Спрэчкі, скаргі і лайфхак. У Берасці аўтобусы зноў стаяць на мяжы гадзінамі


Пасля маленькага продыху ў апошнія дні сакавіка перад пунктам пропуску ў Берасці на мяжы з Польшчаю зноў утварыліся вялікія чэргі. Цяпер афармлення чакаюць 40 аўтобусаў, а тыя, хто сёння мінуў мяжу, кажуць, што на ўсё пра ўсё спатрэбіліся амаль содні.

Чарга ў пункце пропуску «Варшаўскі мост» у Берасці ў бок Польшчы. 3 красавіка 2024 года.
Фота: «Варшавка Граница Брест-Тересполь» / Telegram

2 красавіка раніцою аўтобусы з Менску ў Варшаву прыбывалі з двухгадзінным спазненнем – такі час ужо і не лічыцца праблемаю. Але ўжо вечарам затрымкі павялічыліся: рэйс з прыбыццём а 19-й гадзіне паводле графіку прыехаў пазней на пяць гадзінаў, а аўтобус, што меўся быць учора а 20-й гадзіне, заехаў на «Варшаву Заходнюю» а 4-й раніцы.

Сёння сітуацыя пагоршылася: два аўтобусы з Менску, якіх чакалі ў польскай сталіцы раніцою, прыбылі са спазненнем на 8 і 9 гадзінаў. Зрэшты, на мяжы дагэтуль стаіць аўтобус, што мусіў прыбыць у Варшаву сёння ў 7:45 раніцы, пішуць у Telegram-чатах, дзе абмяркоўваюць мінанне мяжы.

«Наш аўтобус быў першым у чарзе на мост. Стаялі без руху 8 гадзінаў».

«Палякі прапускаюць адзін аўтобус за тры гадзіны».

«Палякі страйкуюць, руху няма наогул».

«Мяжу мінулі. Аўтобус. Берасце – Тэрэспаль. 17 гадзінаў!!!»

Затрымкі на мяжы адбіваюцца на зваротных рэйсах з Польшчы ў Беларусь – іх таксама адкладаюць.

Апошні раз падобныя чэргі аўтобусаў у «Варшаўскім мосце» – адзіным пункце, што працуе на мяжы з Польшчаю, – былі 23–25 сакавіка. Тады ў чатах знайшлося тлумачэнне: гандлёвая нядзеля ў суседняй краіне і пачатак вясенніх канікул у беларускіх школьнікаў – вось усе і паехалі. Чаму сёння чарга рушыцца так марудна, дакладна не вядома. «Белсат» накіраваў запыт у Памежную ахову Польшчы і апублікуе адказ, калі атрымае.

Падарожнікі, што захраслі на мяжы, наракаюць на польскіх службоўцаў. Маўляў, працуе толькі адзін канал. У чатах даходзіць да абразаў на адрас суседзяў, якіх вінавацяць у маруднай працы. Пішуць таксама, што ўсе аўтобусы і легкавікі праганяюць праз рэнтген, а гэта таксама забірае час.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, што распаўсюдзілася ў чатах, сёння польскія памежнікі злавілі мігранта, які парушыў мяжу з беларускага боку, таму ў Тэрэспалі дасканала ўсіх правяраюць і асабліва не спяшаюцца. Гэта непацверджаныя звесткі, аднак раней Памежная ахова Польшчы паведамляла, што ў выходныя з 29 сакавіка па 1 красавіка вырасла колькасць спробаў «незаконнага ўезду ў Польшчу». Такіх выпадкаў налічылі 736.

Hавiны
Мігранты актыўна «фарсіравалі» беларуска-польскую мяжу падчас велікодных святаў
2024.04.02 16:25

Ледзь не адзіны спосаб пазбегнуць нуднага чакання на мяжы – перасадка з аўтобуса ў канцы чаргі ў аўтобус, што стаіць бліжэй да пункту пропуску. Гэта патрэбна зрабіць яшчэ да кантролю з беларускага боку.

Адзінага тарыфу за такую паслугу няма, усё залежыць ад кіроўцы. Пасажыры кажуць, што бяруць у любой валюце, і кошт можа даходзіць да 100 еўраў. Месцы ў аўтобусах бліжэй да мяжы маюцца таму, што пасажыры адтуль такім жа чынам раней пераселі ў іншы аўтобус. Такая прымежная аўтобусная міграцыя.

У адной кампаніі-перавозніку сказалі «Белсату», што легальна перасесці ў іхны аўтобус на мяжы нельга, але прызналі:

«Імаверна, кіроўцы бяруць такіх пасажыраў».

Пры гэтым пасажыр, які перасеў у іншы аўтобус, будзе там на птушыных правах і наўрад ці зможа патрабаваць кампенсацыі, напрыклад, за пашкоджаны багаж. Да таго ж аплата кіроўцу аўтобуса – фактычна хабар, адзначыў праўнік НАУ Міхаіл Кірылюк. «Хабар – крымінальная адказнасць для абодвух бакоў. Крымінальны кодэкс РБ», – сказаў юрыст «Белсату».

Рэпартаж
«Вы ж разумееце, закрытыя ўсе межы». Беларусы едуць з Польшчы па 17 гадзінаў
2024.03.29 14:39

Надоечы выданне «AutoGrodno» паведаміла пра іншы лайфхак: транспартавая кампанія прывезла пасажыраў на мяжу, і людзям сказалі бегчы ў іншы аўтобус гэтай жа фірмы, што стаяў бліжэй да пункту пропуску.

«Мы выйшлі і перабеглі на 20 аўтобусаў наперад, селі ў такі ж аўтобус той жа фірмы, што зэканоміла нам содні», – апавёў шчаслівы пасажыр.

Ён мяркуе, што кампанія наўмысна пакідала свой пусты аўтобус у чарзе, каб падарожнікі хутчэй мінулі мяжу. Ці насамрэч гэта так, невядома. Пра іншыя такія выпадкі не паведамлялася.

Hавiны
Калапс на мяжы. У чарзе на выезд з Беларусі ў Польшчу налічылі 65 аўтобусаў
2024.03.24 11:59

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў