Чаму гэта быў бы цуд, калі б у Хацкевіча атрымалася ў «Заглэмбе»?

Беларускія футбольныя адмыслоўцы Аляксандр Хацкевіч і Міхаіл Залеўскі датэрмінова пакідаюць польскі клуб. Яны і блізка не выканалі задання ўратаваць «Заглэмбе». Разбіраемся, ці маглі беларусы выцягнуць бегемота з балота.

Аляксандр Хацкевіч
У польскім футбольным клубе «Заглэмбе» з Сасноўцу (Сілезскае ваяводства) у якасці галоўнага трэнера працаваў Аляксандр Хацкевіч.
Фота: zaglebie.eu

Галоўным трэнерам (Хацкевіч) і спартовым дырэктарам (Залеўскі) беларусы прыйшлі ў клуб з Сасноўцу ў студзені гэтага года ў перыяд вострага крызісу, клуб размясціўся на самым дне табліцы другога дывізіёну, і ад ратавальнага 15-га месца яго аддзялялі 8 пунктаў. У сітуацыі, у якой Хацкевіч прымаў клуб, гэта крытычна шмат.

Хацкевіч і Залеўскі пачалі з глабальнай перабудовы. Разам з імі ў клуб прыйшло адразу васьмёра новых футбалістаў, чацвёра з іх украінцы. Да таксама беларускі трэнер стаў перабудоўваць гульню «Заглэмбе», ён патрабаваў ад падапечных гуляць з пазіцыі сілы, ціску, кантраляваць мяч. У такой сітуацыі перад Хацкевічам узніклі дзве вельмі складаныя задачы: у трэнера не было права на памылкі і не было часу. Збудаваць добрую каманду трэба за тры гады, у Хацкевіча фактычна былі тры месяцы. Да таго ж не ўсе гульцы ўспрынялі заданняў трэнера, а ў заўзятараў хутка лопнула цярпенне. Што і прывяло да нападу на Хацкевіча падчас трэнавання ды сталася апошняю кропляю перад адстаўкаю.

У сітуацыі, у якой быў «Заглэмбе», патрэбна была яшчэ і ўдача і шанцаванне, у футболе без гэтага нікуды. Але яе ў клубу з Сасноўцу не было і блізка, і хаця каманда стала валодаць мячом, гэта не давала выніку. У шасці матчах пры Хацкевічу «Заглэмбе» набрала толькі два пункты. Цяпер клуб замыкае табліцу і адстае ад ратавальнага 15-га месца на 12 пунктаў, за 9 гульняў такі адрыў не адгульваецца, і «Заглэмбе» ўпадзе ў трэці дывізіён.

Міхаіл Залеўскі
На пасаду спартовага дырэктара ў «Заглэмбе» з Сасноўцу (Сілезскае ваяводства) прыйшоў Міхаіл Залеўскі – былы гендырэктар барысаўскага БАТЭ ў 2020–2021 гадах.
Фота: zaglebie.eu

Хацкевіч быў топавым футбалістам: адзін з лідараў менскага і кіеўскага «Дынама», зборнай Беларусі. Гуляў у Лізе чэмпіёнаў, забіўшы «Рэалу», выгульваў чэмпіянат і Кубак Беларусі ды Украіны, двойчы прызнаваўся найлепшым футбалістам Беларусі. У трэнерскай кар’еры Хацкевіча ёсць таксама сур’ёзныя старонкі – нацыянальная зборная Беларусі і кіеўскае «Дынама». Але апошнія гады трэнерскай кар’еры афарбаваныя ў чорны колер. Ужо пасля акупацыі Крыму Хацкевіч едзе ў Расею, працаваць у «Ротар» з Валгаграду. Там ён падтрымаў беларускі пратэст 2020 года, неўзабаве быў звольнены, і пазней назваў паездку ў Расею памылкаю. Вельмі дзіўнаю выглядала паездка Хацкевіча на Кіпр, дзе ён толкам не паспеў папрацаваць. Цяпер няўдалы кейс у Сасноўцы. Якому відавочна радуецца лукашэнкаўская прапаганда, якая піша, «як збеглы трэнер праваліўся за мяжою».

І калі да 2020 года мы ацэньвалі спартоўцаў паводле выніку, то цяпер гэтага мала, важная пазіцыя, і Хацкевіч ды Залеўскі стаяць на светлым баку. Абодва падтрымалі беларускі народ, абодва асудзілі вайну, яны займаюцца рознымі актыўнасцямі для беларусаў, якія вымушаныя былі з’ехаць з краіны, яны не маўчаць. Таму ў гэты цяжкі момант хочацца падтрымаць Хацкевіча і Залеўскага ды пажадаць, каб па чорнай паласе прыйшла белая, і ў новым клубе ў нашых землякоў усё выйшла зусім інакш.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў