news
Гісторыі
Кніга-бестселер пра бел-чырвона-белы сцяг
«Белсат» выбраў некалькі фактаў з кнігі, якая мае ўсе шанцы стаць бестселерам.
07.04.202410:53

Кніга «Бел-чырвона-белы. Сцяг. Нацыя. Ідэнтычнасць» выйшла за некалькі дзён да канца сакавіка і адразу ўзначаліла топ продажаў за месяц выдавецтва «Кнігаўка». Кніга пра тое, што «наш нацыянальны сцяг мае багатую, драматычную, часам складаную, але і вельмі цікавую гісторыю». «Белсат» выбраў некалькі фактаў з кнігі, якая мае ўсе шанцы стаць бестселерам.

Вокладка кнігі «Бел-чырвона-белы. Сцяг. Нацыя. Ідэнтычнасць».
Крыніца: knihauka.com

Прозвішчы аўтараў выдання не называюцца, за выключэннем аднаго

Ідэя кнігі ўзнікла яшчэ ў 2020 годзе, калі бел-чырвона-белы сцяг стаў масава выкарыстоўвацца ўдзельнікамі пратэстаў супраць сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў. Пры гэтым прозвішчы аўтараў выдання не называюцца, за выключэннем гісторыка Уладзіміра Ляхоўскага (1964–2021), «які не толькі дасканала, на аснове архіўных крыніц, ведаў гісторыю сцяга, але і не баяўся дзяліцца гэтымі ведамі з грамадствам».

Кніга з дзевяці раздзелаў, напісана ў жанры нон-фікшн мае больш чым 300 старонак тэксту пры 128 каляровых выявах. Асобна ў дадатку прадстаўлены гістарычныя даведкі Інстытута гісторыі НАН Беларусі за 2008 і 2020 гады, у якіх абгрунтоўваецца, што публічная дэманстрацыя сцяга ніякае не парушэнне закону, а «сведчыць пра гонар за свой народ, пра адданасць нацыянальным традыцыям і каштоўнасцям, пра патрыятызм і падтрымку незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь».

Медаль «Сцяг Пераможцаў». Фота перададзена «Белсату»

Белы і чырвоны – традыцыйныя колеры беларусаў

Белы і чырвоны сталі дамінуючымі ў нашай культуры з прыняццем хрысціянства і замацаваліся на сцягах спачатку Полацкай дзяржавы (аб чым сведчыць «Слова аб палку Ігаравым»), а затым і Вялікага княства Літоўскага, сімвалам якога стала «Пагоня» – срэбны (белы) вершнік на чырвонай плахце.

Аўтары кнігі сцвярджаюць: «Паласатыя» (бел-чырвона-белыя) камбінацыі з паступовым дамінаваннем белага колеру сталі асноўнымі ў матэрыяльнай культуры Беларусі ў XVII – XVIII стагоддзях і ўвасобіліся ў пашырэнні бел-чырвона-белых стужак у літургічным адзенні праваслаўных і ўніяцкіх іерархаў у Беларусі, дзе «бел-чырвона-белая стужка азначала кроў Ісуса Хрыста, пралітую дзеля збаўлення бязвінных («чыстых») душ грэшнікаў». Менавіта гэтае спалучэнне (трохпалоснае БЧБ, а таксама сяміпалоснае) выкарыстоўвалі, напрыклад войскі ВКЛ пад кіраўніцтвам Стэфана Баторыя.

Сцяг беларускіх партызан з-пад Сушы (1654). Рэканструкцыя Віктара Ляхара.
Крыніца: «Бел-чырвона-белы. Сцяг. Нацыя. Ідэнтычнасць»

Сцяг створаны па ўсіх правілах геральдыкі і звязаны з саманазвай «беларусы»

Дамінаванне белага ў спалучэнні з чырвоным звязана з пашырэннем тэрміна «Белая Русь» на нашы этнічныя землі і паступовым замацаваннем за беларускамоўнымі «русінамі» і «літвінамі» ВКЛ саманазвы «беларусы». Да таго ж менавіта гэтае спалучэнне вынікала з геральдычнага прынцыпу раскладу галоўных колеру і металу дзяржаўнага герба Вялікага княства Літоўскага «Пагоня», які пасля Люблінскай уніі 1569 г. замацаваўся пераважна за беларускімі ваяводствамі Рэчы Паспалітай.

Менавіта геральдычныя і вексілалагічная спадчына ВКЛ, а таксама галоўныя прынцыпы сцягатварэння былі выкарыстаны лідарамі беларускага нацыянальнага руху для распрацоўкі бел-чырвона-белага сцяга падчас падрыхтоўкі і абвяшчэння незалежнасці Беларускай Дзяржавы ў пачатку ХХ ст., дзе дамінаванне «белага» падкрэслівала саманазву «Беларусы».

Сцяг атрымаў прызнанне ў прыхільнікаў незалежнасці Беларусі ў 1917 годзе

Бел-чырвона-белы сцяг у якасці беларускага нацыянальнага прапанаваў архітэктар Клаўдыюш Дуж-Душэўскі як геральдычны адпаведнік нашаму гербу «Пагоня». Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў Расеі яго спачатку пачалі актыўна выкарыстоўваць беларускія студэнты, а з ліпеня 1917 года яго галоўнымі папулярызатарамі сталі беларускія вайскоўцы, якія мацавалі бчб-стужкі на свае мундзіры, каб вылучацца ад прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў у складзе арміі Расеі. 5 жніўня 1917 года першая сесія Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый у Менску замацавала нашэнне пятлічнай стужкі ці банта БЧБ у якасці абавязковага для вайскоўцаў беларускага паходжання.

Агляд
«Зброя ў руцэ – мір у сэрцы»: гісторыя сапраўдных Герба і Сцяга Беларусі
2023.05.15 18:43

Сцяг стаў успрымацца як нацыянальны дзякуючы Усебеларускаму з’езду, разагнанаму бальшавікамі

У снежні 1917 года дэлегаты ад вайскоўцаў на Усебеларускім сходзе, які сабраў больш 1,8 тысячы дэлегатаў прывезлі з сабою бел-чырвона-белы сцяг і ўнеслі ў залю сённяшняга Купалаўскага тэатру ў Менску. Прадстаўнік бальшавікоў латыш Людвік Рэзаўскі паспрабаваў запярэчыць гэтаму і ашальмаваць сцяг, назваўшы яго «нацыянальнай анучай». Аднак пасля такога прысутны ў залі генерал-лейтэнант расейскай арміі, беларус Канстанцін Аляксееўскі на вачах поўнай залі дэпутатаў падышоў да Сцяга, апусціўся на калена ў знак пашаны да штандара і пацалаваў край палотнішча пад гучныя ўсплёскі прысутных. Пасля гэтага іншыя праекты адпалі. 8 мая 1918 года бел-чырвона-белы сцяг быў зацверджаны ў якасці дзяржаўнага Беларускай Народнай Рэспублікі, што было замацавана 5 жніўня.

БЧБ сцяг актыўна выкарыстоўваўся як адзнака адметнасці баявых адзінак з ліку беларускіх жаўнераў, якія змагаліся за незалежнасць Польшчы, Літвы і Украіны.

«Урачыстая прысяга вайскоўцаў на вернасць Украінскай Народнай Рэспубліцы», дзе ў беларускіх жаўнераў маецца бел-чырвона-белы Сцяг. 14 кастрычніка 1919 года.
Крыніца: «Бел-чырвона-белы. Сцяг. Нацыя. Ідэнтычнасць»

Стваральнік праекту сцяга – сумленны беларус, прыхільнік збліжэння з літоўцамі, «выратавальнік габрэяў»

Постаць аўтара праекту бел-чырвона-белага Сцяга стала вядомай толькі на пачатку 1990-х. Гэта быў ураджэнец Глыбокага Клаўдыюш Дуж-Душэўскі (1891-1959), прадзед якога загінуў у паўстанні 1831 года, дзед быў павешаны за ўдзел у паўстанні 1863-1864 гадоў, а бацькі лічылі сябе «беларусамі польскай культуры». Сам жа ён аднолькава крытыкаваў за стаўленне да беларусаў як палякаў, так і бальшавікоў. Адзін з дзеячаў БНР, які дапамог перацягнуць на наш бок генерала Станіслава Булак-Балаховіча, лідар беларускай дыяспары ў Літве міжваеннага часу, архітэктар, які шмат чаго пабудаваў у Коўне. Ён тройчы арыштоўваўся бальшавікамі як «беларускі нацыяналіст», зведаў на сабе ГУЛАГ.

Гісторыі
Клаўдзій Дуж-Душэўскі – чалавек, які ўмеў здзіўляць
2021.04.08 19:41

Рэжым Лукашэнкі называе бел-чырвона-белы сцяг «нацысцкай сімволікай» у той час як сам Дуж-Душэўскі адмовіўся ад супрацы з акупацыйнымі ўладамі ў Беларусі, а за дапамогу габрэям у час другой сусветнай вайны трапіў у канцлагер. Клаўдыюш Дуж-Душэўскі не толькі разам з жонкай Аленай хаваў габрэяў, але і ўдачарыў адну з габрэйскіх дзяўчатак – Марыну Ландаў (па мужу – Расіцкене). Уключаны ў лік «выратавальнікаў габрэяў».

Пахаваны на Петрашунскіх могілках у Коўне. Помнік Клаўдыюшу Дуж-Душэўскаму быў адноўлены ў 2023 годзе.

Клаўдыюш Дуж-Душэўскі (у цэнтры) з сям’ёю, жонкай Аленай, сынам Сцяпанам, дачкой Марынай і яе мужам.
Крыніца: «Бел-чырвона-белы. Сцяг. Нацыя. Ідэнтычнасць»

У міжваеннай Польшчы за БЧБ маглі пасадзіць, а ў БССР ён ледзь не з’явіўся на гербе краіны

Сцяг як нацыянальны сімвал устойліва замацаваўся на тэрыторыі Беларусі і па-за яе межамі, куды раскідала беларусаў Першая сусветнай вайна і рэвалюцыйныя падзеі ў Расеі. Пры гэтым у Заходняй Беларусі бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня» сталі сімваламі беларускіх партызанаў, якія змагаліся супраць польскіх уладаў, у выніку ён ледзь не быў адобраны ў якасці аднаго з элементаў дзяржаўнага гербу БССР у 1927 годзе. Але пасля згортвання палітыкі «беларусізацыі» і пачатку рэпрэсіяў нацыянальнай інтэлігенцыі пры Сталіне ўсё змянілася. У 1930 годзе ў БССР выйшаў кніг «У агні народжаная», дзе сцяг быў паказаны як сімвал «класавых ворагаў» Савецкага Саюзу. Пры гэтым у той жа час у Заходняй Беларусі яго шанавалі як БХД на чале з ксяндзём Адамам Станкевічам, так і камуністы. Нездарма ў 1930 годзе паэт-камуніст Максім Танк у вершы «Ты чуеш, брат…» пісаў:

«Глядзіце ў будучыню смела!

Настаў доўгачаканы час,

Пад сцягам бел-чырвона-белым

Чакае перамога нас».

Вучні Радашковіцкай беларускай школы. На Сцягу
надпіс: «Сілай і працай усё пераможам!» (1929) Крыніца: «Бел-чырвона-белы. Сцяг. Нацыя. Ідэнтычнасць»

Беларуская нацыянальная сімволіка дэ-юрэ не была прызнаная нацысцкім рэжымам

Каб канчаткова паставіць кропку наконт фальсіфікацыяў рэжыму Лукашэнкі па тэме нацыянальнай сімволікі ў гады другой сусветнай вайны, у кнізе змешчаныя 24 дакументы на гэты конт, сабраныя гісторыкам Уладзімірам Ляхоўскім.

Польскі даследчык Ежы Гжыбоўскі, які займаўся гэтай тэмай, зазначыў: «Беларуская нацыянальная сімволіка ніколі не была зацверджана акупантамі ў якасці сімвалаў нават асобна ўзятай тэрытарыяльна-адміністрацыйнай адзінкі (напрыклад, Генеральнай акругі Беларусь). Яна лічылася ні больш чым распазнавальным знакам беларускіх арганізацый…. Нацысты не стварылі беларускай сімволікі, яна існавала задоўга да іх. Ініцыятыва яе выкарыстання зыходзіла не ад акупантаў, а ад беларускага актыву, які любым коштам фарсіраваў з’яўленне нацыянальных атрыбутаў грамадскай прасторы. Беларускі актыў намагаўся такім чынам хоць сімвалічна прадэманстраваць сваю «самастойнасць».

Прысутнасць гэтых сімвалаў падчас акупацыі толькі пацвярджае факт, што да пачатку Другой сусветнай вайны ў Беларусі не існавала іншай нацыянальна-дзяржаўніцкай геральдычнай і вексілалагічнай традыцыі, здольнай прэтэндаваць на статус агульнанацыянальнай».

БЧБ ніколі не ўжываўся падчас карных аперацыяў на тэрыторыі Беларусі

БЧБ не прызнаваўся акупацыйнымі нямецкімі ўладамі ў якасці дзяржаўнага сімвалу, аднак ён ужываўся ў якасці нашывак для такіх арганізацыяў як «Беларускі саюз моладзі». У 1991 годзе напярэдадні зацвярджэння сцяга ў якасці дзяржаўнага гісторык Міхась Ткачоў правёў вялікую працу, апытаўшы жыхароў і партызан, якія жылі ў розных рэгіёнах Беларусі, пра выкарыстанне калабарантамі нацыянальнай сімволікі. Выявілася, што ні на тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь, ні ў тых частках Беларусі, якія былі ўключаны ў склад Рэйха, зоны тылу групы армій «Цэнтр» ці Рэйхскамісарыята Украіна паліцыя не ўжывала нарукаўных бел-чырвона-белых павязак. Былі апытаныя і аўтары кнігі «Я з вогненнай вёскі», якія таксама такіх фактаў не сустракалі.

У пасляваенны час – забарона на Сцяг у СССР, якую перарвала БНФ у 1988 годзе

Калі «Пагоня» яшчэ магла праскочыць праз цэнзуру, то ў адносінах БЧБ існавала поўная забарона. Яна была парушаная 10 кастрычніка 1988 года, калі ён быў выкарыстаны пры афармленні залі ў Доме кіно, дзе быў утвораны аргкамітэт па стварэнню БНФ. Пасля гэтага дзяржаўныя газеты замест таго, каб «не заўважыць» гэтую падзею, распачалі агітацыю, што сцяг – «фашысцкі», а «Пагоня» – гэта чыста літоўскі герб, які да Беларусі не мае ніякага. Пасля гэтага сцяг з’явіўся на шматтысячным шэсці ў Курапаты 30 кастрычніка 1988 года і шматтысячным мітынгу БНФ на стадыёне «Дынама» 19 лютага 1989 года.

Мітынг на стадыёне «Дынама», 19 лютага 1989 г. Выступае лідар БНФ Зянон Пазняк.
Крыніца: «Бел-чырвона-белы. Сцяг. Нацыя. Ідэнтычнасць»

7 чэрвеня 1989 года прайшоў круглы стол у АН БССР, падчас якога спецыяліст па геральдыцы Анатоль Цітоў заявіў: «Мне здаецца, праблема нацыянальнай сімволікі ў многім надуманая. Ці ёсць патрэба дыскутаваць, з’яўляецца ці не бел-чырвона-белы сцяг для беларусаў нацыянальным?.. Паколькі колеры класічнай «Пагоні» белы і чырвоны, – срэбны коннік на чырвоным полі, – то з гэтага спалучэння вынікае бел-чырвона-белы сцяг».

Цітоў рабіў выснову, што бел-чырвона-белы сцяг можна лічыць «запраграмаваным» у беларукую нацыянальную геральдычную традыцыю.

Чырвона-зялёны сцяг – гэта сцяг адміністрацыйнага рэжыму, а не незалежнай краіны

12 верасня 1991 года ў Вярхоўным Савеце быў заслуханы даклад аб дзяржаўнай сімволіцы, які агучыў прафесар Міхась Біч. Галоўныя яго тэзы:

  • «Нацыянальныя колеры беларускага народа – белы і чырвоны»;
  • «Герб і сцяг БССР, зацверджаны ў 1951 г., не адлюстроўваюць шматвяковую гераічную гісторыю і нацыянальныя колеры беларускага народа і сталі сімваламі адміністрацыйнага рэжыму».
Першая старонка газеты «Звязда» за 21 верасня 1991 года.
Крыніца: «Еўрарадыё»

12 верасня 1991 года была падпісана пастанова: «Зацвердзіць у якасці дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь герб з выявай «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг». А 19 верасня Вярхоўны Савет РБ прыняў Закон «Аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь». У гэты дзень народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін запісаў у сваім дзённіку: «Нарэшце наш так званы спартыязаваны, паралізаваны парламент прыняў Бел-Чырвона-Белы і Пагоню».

Барыс Булат belsat.eu