Палітвязня Сяргея Франчука судзілі яшчэ раз – дадалі паўгода калоніі


Суд Бабруйскага раёну і гораду Бабруйску вынес прысуд палітвязню Сяргею Франчуку – стрыечнаму брату прадстаўніка палка Кастуся Каліноўскага Вадзіма Кабанчука. Гэтым разам Франчука судзілі за абразу Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК). Вырак – 6 месяцаў калоніі, паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна». 

Сяргей Франчук. Крыніца: spring96.org

Прысуд Сяргею Франчуку агучыла так званая суддзя Вольга Серакова.

Гэта ўжо другі прысуд, вынесены Франчуку. Першы – тры гады калоніі агульнага рэжыму, быў вынесены 27 красавіка 2023 года Менскім гарадскім судом (суддзя Яўген Пісарэвіч). Тады Сяргея Франчука прызналі вінаватым па трох крымінальных артыкулах, у тым ліку – за «распальванне варожасці» (арт. 130 КК).

Такім чынам, Сяргей Франчук асуджаны ўжо на тры з паловай гады калоніі. Ён быў затрыманы 9 жніўня 2022 года.

Праваабаронцы паведамляюць, што другі суд над палітвязнем распачаўся яшчэ ў траўні, але ў працэсе абвяшчалі перапынак да моманту разбору ягонай апеляцыі на папярэдні прысуд. Касацыйная скарга Сяргея Франчука засталася без задавальнення.

Сяргей Франчук – стрыечны брат прадстаўніка палка імя Кастуся Каліноўскага Вадзіма Кабанчука.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», на 7 ліпеня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1493 чалавекі. Ініцыятыва «Dissidentby» лічыць, што ў краіне 1747 палітвязняў. З 2020 года ў Беларусі было заведзена больш за  12 000 крымінальных справаў за пратэсты.

Hавiны
За намер уступіць у полк Каліноўскага беларус атрымаў 2 гады калоніі
2023.07.04 18:30

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў