Прэм’ера Вялікай Брытаніі ва Украіне называлі на ўкраінскі манер «Джансанюк» – не толькі з-за таго, што ў інстаграме ён падпісаны як @borisjohnsonuk (UK – Аб’яднанае Каралеўства), але і з-за таго, што ён быў адным з галоўных саюзнікаў украінцаў у вайне з Расеяй. Глядзім, што будзе цяпер.
Прэм’ер-міністр Борыс Джонсан не раз трапляў пад хвалю крытыкі за тры гады на пасадзе. Гэта звычайная справа для дэмакратычных краінаў падчас крызісаў, а Вялікая Брытанія на дадатак да пандэміі разбіралася з наступствамі выхаду з Еўразвязу. Але два скандалы найбольш паўплывалі на ягоны імідж.
Адзін скандал быў звязаны з тым, што ў час жорсткіх каронавірусных абмежаванняў у рэзідэнцыях прэм’ера праходзілі «пятніцы з віном»: нефармальныя вечарыны са спажываннем алкаголю і невыкананнем антыковідных захадаў, уведзеных урадам. Джонсан казаў парламенту, што не ведаў, што тое былі вечарыны, але знайшліся здымкі яго на гэтых «нарадах» з кілішкам у руках у атачэнні вялікай колькасці людзей.
Праз гэты скандал у Кансерватыўнай партыі месяц таму адбылася галасаванне аб даверы Джонсану як свайму лідару. 59 % прагаласавалі ў падтрымку Джонсана – ён застаўся на пасадзе. Пры тым ягоная папярэдніца Тэрэза Мэй таксама перанесла падобную «перамогу» (але з лепшым вынікам) і таксама заставалася на пасадзе (нават долей – паўгода).
Але другі скандал «дабіў» імідж Джонсана. Былога намесніка кіраўніка ўраду Джонсана і адказнага за дысцыпліну партыі Крыса Пінчара зноў абвінавацілі ў сексуальных дамаганнях да мужчынаў на закрытай вечарыне – прэм’еру давялося выбачацца за прызначэнне і казаць, што ён «не памятае» пра ранейшыя абвінавачванні адносна Пінчара, а з ягонага ўраду за 5-7 ліпеня пайшлі ў адстаўку каля траціны міністраў і сакратароў міністраў. Пратэставаў нават жартаўлівы (але папулярны) твітар ката Лары – галоўнага мышалова Даўнінг-стрыт, 10. Днём 7 ліпеня Джонсан анансаваў свой сыход з пасады прэм’ера.
Ды Джонсан сыходзіць не адразу – працягне выконваць функцыі прэм’ера да абрання новага ўраду. Выбары павінны прайсці ўвосень, але Джонсана ўжо падганяюць. Наступныя парламенцкія выбары, на якіх Кансерватыўная партыя тэарэтычна могуць страціць бальшыню, запланаваныя аж на 2025 год, так што ў бліжэйшы час, калі не здарыцца нешта надзвычайнае, наступны прэм’ер таксама будзе з кансерватараў.
Да восені сітуацыя яшчэ можа моцна змяніцца, але пакуль расклад, згодна апытанням чальцоў Кансерватыўнай партыі, такі:
Выглядае, што ў Крамлі цешацца : сыходзіць з пасады адзін з найвялікшых саюзнікаў Украіны. За Джонсанам Брытанія падтрымлівала Украіну ў вайне і словамі, і грашыма, і зброяй, і санкцыямі супраць Расеі і Беларусі. У той жа час лідараў іншых буйных еўрапейскіх дзяржаваў крытыкавалі за малую дапамогу Украіне і недастаткова жорсткую пазіцыю супраць Крамля. Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна нават заявіў з нагоды адстаўкі Джонсана, што «хацеў бы спадзявацца, што калі-небудзь у Вялікай Брытаніі прыйдуць больш прафесійныя людзі». Але цешацца, відаць, рана.
Жорсткую пазіцыю адносна Расеі займаюць што Ўоліс, што Трас, што іншыя папулярныя кандыдаты ў наступнікі Джонсана. Не толькі Джонсан сёлета наведваў Украіну: Трас была ў Кіеве за тыдзень да пачатку вайны, а Ўоліс прыязджаў туды месяц таму – размаўляў як з калегам, міністрам абароны Украіны, так і з прэзідэнтам Украіны. І нават галоўныя супернікі кансерватараў, лейбарысты выступаюць у падтрымку Украіны.
Джонсан абяцаў Украіне падтрымку нават пасля ягонай адстаўкі. Уладзімір Зяленскі выказаў упэўненасць: адстаўка Джонсана не паўплывае на палітыку Брытаніі адносна расейска-ўкраінскай вайны. Вечарам 7 ліпеня Джонсан і Зяленскі паразмаўлялі па тэлефоне – Джонсан назваў Зяленскага героем і дадаў, што «вас усе любяць».
Адзінае, што можа дапамагчы Пуціну, гэта тое, што палітычны крызіс у Вялікай Брытаніі можа замарудзіць пастаўкі зброі ва Украіну – але няма прыкметаў таго, што Аб’яднанае Каралеўства зменіць пазіцыю адносна вайны. Тым часам Злучаныя Штаты спадзяюцца на працяг цеснай кааперацыі з Брытаніяй нягледзячы на адстаўку Джонсана, а еўрапейскія палітыкі чакаюць толькі паляпшэння стасункаў.
Алесь Наваборскі belsat.eu