news
Аналітыка
«Прашу запісаць у пратаколе: я – шпіён Божы». Як ксяндзоў вінавацяць у здрадзе дзяржаве
Святарам вельмі ясна акрэслена, што можна і чаго нельга.
04.12.202307:20

У Беларусі затрыманы каталіцкі святар Генрых Акалатовіч. Паводле неафіцыйных звестак, яго вінавацяць у здрадзе дзяржаве. З падобным абвінавачаннем дзесяць гадоў таму сутыкнуўся і іншы каталіцкі святар – Уладзіслаў Лазар, але ягоная справа ўрэшце развалілася.

Ксёндз Генрых Акалатовіч.
Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

Пра тое, што ў Валожыне (Менская вобласць) затрыманы ксёндз Генрых Акалатовіч, пробашч мясцовага касцёлу Святога Язэпа ў Валожыне, 17 лістапада паведаміла група «Хрысціянская візія». На наступны дзень яна заявіла са спасылкай на свае крыніцы, што затрыманне адбывалася ў межах крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»). Санкцыя гэтага артыкулу прадугледжвае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Група адзначыла, што святар перанёс інфаркт, і нядаўна яму была зробленая аперацыя на страўніку ў сувязі з анкалагічным захворваннем. Яму патрэбнае медычнае назіранне і пастаянны прыём лекаў.

Інфармацыю пра затрыманне святара праз тыдзень, 24 лістапада, пацвердзіла і Курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Там адзначылі, што ксёндз «у сувязі з затрыманнем на дадзены момант не можа выконваць душпастырскіх абавязкаў». Іншых падрабязнасцяў справы не паведамлялася.

У гэты ж дзень адбылася сустрэча міністра замежных справаў Сяргея Алейніка з Апостальскім Нунцыем (амбасадарам Ватыкану) арцыбіскупам Антэ Ёзічам. Паводле афіцыйнага прэс-рэлізу МЗС, сярод іншага «бакі абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковай супрацы». Дэталі гэтага не ўдакладняюцца, аднак можна меркаваць, што гаворка магла ісці і пра справу затрыманага ксяндза.

Гісторыі
Забраны і забыты: год таму ўлады зачынілі Чырвоны касцёл. Чаго рэжым хоча ад каталікоў?
2023.09.26 08:00

Новыя звесткі пра святара паведаміла выданне Katolik.life. Паводле яго, затрыманне Акалатовіча адбылося яшчэ 16 лістапада. Выданне адзначала, што станам на 27 лістапада абвінавачанне пакуль так і не было выстаўленае. Тым не менш, чалавеку, якога падазраюць у здрадзе дзяржаве, шпіянажы, тэрарызме, абвінавачанне могуць выстаўляць на працягу 20 содняў.

«Такім чынам, ксяндзу Генрыху Акалатовічу павінны прад’явіць абвінавачванне да 6 снежня. А пакуль гэтага не адбылося і святар не атрымаў статусу арыштаванага, для яго адмаўляюцца прымаць цёплыя рэчы і прадукты», – пісаў Katolik.life.

Святару ўдалося перадаць толькі бялізну, сродкі гігіены, ручнік і таблеткі. Адваката, з якім падпісаная дамова для абароны святара, да яго не дапускалі і выкарыстоўвалі ў працэсуальных дзеяннях дзяжурнага адваката.

Таксама стала вядома, што разам са святаром затрымалі жанчыну, якая каля дваццаці гадоў дапамагала весці гаспадарчыя справы ў ягоным доме.

 У размове з карэспандэнтам «Белсату» адзін са святароў таксама адзначыў, што пра справу ксяндза Акалатовіча нічога не вядома і ўсе чакаюць 6 снежня. Саму ж валожынскую парафію даручылі апецы францішканаў з суседняга Івянца.

Падпольны святар-антысаветчык

Генрых Акалатовіч нарадзіўся 8 кастрычніка 1960 года ў Новай Мышы пад Баранавічамі. Служыў міністрантам у касцёле ў Баранавічах. Навучаўся на машыніста ў Менску, а затым служыў у савецкім войску каля Мурманску. Ён хацеў паступіць у каталіцкую семінарыю ў Рызе, але не атрымаў дазволу на гэта ад савецкіх уладаў. У выніку навучаўся ў падпольнай семінарыі ў Мядзведзічах пад Ляхавічамі. Яе ж скончылі будучыя каталіцкія біскупы Антоні Дзям’янка і Казімір Велікаселец.

«Гэта быў драўляны дом насупраць касцёлу. У ім жылі бесхабітовая сястра і яшчэ адзін клерык, які, як і я, падпольна рыхтаваўся да сакраманту святарства», – згадваў біскуп Дзям’янка сваё навучанне ў Мядзведзічах.

У святары Акалатовіча высвяцілі ў 1984 годзе ў Літве. У гэтым жа годзе ён упершыню наведаў Катынь – месца масавага расстрэлу савецкімі ўладамі польскіх вайскоўцаў у 1940 годзе. Там ён «адслужыў святую імшу за ўсіх забітых тут, у Катынскім лесе», а таксама замацаваў некалькі фотаздымкаў Чанстахоўскай Маці Божай і польскага сцяга.

У 1985 годзе святара за паўторнае наведванне Катыні затрымалі і аштрафавалі. Агулам у СССР яго каралі каля 30 разоў за рэлігійнае навучанне дзяцей, адпраўленне набажэнстваў па-за касцёлам і іншае. Ужо тады яго пачыналі вінаваціць у шпіянажы. Сам жа Акалатовіч не пагаджаўся з такой трактоўкай:

«Калі вам так падабаецца называць мяне шпіёнам Ватыкану і Варшавы, то прашу запісаць у пратаколе, што я – шпіён Божы».

У 1992 годзе ксёндз Акалатовіч стаў першым з грамадзянаў цяпер ужо былога СССР, хто абараніў тытул доктара ў Люблінскім каталіцкім універсітэце. Таксама навучаўся ў Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме. Як святар ён служыў пробашчам у Браславе, Ракаве, Сталовічах, Бабруйску. Апекаваўся каталікамі і ў іншых мясцовасцях Беларусі, дапамагаючы вяртаць касцёлы і рэгістраваць парафіі. Займаўся ўтварэннем касцельных судоў у Пінскай і Менска-Магілёўскай дыяцэзіях.

Касцёл у вёсцы Вішнева (Валожынскі раён, Менская вобласць).
Фота: Белсат

З 2005 года ксёндз Акалатовіч узначальвае парафію ў Валожыне, касцёл якой у савецкі час выкарыстоўваўся як склад мэблі і цэх будаўнічага жалезабетону.

«У час жорсткага пераследу мала хто верыў, што касцёл зноў можа быць Домам Божым, аднак у Бога свае планы. Цяпер мы бачым велічную святыню, месца спаткання чалавека з Творцам. Калі чалавек ідзе да Бога, ідзе па Яго дарозе, то Пан Бог усё дае», – адзначаў святар у 2022 годзе.

Ксяндзом стаў і родны брат Генрыха Акалатовіча Леанард, які з 2022 года ёсць пробашчам у згаданых ужо Мядзведзічах і Ліпску (Ганцавіцкі раён).

Не першы святар-«шпіён»

Група «Хрысціянская візія» параўноўвае затрыманне ксяндза Акалатовіча са справай іншага каталіцкага святара, якога вызвалілі з вязніцы роўна дзесяць гадоў таму, на пачатку снежня 2013 года.

Першым пра шпіёнскую справу 26 ліпеня 2013 года паведаміў Аляксандр Лукашэнка, які заявіў пра затрыманне «аднаго са здраднікаў, які ў спецслужбах служыў і які быў праз прадстаўнікоў Каталіцкай царквы звязаны з замежнымі дзяржавамі, і не толькі здаваў інфармацыю, але з-за ягонай дзейнасці пацярпелі людзі, якія працуюць за мяжой».

Як пазней стала вядома, з 31 траўня ў следчым ізалятары КДБ быў 46-гадовы ксёндз Уладзіслаў Лазар, пробашч барысаўскага касцёлу Сашэсця Святога Духа, які знік дарогаю ў Барысаў, ад бацькоў, якія жылі ў вёсцы Канюхі Маладзечанскага раёну. У КДБ інфармацыю не каментавалі.

Ксёндз Уладзіслаў Лазар.
Фота: Наша Ніва

Вернікі арганізавалі збор подпісаў пад петыцыяй да касцельных уладаў з просьбай агучыць наяўную інфармацыю аб арышце ксяндза Лазара, а таксама зварот у Генеральную пракуратуру і КДБ з патрабаваннем неадкладна вызваліць святара. Але гэта не дапамагала. Святару ў СІЗА ўчынілі інфармацыйную блакаду: лісты ад яго не праходзілі, спатканняў з ім не дазвалялі, забараняліся і сустрэчы з адвакатам. Тым не менш, ад абаронцы стала вядома, што святар сваёй віны не прызнаваў.

12 верасня 2013 года Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі пацвердзіла, што ксёндз Лазар «сапраўды затрыманы органамі КДБ і застаецца ў СІЗА КДБ». Яго абвінавачвалі паводле п. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве») у перадачы «грошай і матэрыяльных каштоўнасцяў чалавеку, які абвінавачваецца ў шпіянажы на карысць іншай дзяржавы». Справу на сваім кантролі трымаў асабіста Папа Францішак.

А на пачатку снежня Апостальскага нунцыя «папрасілі забраць ксяндза Лазара са следчага ізалятару КДБ», бо «няма больш падставаў для далейшага ўтрымання». Пры гэтым адзначалася, што «падчас следства, якое яшчэ працягваецца, святар павінен заставацца ў пастаянным месцы, маючы свабоду перамяшчэння і дзеяння, паводле вызначаных нормаў, з абавязкам штодзённай рэгістрацыі ў аддзяленні міліцыі».

На пачатку чэрвеня 2014 года, праз год пасля затрымання, прэс-служба Беларускай хрысціянскай дэмакратыі паведаміла, што справа ў дачыненні ксяндза Лазара спыненая. У КДБ ад каментароў зноў адмовіліся.

«Хто адкажа за тое, што невінаватага святара брутальна затрымалі, шэсць месяцаў утрымлівалі ў следчым ізалятары без паведамленняў для родных і блізкіх, здзекаваліся з яго і бэсцілі ягонае добрае імя? Так званая «крымінальная справа» развалілася, так і не дайшла да суда – і ніякіх публічных тлумачэнняў і прабачэнняў з боку спецслужбаў мы не пачулі. Відавочна, што «справа Лазара» была спробай запалохаць Касцёл і ўвогуле хрысціянскую супольнасць Беларусі», – адзначаў сустаршыня БХД Павел Севярынец.

Несістэмная сістэматычнасць

Выпадкі ксяндзоў Акалатовіча і Лазара надзвычайныя. Тым не менш, з некрымінальным пераследам і ціскам каталіцкія святары і агулам каталікі ў Беларусі сутыкаюцца рэгулярна, асабліва з 2020 года. У размове з «Белсатам» адзін з актывістаў беларускай каталіцкай супольнасці на ўмовах ананімнасці адзначыў, што пераслед каталіцкіх святароў у Беларусі носіць форму «несістэмнай сістэматычнасці».

«Агульны падыход дзяржавы, прапаганды ў тым, што каталіцкія святары не ёсць сваімі, яны чужы элемент. Але яны ёсць, і іх нікуды не падзенеш. Таму каталіцкія святары застаюцца пад сістэмным наглядам», – адзначыў суразмоўца, дадаўшы, што з гэтым сутыкаюцца і святары іншых канфесіяў.

Аднак затрыманні, на ягоную думку, усё ж не да канца сістэмныя і хутчэй залежаць ад дзеянняў прадстаўнікоў рэжыму на месцах. Тады як сістэмнага падыходу да пакарання святароў пакуль не відаць.

Працаўнікі міліцыі спрабавалі затрымаць ксяндза Уладзіслава Завальнюка. Крыніца: christianvision / Telegram

Ва ўладаў пакуль няма яснага плану, як убудаваць Касцёл у прапагандысцкую сістэму. І таму суразмоўца чакае, што стаўленне да яго з боку рэжыму застанецца стабільна варожым і адчужаным, з несістэмнымі, але пастаяннымі рэпрэсіямі, аднак без моцнага пагаршэння сітуацыі.

«Межы вельмі ясна расстаўленыя. Вельмі ясна акрэслена, што можна і чаго не можна. За якія рэчы варта чакаць рэпрэсіўных захадаў, а якія дазволеныя», – заявіў ён.

Калі ж падыход уладаў да чаканай ролі Касцёлу зменіцца, калі ад яго пачнуць патрабаваць больш праактыўнага, прарэжымнага стаўлення, то сітуацыя можа пагоршыцца. Напрыклад, святароў і вернікаў могуць пачаць змушаць гвалтам да гэтага. Аднак суразмоўца не ўпэўнены, што гэта спрацуе, бо «Касцёл ва ўсім свеце ўвесь час сутыкаецца з рэпрэсіямі, і рэпрэсіі хутчэй даюць адваротную рэакцыю».

А вось з боку Ватыкану суразмоўца чакае захавання «вельмі цьмянага, пасіўнага» стаўлення да Беларусі, у тым ліку і таму, што сам Папа Францішак «слаба арыентуецца» ў беларускіх рэаліях. Хоць у «Святым Пасадзе адказныя людзі, дыкастэрыі маюць вельмі добрыя веды пра сітуацыю ў Беларусі».

У 2024 годзе заканчваецца кадэнцыя ў Беларусі нунцыя Антэ Ёзіча, і пакуль у Беларусі яшчэ ніводны нунцый не служыў больш як адну кадэнцыю. Таму суразмоўца не выключае налета змены прадстаўніка Ватыкану ў нашай краіне, а гэта таксама можа паўплываць на пазіцыю Святога Пасаду адносна Беларусі.

Аналітыка
Царква імя Лукашэнкі. Якім рэлігійным арганізацыям Беларусі падрыхтавацца да ліквідацыі
2023.10.16 18:52

Макар Мыш belsat.eu