Карл III здзейсніць першы каралеўскі візіт. У праграме Францыя і Германія


Кароль Вялікай Брытаніі Карл III адправіцца ў першае замежнае падарожжа ў якасці манарха. Спачатку наведае Францыю, потым – Германію. Аналітыкі ўгледжваць у гэтым сігнал гатоўнасці паляпшаць адносіны паміж Лонданам, Парыжам і Берлінам, што пасля Brexit не проста. Аб гэтым паведамляе AP са спасылкай на Бакінгэмскі палац.

Кароль Вялікай Брытаніі Карл III і каралева-кансорт Каміла.
Фота: прэсавая служба Бакінгэмскага палацу / royal.uk

Першы манаршы візіт караля Вялікай Брытаніі Карла III запланаваны з 26 па 31 сакавіка. Паведамляецца, што візіт будзе здзейснены ў Францыю і Германію, найвялікшыя краіны ЕЗ. Гэта адлюстроўвае намаганні Абʼяднага каралеўства навесці масты са сваімі еўрапейскімі суседзямі пасля гадоў напружаных адносін, выкліканых Brexit.

Кароль Карл III і каралева-кансорт Каміла сустрэнуцца з прэзідэнтам Францыі Эмануюлем Макронам і затым прэзідэнтам Германіі Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам. У Бакінгэмскім палацы падкрэсліваюць, што візіт павінен адзначыць адносіны Вялікай Брытаніі з Францыяй і Германіяй, адзначыць агульную гісторыю, культуру і каштоўнасці.

«Гэта таксама шанец паглядзець наперад і паказаць, як нашы краіны працуюць у партнёрстве, няхай гэта будзе для барацьбы са змяненнем клімату; ці рэагавання на канфлікт ва Украіне; ці выкарыстання гандлёвых і інвестыцыйных магчымасцяў альбо знаёмства з лепшым з нашага мастацтва і культуры», – гаворыцца ў паведамленні з рэзідэнцыі брытанскага манарха.

Гэта будзе першы дзяржаўны візіт брытанскага манарха з 2015 года, бо нябожчыца каралева Элізабэт II, маці Карла, перастала ездзіць за мяжу ў познім узросце.

Анонс першага каралеўскага візіту прагучаў праз некалькі дзён пасля таго, як адбылася сустрэча Карла III з прэзідэнтам Еўрапейскай камісіі Уршуляй фон дэр Ляен у Ўіндзарскім замку, а прэмʼер-міністр Вялікай Брытаніі Рышы Сунак абвясціў аб прарыве ў перамовах па вырашэнні спрэчкі аб гандлёвых дамоўленасцях Паўночнай Ірландыі пасля Brexit.

Паездка ў Францыю і Германію ажыццяўляецца па просьбе брытанскага ўрада і па запрашэннях урадаў дзвюх краін.

Апроч афіцыяльных пунктаў парадку дня візіту Карла III прадугледжаны шматлікія цікавосткі. Так у Францыі брытанскі кароль наведае Бардо, дзе пражывае вялікая брытанская супольнасць. Каралеўская пара плануе наведаць арганічны вінаграднік і адзін з раёнаў, спустошаных ляснымі пажарамі мінулым летам. У Германіі запланавана сустрэча Карла і Камілы з украінскімі бежанцамі, наведванне сумеснай брытанска-нямецкай вайсковую часткі і знаёмства з праектамі ўстойлівай энергетыкі ў Гамбургу.

Цікавы момант: брытанская каралеўская сямʼя даўно саступіла большую частку сваіх паўнамоцтваў абраным лідарам краіны, аднак аўра манархіі, а таксама пампезнасць і цырымонія каралеўскіх візітаў па-ранейшаму разглядаюцца як спосаб палепшыць імідж Вялікай Брытаніі і ўмацаваць сувязі з краінамі па ўсім свеце.

Гэтую ролю вельмі ўдала ўвасабляла каралева Элізабэт II, якая за 70 гадоў праўлення здзейсніла 121 дзяржаўны візіт, атрымаўшы неафіцыйны тытул «Каралева свету».

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў