Менска-Магілёўская архідыяцэзія вядзе дыялог з уладамі ў справе касцёлу Святых Сымона і Алены


Курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі выступіла з афіцыйным паведамленнем адносна сітуацыі з касцёлам Святога Сымона і Святой Алены ў сталіцы Беларусі. Цяпер шукаюць магчымасцяў для аднаўлення жыцця парафіі, паведамляе Catholic.by.

Чырвоны касцёл у Менску.
Фота: Mihail Gut, Новости Шумилино / Вконтакте

Пасля пажару ў касцёле Святых Сымона і Алены ў Менску 26 верасня камісія ў надзвычайных сітуацыях пры адміністрацыі Маскоўскага раёну сталіцы забараніла эксплуатацыю будынку. У сувязі з гэтым дзейнасць парафіі значна ўскладнілася.

«Касцёльны камітэт парафіі намагаецца весці канструктыўны дыялог з КУП «Менская спадчына», якая ёсць уласнікам комплексу будынкаў Чырвонага касцёлу (святыня і плябанія) на правах гаспадарчага вядзення, для хутчэйшай ліквідацыі наступстваў узгарання. Шукаюць альтэрнатыўных магчымасцяў для ўзнаўлення дзейнасці парафіяльнай супольнасці ў існых умовах.

Спадзяемся на плённую супрацу з дзяржаўнымі структурамі рознага ўзроўню. Верым у тое, што святыня, якая была пабудаваная вернікамі Каталіцкага Касцёлу, і надалей будзе служыць вернікам. Спадзяемся, што ў найбліжэйшы час адновіцца жыццё парафіі», – гаворыцца ў паведамленні курыі.

Раніцай 6 кастрычніка тэлеграм-канал «Хрысціянская візія» паведаміў, што ўлады скасоўваюць дамову з каталіцкай парафіяй Святых Сымона і Алены аб бязвыплатным карыстанні Чырвоным касцёлам. Касцёл Святых Сымона і Алены ў Менску, больш вядомы як Чырвоны касцёл, месціцца на плошчы Незалежнасці побач з Домам ураду, гэта адзін з сімвалаў сталіцы Беларусі.

Гісторыі
Чырвоны касцёл: як зачынялі раней і як забівалі яго святароў
2022.10.06 17:50

Алена Аляксандрава belsat.eu

 

Стужка навінаў