«Рабочы рух» апісаў схему калійных афшораў


Геаграфія фірмаў, звязаных з «Беларускай калійнай кампаніяй» і «Горадня Азотам», – ад Украіны да Швейцарыі, В’етнаму і Маўрыкію. «Рабочы рух» мяркуе, што праз гэтыя фірмы могуць абыходзіць санкцыі і несці прыбытак Лукашэнку.

Платформа «Рабочы рух» апублікавала схему фірмаў, так ці іначай звязаных з беларускім каліем. Пад санкцыі Злучаных Штатаў нядаўна трапіла кампанія «Агророзквіт» – украінская «дачка» «Беларуськалію». Але гэта аказалася толькі пачаткам схемы.

Паводле «Рабочага руху», схема такая.

Схема замежных кампаніяў, звязаных з сыравінай «Горадня Азот». Выява: rabochyruh / Telegram

«Агророзквітам» на 60 % валодае «Беларуская калійная кампанія» (далей – БКК), а на 40 % – англійскі «Agrofertrans Limited», якім валодае дырэктар «Агророзквіту» Аляксандр Скрыпка. Таксама «Agrofertrans Limited» мае «дачку» ў Брытаніі – «Fertilife Industry Limited», а тая мае «дачку» ў Беларусі – «Белаграферт».

Апошняй на 20 % валодае «Беларусьгандаль» Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, на 80 % – ангельцы «Fertilife Industry Limited». Дырэктар «Белаграферт» – нехта Іван Пятровіч Сідараў, поўны цёзка якога ў 2007–2014 гадах узначальваў «Лакафарбу» канцэрну «Белнафтахім», але трапіў пад крымінальную справу за «злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі» і знік з публічнага поля.

«Белаграферт» вырабляе грануляваны сульфат амонію, бярэ сыравіну ў «Горадня Азот» (які цяпер таксама пад санкцыямі), вырабляе 275 тысяч тонаў на год і збіраецца нарасціць магутнасці да 750 тысяч тонаў. «Рабочы рух» цікавіцца, чаму «Горадня Азот» забяспечвае замежнікаў сыравінай у такіх аб’ёмах, а не наладзіць уласную вытворчасць у «змешванні».

Расследaванні
«Дзеткі-цукеркі» і Віктар Шэйман. Як працуюць схемы беларускай кантрабанды
2021.03.19 14:00

Да 2018 года асноўным уладальнікам англійскай «Fertilife Industry Limited» была зарэгістраваная на востраве Маўрыкій кампанія «AGFT Industrial». На тым жа адрасе на Маўрыкіі зарэгістраваная кіроўная кампанія англійскай «Fertilife Industry Limited» – «Fertilife Holding Ltd».

На тым жа Маўрыкіі зарэгістраваная кампанія «AGFT HANDEL SA», якая да 2018 года была асноўным уладальнікам «Agrofertrans Limited», але пасля сышла з ліку бенефіцыяраў. У 2019 годзе кіроўнай кампаніяй англійскага «Agrofertrans Limited» Аляксандр Скрыпка пазначыў ужо маўрыкійскі «Fertilife Holding Ltd».

Адрасы «AGFT Industrial», «AGFT HANDEL SA» і «Fertilife Holding Ltd» супадаюць з адрасам «AAMIL Global Financial» на Маўрыкіі, гэтая кампанія таксама мае офіс у Швейцарыі. «Рабочы рух» лічыць, што афшоры рэгістравалі праз «AAMIL».

«Agrofertrans Limited» адкрыла таксама польскую «Fertilife Biotech sp. z.o.o», якой кіруе Марыя Мондэль-Ватрак – фінансавая дырэктарка «Аграферттрансу».

«Мы не здзівімся, калі вырабленыя ААТ «Горадня Азот» угнаенні, заехаўшы праз Украіну, будуць прадавацца ў Еўропе пад выглядам польскіх, вырабленых з «украінскай» сыравіны спосабам дадатку 0,001 % якога-небудзь пестыцыду ўласнай распрацоўкі», – піша «Рабочы рух».

Аляксандр Скрыпка таксама валодае кампаніяй «Сарагро Україна»: мае 40 % акцыяў, а яшчэ 60 % належаць «Agrofertrans Limited». Кампанія была эксклюзіўным пастаўніком ва Украіну прадукцыі «Белаграферту» (з сыравіны «Горадня Азоту»). Скрыпка мае шэраг іншых кампаніяў, зарэгістраваных ва Украіне.

«Agrofertrans Limited» таксама валодае 100 % акцыяў зарэгістраванай у В’етнаме «Agrofertrans Vietnam LLC» і 100 % зарэгістраванай Нідэрландах «Fertilife Benelux BV» і 78 % «Sunfert LTD» з Бангладэшу, ёй таксама «цалкам падкантрольная» кампанія «Sunfert SA» з Швейцарыі.

Аляксандр Скрыпка ў 2018 годзе наведваў В’етнам разам з генеральнай дырэктаркай БКК Аленай Кудравец. «Рабочы рух» не лічыць гэта выпадковым супадзеннем.

«Рабочы рух» перакананы, што Скрыпка «корміць рэжым Лукашэнкі і корміцца з ім за адным сталом», заклікае ўвесці санкцыі супраць усіх згаданых кампаніяў.

Hавiны
Беларускія ўлады чакаюць паратунку эканомікі ад БелАЭС, экспарту ў Кітай і Афрыку. Атрымаецца?
2021.12.07 02:06

АА belsat.eu

Стужка навінаў