«Адказ на міграцыйны крызіс». Польшча абвінаваціла ўлады Беларусі ў чэргах на мяжы


Памежная ахова Польшчы прызнала больш пільны дагляд падарожнікаў на мяжы з Беларуссю і растлумачыла гэта «пагрозамі нелегальнай міграцыі», праз якія службоўцаў з пункту ў Тэрэспалі перакідваюць на стрымліванне мігрантаў у лясах. Пра гэта ведамства паведаміла «Белсату».

Аўтобусы ў пункце пропуску «Варшаўскі мост – Тэрэспаль». 5 красавіка 2024 года.
Фота: «Варшавка Граница Брест-Тересполь» / Telegram

«Белсат» скіраваў запыт у Памежную ахову Польшчы 3 красавіка, калі ў Берасці ўтварылася чарга з 370 легкавікоў і 38 аўтобусаў. У чатах, дзе падарожнікі абмяркоўваюць мінанне мяжы, абражалі польскіх службоўцаў, наракаючы, што тыя марудна працуюць і не адкрываюць усіх каналаў у тэрмінале.

Тады таксама з’явілася неафіцыйная інфармацыя, што на польскім баку службоўцы не спяшаюцца і занадта пільна ўсіх і ўсё правяраюць, бо памежнікі злавілі мігранта, які трапіў на тэрыторыю суседняй краіны з Беларусі.

Спікер Надбужанскага аддзелу Памежнай аховы Польшчы, які кіруе пунктам пропуску ў Тэрэспалі, Дар’юш Сеніцкі ў каментары «Белсату» пацвердзіў, што міграцыйны крызіс, за які адказныя ўлады Беларусі, адбіваецца на хуткасці афармлення падарожнікаў:

«Раптоўныя, непрадбачаныя падзеі, што нясуць прыкметы недатыкальнасці дзяржаўнай мяжы, якія ўзнікаюць у выніку міграцыйнага ціску на польска-беларускай мяжы, могуць абумовіць неабходнасць прыняцця дынамічных і рашучых захадаў. Гэтыя захады прадугледжваюць перасоўванне наяўных асабовых рэсурсаў супрацоўнікаў ад памежных правяранняў для аховы дзяржаўнай мяжы на месцах так званай зялёнай мяжы».

Сеніцкі папракнуў беларускіх калегаў у «недастатковай ахове дзяржаўнай мяжы»:

«У звязку з недастатковай аховай дзяржаўнай мяжы на беларускім баку мы таксама абавязаныя ладзіць больш дэталёвы кантроль асобаў, якія ўязджаюць у Польшчу – аж да часу, пакуль не знікне рэальная пагроза нелегальнай міграцыі. Рэалізацыя гэтых захадаў у ахове дзяржаўнай мяжы ёсць адказам на часовыя пагрозы нелегальнай міграцыі».

Адначасова прадстаўнік Надбужанскага аддзелу Памежнай аховы Польшчы запэўніў, што ў тэрэспальскім пункце «адэкватна выкарыстоўваюць наяўную інфраструктуру», а ў прыярытэтным парадку там афармляюцца менавіта аўтобусы.

Паводле Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, на момант публікацыі ў чарзе на выезд у Польшчу – 250 легкавых аўтаў і 35 аўтобусаў. З таго боку на заезд у нашую краіну чэргаў няма.

Агляд
Спрэчкі, скаргі і лайфхак. У Берасці аўтобусы зноў стаяць на мяжы гадзінамі
2024.04.03 21:16

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў