Колькасць загінулых у выніку ракетнага ўдару па Львове вырасла да 10 чалавек


У ноч на 6 ліпеня расейскія войскі нанеслі ракетныя ўдары па Львове, у выніку якіх загінулі 10 чалавек, паведамляе мэр гораду. Цела аднаго чалавека знайшлі ўначы, а яшчэ аднаго – сёння раніцай.

Вынікі абстрэлу Львова ў ноч на 6 ліпеня 2023 года.
Фота: patrolpolice_ua / Telegram

«Львоў. Колькасць загінулых у выніку расейскіх ракетных абстрэлаў узрасла да 9 чалавек, 42 асобы атрымалі раненні», – паведамляе МУС Украіны.

Пазней пад заваламі было знойдзенае цела жанчыны, 10-й загінулай асобы, паведаміў мэр Львова Андрэй Садавы. Пасля знаходжання цела пошукава-выратавальныя работы на месцы трапляння ракетаў прыпыненыя. Таксама Садавы заявіў, што гэта «найбуйнейшая атака на грамадзянскую інфраструктуру Львова з пачатку поўнамаштабнага ўварвання».

Сярод пацярпелых трое дзяцей.

У Генштабе ЗСУ дадалі, што па Львове 6 ліпеня ўдарылі тры расейскія ракеты «Калібр». Пашкоджаныя і разбураныя больш за 35 дамоў, больш за 250 кватэраў, 10 інтэрнатаў, дом дзіцяці, дзве вышэйшыя навучальныя ўстановы і іншая цывільная інфраструктура.

Украінскім сілам СПА ўдалося знішчыць сем з дзесяці «Калібраў», астатнія тры трапілі ў цывільныя аб’екты ў Львове, гаворыцца ў паведамленні камандавання.

Hавiны
Расейцы нанеслі ракетны ўдар па Львове. Ёсць загінулыя
2023.07.06 08:40

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў