«Українська правда»: замена Залужнага адбудзецца на днях, усё будзе спакойна


Крыніцы выдання «Українська правда» сцвярджаюць, што галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны змірыўся з тым, што яму давядзецца пайсці з пасады.

Валерый Залужны.
Фота: CinCAFU / Telegram

«Замена адбудзецца днямі. Мякка, не гэтак, як усе сабе ўяўляюць. Усё будзе спакойна. Дый Залужны ўжо ўнутрана прыняў, што дакладна адыходзіць», – распавёў выданню высокапастаўлены прадстаўнік каманды Зяленскага.

Адзін з суразмоўцаў у Генеральным штабе ЗСУ заявіў, што Залужнаму «дакладна не патрэбна ніякіх мітынгаў ці беспарадкаў».

«Калі, крый Божа, нехта нешта пачне рабіць, то ён тут жа выйдзе з заклікамі, што «калі камусьці хочацца прадэманстраваць гераізм, то ідзіце на фронт», – кажа крыніца.

«Українська правда» паведамляе, што Зяленскі плануе прыбраць не толькі Залужнага, але і ўсю ягоную каманду, у тым ліку кіраўніка Генштабу Сяргея Шапталу.

Выданне зазначае, што ўлады ЗША непублічна далі зразумець, што ім не падабаецца пастанова Зяленскага наконт Залужнага, але ўмешвацца не сталі, бо гэта ўнутраная справа Украіны і прэзідэнт мае на яе права.

Паводле звестак УП, Залужны заявіў свайму найбліжэйшаму атачэнню, што ў выпадку адстаўкі збіраецца заняцца здароўем. А можа, распачне выкладчыцкую дзейнасць.

Нагадаем, канфлікт паміж Уладзімірам Зяленскім і Валерыем Залужным, які абмяркоўваецца ў публічнай прасторы ўжо некалькі месяцаў, дасягнуў кульмінацыі мінулым тыднем. Паводле медыяў, 29 студзеня прэзідэнт запрасіў генерала да сябе на Банкавую, дзе ў прысутнасці міністра абароны Рустэма Умерава паведаміў, што Залужнаму трэба пайсці з пасады.

Аднак адстаўкі ў той дзень не адбылося. Паводле адных крыніцаў, працэс затармазілі праз заўчасны выцек інфармацыі ў публічную прастору і нежаданне Залужнага самому падаць заяву на звальненне. Паводле іншых крыніцаў, працэс затармазіў той факт, што камандуючы Сухапутным войскам ЗСУ Аляксандр Сырскі і кіраўнік ГУР Мінабароны Кірыла Буданаў, якіх Зяленскі нібыта разглядаў як прэтэндэнтаў на пасаду галоўкама, адмовіліся заняць месца Залужнага.

Аналітыка
Што вядома пра магчымую адстаўку Залужнага і якія наступствы для Украіны гэта будзе мець
2024.02.01 18:43

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў