Як беларусы распараджаліся банкаўскімі ўкладамі на фоне пандэміі, пратэстаў і вайны


За тры апошнія гады беларусы знялі са сваіх валютных банкаўскіх укладаў 2,6 млрд долараў, скараціўшы іх амаль напалову. Затое дэпазіты ў беларускіх рублях за гэты час прыраслі амаль на 25%. Паглядзелі, калі беларусы неслі грошы ў банкі, калі забіралі і спыталі ў эксперта, што больш уплывала на гэта – эканоміка ці палітыка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аддзяленне «Альфа-банку» ва Уруччы ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

2020 год: рэкордны «вынас» зберажэнняў

На 1 студзеня 2020 года на дэпазітах насельніцтва ў замежнай валюце захоўвалася 6,2 млрд долараў. Першы ўсплёск іх адтоку з банкаў прыйшоўся на сакавік і красавік 2020 года. Тады беларусы знялі са сваіх рахункаў у замежнай валюце 140 і 190 млн долараў, адпаведна (мінус 2,2% і 3,2%). Нагадаем, што гэта быў час, калі ўвесь цывілізаваны свет, акрамя Беларусі пагрузіўся ў локдаўн у сувязі з пандэміяй каронавіруса.

Куды больш сур’ёзнае зніжэнне дэпазітаў у замежнай валюце прыпала на жнівень 2020 года – пачатак пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў. За месяц яны скараціліся на 7,5% або 413 млн долараў. У верасні беларусы вынеслі з банкаў яшчэ 303 млн еўра (мінус 5,9%). Тады ж у асяроддзі пратэстоўцаў узнік заклік забіраць грошы з банкаў, каб яны не працавалі на рэжым, які развязаў жорсткія і раней нябачаныя рэпрэсіі.

Да канца года памеры ўкладаў працягнулі скарачацца, хоць і меншымі тэмпамі. На пачатак 2021 года яны ўжо складалі 4,6 млрд долараў. Такім чынам за ўвесь 2020 год беларусы забралі са сваіх укладаў у замежнай валюце 1,6 млрд долараў, скараціўшы іх на 25,4%.

Стабілізацыі перашкодзіла вайна

У 2021 годзе валютныя ўклады працягнулі скарачацца – пік прыйшоўся на травень, чэрвень, ліпень – мінус 140, 210 і 97 млн долараў, адпаведна. Нагадаем, што ў менавіта ў канцы траўня беларускія ўлады прымусова пасадзілі ў Менску самалёт ірландскай кампаніі Ryanair, які рухаўся з Афін у Вільню, з журналістам Раманам Пратасевічам на борце.

Агульнае скарачэнне ўкладаў у замежнай валюце ў 2021 годзе не было такім катастрафічным, як годам раней – мінус усяго толькі 674,4 млн долараў або 14,5%.

Зрэшты, за два гады нашы суайчыннікі вынеслі з банкаў 2,25 млрд долараў.

Снежань 2021 і студзень 2022 года былі першымі за два гады перыядамі, калі падзенне валютных дэпазітаў нарэшце спынілася і нават пайшло ў рост – плюс 53 млн долараў за 2 месяцы. Гэты трэнд сапсавала вайна – у лютым 2022 Расея напала на Украіну.

За сакавік беларусы знялі з валютных дэпазітаў 270,7 млн. долараў, скараціўшы іх на 6,8%. Больш здымалі толькі ў жніўні 2020-га.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія рублі, долары ЗША і еўра.
Фота: Белсат

Зрэшты, ужо праз месяц падзенне спынілася і рэшту года насельніцтва то трохі павялічвала памер сваіх укладаў у банках, то зноў скарачала. У выніку мінус па выніках года склаў 380,7 млн. долараў або 9,6% да ўзроўню 1 студзеня 2022 года.

На 1 студзеня 2023 года на рахунках беларусаў у замежнай валюце заставалася 3,6 млрд долараў. Гэта на 42,3% або 2,6 млрд долараў менш, чым было ў пачатку 2020 года – да пандэміі, да пратэстаў і да вайны.

А што з укладамі ў рублях?

Сітуацыя з рублёвымі ўкладамі складвалася інакш. Намінальна за тры гады яны прыраслі на 1, 2 млрд рублёў або 24,2% і на 1 студзеня 2023 года склалі 6,4 млрд рублёў. Зрэшты, быў час, калі і іх беларусы забіралі з банкаў.

Так, у жніўні 2020 года рублёвыя дэпазіты страцілі 5,5% або 270,9 млн рублёў і павольна зніжаліся да канца года. Страты за ўвесь год склалі 532 млн рублёў або 11,7%.

Аднак за 2021 год іх памеры не толькі аднавіліся, але нават і павялічыліся на 1,8% да ўзроўню пачатку 2020 года, дасягнуўшы 5 млрд рублёў. Пачатак вайны таксама не выклікаў рэзкіх ваганняў у паводзінах уладальнікаў рублёвых дэпазітаў. Невялікімі тэмпамі, але стабільна яны прырасталі ўвесь 2022 год, дадаўшы 1,28 млрд рублёў або 25% да ўзроўню пачатку года.

Любыя ваганні курсаў валют выклікаюць у людзей стрэс

Што кіравала беларусамі ў гэты перыяд – ці былі ўклады нявыгаднымі, ці спрацавалі заклікі пазбавіць рэжым грошай або ўключыліся нейкія іншыя механізмы, пра гэта мы пагаварылі са старшым навуковым работнікам даследчага цэнтра BEROC Анастасіяй Лузгіной.

Паводле суразмоўцы, усе зафіксаваныя статыстыкай пікі падзення абʼёмаў валютных дэпазітаў маюць розную прыроду.

Так, у аснове самага першага маштабнага вынасу грошай з банкаў была сітуацыя на валютным рынку. «Адток валюты з дэпазітаў у сакавіку 2020 года тлумачыцца ваганнямі беларускага рубля», – кажа Анастасія Лузгіна. Тады большасць краін сышлі ў локдаўн, спынілі вытворчасць і знізілі спажыванне энергарэсурсаў, цэны на якія пасля гэтага ўпалі. Гэта паўплывала на ўстойлівасць расейскага рубля. »Беларускі рубель у адносінах да долара рушыў услед у той жа траекторыі, што і расейскі, а так як у нас у Беларусі захоўваецца высокі ўзровень даларызацыі эканомікі і псіхалагічная залежнасць ад цвёрдых валют, то любыя такія ваганні выклікаюць у людзей стрэс, і яны бягуць здымаць дэпазіты і паралельна купляюць валюту», – тлумачыць эксперт.

Анастасія Лузгіна нагадала, што тады Нацбанку прыйшлося прадаваць валюту з рэзерваў, каб падтрымаць наш рубель. Паступова выраўнавалася сітуацыя з расейскай валютай, наступіла стабілізацыя і з нашай.

БСБ банк, банкомат, обменник, белорусские банки, деньги, сбережения, финансы
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына мяняе валюту ў абменным пункце «БСБ банку» ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

Аднак ненадоўга – пасля 9 жніўня 2020 года беларусы зноў пайшлі забіраць грошы ў банках, і ўжо гэты крок быў справакаваны палітычнай нестабільнасцю, адзначае эксперт. «Калі ў сакавіку адток дэпазітаў быў рэакцыяй на падзеі фінансавага рынку, то ў жніўні-верасні беларусамі рухала нервовасць з-за абвостранай палітычнай сітуацыі ў краіне», – канстатавала эксперт. Яна сумняваецца, што гэта было следствам прызыву забіраць грошы з банкаў, які ўзнік тады сярод удзельнікаў пратэсту. «Так, можа для кагосьці гэта стала падставай, але беларусы ў большасці сваёй самі выдатна іх здымаюць, як толькі ўзнікае нейкая пагроза іх зберажэнням», – лічыць Анастасія Лузгіна.

Банкі абышліся лёгкім спалохам

Эксперт лічыць, што наступствы маглі быць яшчэ горш для банкаў, «але Нацбанк загадзя, каб знізіць рызыку для фінансавай сістэмы ўвёў новы від укладаў – безадзыўныя, якія чалавек не можа забраць, пакуль не скончыцца абумоўлены ў дамове тэрмін». «Папулярнасць сярод насельніцтва безадзыўныя ўклады атрымалі з-за больш высокай даходнасці. Акрамя таго, адкрываць дэпазіты на больш працяглыя тэрміны стымулявала абавязацельства плаціць падаходны падатак па рублёвых укладах тэрмінам менш за 12 месяцаў і па валютных укладах – тэрмінам менш за два гады. Таму хтосьці забіраў грошы, а хтосьці не змог гэтага зрабіць з-за ўмоў дэпазітнага дагавора», – кажа Анастасія Лузгіна.

«Нягледзячы на захаванне абвостранай палітычнай сітуацыі і пагрозу санкцый, 2021 год склаўся ўдалым для валютнага рынку – экспарт у ЕЗ вырас на 74% і гэта спрыяла стабілізацыі курсу беларускага рубля, і, адпаведна, захаванню валютных дэпазітаў», – адзначае эксперт. «Узнікаў перыяд няўстойлівасці – ён прыйшоўся на пачатак лета, калі былі ўведзеныя ўжо першыя сурʼёзныя санкцыі, якія сталі следствам пасадкі самалёта Ryanair у Менску, але неўзабаве стала зразумела, што яны маюць адкладзены эфект, і ў цэлым дэпазіты ў нейкія перыяды нават прырасталі», – кажа Анастасія Лузгіна.

Hавiны
Стаўка рэфінансавання ў Беларусі змяншаецца да 11,5 % гадавых
2023.01.23 10:21

Гэтаму спрыяла і працэнтная палітыка банкаў. «Банкі ўбачылі, што грошай шмат «выносяць», і перш за ўсё ў замежнай валюце, і яны павысілі стаўкі па валютных дэпазітах – да гэтага яны былі на ўзроўні да 2% гадавых, а ў кастрычніку ўжо даходзілі да 5% і нават вышэй», – нагадвае эксперт. «Так, рызыкі захоўваліся, людзі не супакоіліся, але яны ўбачылі ўжо, што могуць нешта зарабіць», – тлумачыць паводзіны беларусаў Анастасія Лузгіна. Такая сітуацыя захоўвалася да канца лютага 2022 года.

«Пачатак вайны зноў выклікала нервовасць укладчыкаў, якія зноў сталі здымаць свае дэпазіты, у першую чаргу валютныя. Акрамя таго, абваліўся расейскі рубель, а разам з ім упаў і Беларускі, што яшчэ больш дадало нервовасці. Хтосьці баяўся за свае грошы ў сувязі з вайной, хтосьці ў сувязі з падзеннем курсу, хтосьці зʼязджаў і забіраў іх з сабой, былі праблемы з тым, каб зняць грошы, а гэта толькі падвышала жаданне іх забраць», – патлумачыла эксперт.

«Такім чынам, калі вясной 2020 года беларусы забіралі грошы з укладаў з-за эканамічных прычын, у канцы лета і восенню 2020 года – з-за палітычных, то ў канцы лютага-сакавіку на іх дзеянні ўплывала і эканоміка, і палітыка», – рэзюмавала суразмоўца.

Што тычыцца трэнду дынамікі зберажэнняў насельніцтва ў беларускіх рублях, то тут дамінавалі эканамічныя фактары. Праводзячы яшчэ да 2020 года палітыку дэдаларызацыі, Нацыянальны банк стымуляваў банкі нарошчваць менавіта рублёвыя дэпазіты за кошт высокага ўзроўню абавязковых рэзерваў па валютных укладах (пэўны адсотак ад абʼёму валютных укладаў; чым больш норма рэзервавання, тым больш грошай у банкаў адцягваецца з абароту). Адпаведна банкам было не выгадна прыцягваць грошы ў замежных валютах і стаўкі па іх былі зніжаны да мінімуму. Тады як стаўкі па ўкладах у беларускіх рублях увесь гэты перыяд захоўвалі прывабны ўзровень даходнасці нават з папраўкай на інфляцыю. Зрэшты, на фоне палітычных падзей 2020 года гэты трэнд усё ж зламаўся – тады назіралася падзенне і рублёвых укладаў.

Анастасія Лузгіна не была гатовая спрагназаваць, што будуць рабіць беларусы са сваімі ўкладамі ў бліжэйшай перспектыве, але канстатавала, што долар застаецца важным сродкам зберажэння для суайчыннікаў.

Каментар
За тыдзень курс долара ў Беларусі вырас на 2%. Чаму так адбылося і як будзе далей
2023.02.01 18:47

Алена Голуб belsat.eu

Стужка навінаў