«Быў малады і бадзёры». Праваабаронца назваў прыкраю смерць паэта ў Лідскім РАУС


Журналіст і праваабаронца Сяржук Сыс сказаў «Белсату», што яго ўразіла смерць у Лідскім РАУС 37-гадовага паэта Дзмітрыя Сарокіна: «Не ведаю пра тое, што ў яго былі нейкія хранічныя хваробы, якія ўяўлялі небяспеку».

Паэт Дзмітрый Сарокін.
Фота: Дзмітрый Сарокін / «УКантакце»

Пакуль пра здарэнне ў Лідзе вядома няшмат. Мясцовага жыхара затрымалі ў пятніцу, а сёння праваабаронцы паведамілі, што ён памёр у РАУС.

«Малады і бадзёры, не ведаю пра тое, што ў яго былі нейкія хранічныя хваробы, якія ўяўлялі небяспеку», – заявіў «Белсату» журналіст і праваабаронца Сяржук Сыс.

Каментуючы гэтую гісторыю, Сыс згадаў сустрэчу з Дзмітрыем Сарокіным на паэтычным фестывалі:

«Ён вельмі арыгінальны паэт, экстравагантны, сучасны. У яго вельмі добрыя, смелыя радкі пра свабоду, пра вольнасць».

Суразмоўца адзначыў, што падрабязнасці здарэння хутка стануць вядомыя дзякуючы агалосцы ў медыях і сацсетках:

«На пахаванне паедуць тыя рэдкія людзі, якія яшчэ засталіся ў Беларусі, ведалі яго і з павагаю ставіліся да ягонай творчасці. Хаця не ўсім яна падабалася, ён смелы паэт, расейскамоўны, але тым не менш».

Hавiны
У Лідскім РАУС памёр 37-гадовы мясцовы жыхар
2023.06.05 12:55

Паведамленне пра смерць паэта ўразіла Сыса:

«Я звярнуўся да асобаў, якія маюць агульных знаёмых, аднак пакуль нічога не высветлілася, апроч таго, што ўвесну з ім нашыя сілавыя структуры ўжо запісвалі «пакаяннае» відэа, дзе ён прызнаваўся, што пакідаў негатыўныя допісы ў інтэрнэце. Ці звязаная ягоная смерць у РАУС з грамадскаю дзейнасцю, пакуль не ведаю».

Суразмоўца не схільны вінаваціць «крывавы рэжым» у тым, што адбылося:

«Не хацеў бы казаць, што гэта, маўляў, крывавы рэжым расправіўся. На жаль, такія гісторыі сустракаюцца: у СІЗА людзі паміраюць, у калоніях, таму многія і думаюць, што гэта звязанае таксама. Час пакажа, што было насамрэч».

Дзмітрыю Сарокіну было 37 гадоў. Пахаванне адбудзецца ў аўторак, 6 чэрвеня.

Hавiны
«Вінаватых не выяўлена». Завяршылася праверка па факце смерці палітвязня Клімовіча
2023.06.01 19:25

belsat.eu

Стужка навінаў