялог беларускіх дэмакратычных сілаў і ЗША. Вашынгтон, 7 снежня 2023 года.
Фота: tsikhanouskaya/Telegram

Паводле прадстаўніка USAID, мы жывем у неверагодны гістарычны час. Расейская ваенная агрэсія супраць Украіны спарадзіла неверагодную жорсткасць і спусташэнні не толькі ва Украіне, але і ва ўсім рэгіёне. Але разам з тым з’явіліся магчымасці.

«ЗША, нашыя еўрапейскія саюзнікі, нашыя больш за 50 партнёраў, якія падтрымліваюць Украіну ў яе барацьбе за свабоду, вельмі выразна дэманструюць сваю зацікаўленасць і ўцягнутасць у падтрымку свабоды і дэмакратыі ва Усходняй Еўропе. І Беларусь ключавы кампанент тут. І ЗША вельмі падтрымліваюць беларускія дэмакратычныя сілы і беларускі народ у іх прасоўванні па шляху дасягнення свабоды і дэмакратыі. Калі я бываю ў Літве ці ў Польшчы, заўсёды сустракаю там беларусаў, якія вельмі ўпэўненыя ў будучыні сваёй краіны. Яны маюць патрэбу ў партнёрстве і падтрымцы ад ЗША і ад нашых еўрапейскіх партнёраў. І гэта нашая адказнасць і праца, таму што ў нашых інтарэсах падтрымліваць беларускі народ у той час, як ён імкнецца да свабоды і незалежнасці сваёй краіны», – рэзюмаваў Сімакоўскі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў