Хваля каронавірусу ідзе на спад, але надалей больніцы перапоўненыя, шмат памерлых і катастрафічна не хапае лекараў


Пік чацвёртай хвалі каронавіруса Беларусь прайшла ў канцы кастрычніка, лічаць медыкі. Але нягледзячы на гэта, у лякарнях надалей цяжкія пацыенты, інфекцыя забірае жыцці людзей. Пры гэтым раптоўна ў краіне пачалася хваля захворванняў на сезонны грып.

Медык у масцы ад каронавіруса.
Фота: t.me/minzdravbelarus

Афіцыйна міністэрства аховы здароўя паведамляе, што колькасць новых інфікаваных каронавірусам ідзе на зніжэнне. За апошні дзень медыкі выявілі 1012 новых пацыентаў з COVID-19. Афіцыйныя лічбы міністэрства аховы здароўя медыкі і аналітыкі ставілі пад сумнеў, паколькі звесткі выглядалі заніжанымі. Але цяпер тэндэнцыю на змяншэнне колькасці інфікаваных каронавірусам пацвярджаюць «Белсату» самыя лекары.

«Паводле нашых звестак, пандэмія сціхае, але ж цяжкія пацыенты ўсё ж ёсць у больніцах. Гінуць, на жаль, таксама. Але ж пік хвалі мы прайшлі ў канцы кастрычніка», – распавялі «Белсату» лекары Telegram-каналу «Белые халаты».

Каронавірус надалей забірае жыцці беларусаў. Гэтак на працягу тыдня ад каронавірусу памерлі два вядомыя журналісты: Раман Якаўлеўскі і Генадзь Кеснер. Пры гэтым медыкі адзначаюць, што паводле асабістых назіранняў, меней хворых не становіцца. Чытачы «Белсату» таксама паведамляюць, што ў іх асяродку вельмі шмат інфікаваных.

«Так асабліва і не зразумела, ці змяншаецца хваля, але ў мяне ў краме за 1,5 месяца каля 15 асобаў перахварэлі», – распавёў «Белсату» жыхар Гомлю.

Hавiны
Памёр журналіст Раман Якаўлеўскі. Ён хварэў на COVID-19
2021.11.27 19:17

Таксама беларусы кажуць, што патрапіць у больніцу застаецца даволі складана. Надалей вольных ложкаў бракуе, аддзяленні перапоўненыя хворымі, а да гэтага востра не хапае лекараў.

«Маці жыве ў Гомлі. Хварэе на COVID-19 ужо месяц. Трэба сказаць, зрабілі тэст адразу ж, калі звярнулася ў лякарню. Вынік станоўчы. Правялі курс антыбіётыкаў. Паляпшэнняў няма. Слабасць, болі ў грудной клетцы, павышаная тэмпература. У лякарню сама лекар класціся не раіла, толькі ў крайнім выпадку. З паліклінікі тэлефануюць цікавяцца самаадчуваннем кожны дзень. Цяпер лекар параіла народныя сродкі і вітаміны», – распавядаюць чытачы «Белсату».

Hавiны
Каронавірус надалей забівае беларусаў, хоць чацвёртая хваля ідзе на спад
2021.11.25 09:50

На змену COVID прыйшоў грып

Заклапочанасць у медыкаў цяпер выклікае і тое, што на змену COVID-19 прыйшоў сезонны грып. Інфекцыя закранае дзяцей і падлеткаў. Менавіта праз гэта дзіцячыя паліклінікі перагружаныя, тэрапеўты і педыятры не паспяваюць да ўсіх пацыентаў на выклікі дадому.

«У мяне сын захварэў, паднялася тэмпература, вырашыў выклікаць на дом лекара. Але на працягу дня медыкі так і не завіталі. Прыйшлося самому набываць лекі, у тым ліку прасіць у аптэцы антыбіётыкі. На наступны дзень ізноў спрабаваў датэлефанавацца і выклікаць педыятра. Але ізноў без выніку. У больніцы кажуць, што проста няма лекараў, не хапае персаналу, каб адрэагаваць на такую колькасць зваротаў», – распавёў нашаму тэлеканалу жыхар Менску.

Чытачы «Белсату» паведамляюць, што ў сталічных школах і садках часта адсутнічае амаль палова класаў праз захворванне на грып. Але нягледзячы на гэта, каранцінных захадаў так і не ўводзяць. І гэта пры тым, што грып даволі сур’ёзнае захворванне, якое можа выклікаць цяжкія ўскладненні, а ў некаторых выпадках можа прывесці і да смерці.

Медыкі Telegram-каналу «Белые халаты» паведамляюць, што дзеці скардзяцца на вельмі высокую тэмпературу, якая падымаецца нават вышэй за 38 градусаў, кашаль, боль у горле, можа з’явіцца млоснасць, ванітаванне, дыярэя.

Прычынай для рэзкага росту колькасці хворых на грып стала тое, што сёлета беларусы фактычна прапусцілі сезонныя прышчэпкі супраць гэтай інфекцыі, а таксама адмена масачнага рэжыму.

Hавiны
Трапляюць у шпіталі з цяжкімі сімптомамі. З якога ўзросту можна вакцыянаваць дзяцей ад каронавіруса?
2021.11.29 07:40

АЯ belsat.eu

Стужка навінаў