Латвія аб памерлым на мяжы: Беларускім памежнікам казалі, што на іх тэрыторыі чалавеку трэба дапамога


Памежная ахова Латвіі паведамляла беларускім пагранічнікам пра мігранта на беларускай тэрыторыю, якому была патрэбна дапамога. Але тыя адрэагавалі са спазненнем. Аб гэтым «Белсату» паведаміла прэсавая сакратарка латвійскага ведамства Крысціна Петерсоне.

Цела мігранта ля мяжы Беларусі з Латвіяй. 5 траўня 2023 года. Стоп-кадр з відэа з канала «Пограничный комитет Беларуси» / Telegram

Прэсавая сакратарка Памежнай аховы Латвіі Крысціна Петерсоне пракаментавала абвінавачанні ў тым, што цела мігранта нехта перамясціў на беларускую тэрыторыю з Латвіі.

«Мы адназначна абвяргаем, што нейкім чынам цела гэтага мужчыны перамяшчалі на беларускую тэрыторыю. Аднак, вёўшы назіранне за сітуацыяй вакол дзяржаўнай мяжы, мы бачылі на беларускай тэрыторыі чалавека, якому магчыма патрэбна дапамога. Аб гэтым мы апавясцілі беларускіх памежнікаў. Але іх рэакцыя была некалькі запозненай», — сказала Крысціне Петерсоне.

Пры гэтым, прадстаўніца латвійскай памежнай аховы не выключае, што пры жыцці гэты мігрант мог спрабаваць патрапіць на тэрыторыю Латвіі праз памежную агароджу, аднак гэта яму не ўдалося і ён застаўся на тэрыторыі Беларусі, дзе яго і знайшлі беларускія памежнікі.

Памежны камітэт Беларусі ў сваю чаргу паведаміў, што 5 траўня на мяжы з Латвіяй памежнікі знайшлі цела мужчыны афрыканскай знешнасці. Труп бежанца знаходзіўся за 10 метраў ад агароджы, устаноўленай на латвійскай тэрыторыі. Побач з целам, а таксама непасрэдна каля брамкі ў агароджы выяўлены асабістыя рэчы замежніка. На гэтай падставе Памежны камітэт РБ заявіў, што менавіта праз брамку ў агароджы цела мужчыны было перамешчана на беларускую тэрыторыю.

Паводле звестак BBC, са жніўня 2021 года да пачатку красавіка 2023 Латвія спыніла 10 524 спробы нелегальнага перасячэння мяжы з боку Беларусі. У мінулым годзе – 4045. У апошнія месяцы паток узмацніўся, штодня памежная ахова заварочвае назад па 300 – 400 чалавек. Брытанскае медыя таксама адзначае, што ў адрозненне ад астатняй Еўропы, урады Балтыйскага рэгіёну афіцыйна лічаць мігрантаў гібрыднай зброяй суседніх краін – Расеі і Беларусі.

Hавiны
Пад беларускай мяжой загінулі два мігранты: адзін у аварыі ў Польшчы, другі пад мяжой з Латвіяй
2023.05.05 19:16

Мірон Маліна belsat.eu

Стужка навінаў