Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк ужо тры месяцы ўтрымліваецца ў гомельскім СІЗА. За гэты час жанчыне не перадалі ніводнага ліста, і нават фотаздымкі ейных дзяцей, якія ёй дасылалі блізкія і сябры, піша Праваабарончы цэнтр «Вясна».
За тры месяцы знаходжання ў гомельскім СІЗА, Паліна Шарэнда-Панасюк атрымала каля 50 паштовых пасылак і бандэроляў, больш за 100 грашовых пераводаў. Такая хваля салідарнасці вельмі падтрымлівае жанчыну, распавядае ейны муж Андрэй Шарэнда.
Адначасова лісты, якія дасылаюць Паліне, знішчаюць. Калі ліст заказны, то ў прысутнасці жанчыны, а звычайныя лісты нават без яе ведама.
Таксама вядома, што да палітзняволенай не дайшлі і фотакарткі ейных дзяцей, якіх жанчына не бачыла ўжо 3 гады.
Надоечы сваякам Паліны Шарэнды-Панасюк дазволілі спатканне ў гомельскім СІЗА. Родныя паведамілі, што палітзняволеная кепска выглядае, у яе праблемы са здароўем, «справакаваныя нялюдскімі ўмовамі ўтрымання».
15 снежня будзе разглядацца апеляцыя на апошні прысуд Паліне. Да таго часу яна будзе знаходзіцца ў гомельскім СІЗА, дзе яе можна падтрымаць. Калі апошні прысуд пакінуць без зменаў, то далей у калонію ані грошы, ані бандэролькі іншыя людзі не змогуць даслаць – гэта будзе дазволена толькі блізкім сваякам.
Падтрымаць Паліну грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі можна па адрасе: СІЗА-3. 246003, вул. Кніжная, 1А, г.Гомель, Паліна Сяргееўна Шарэнда-Панасюк.
Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 года. Першы раз ёй прызначылі 2 гады калоніі за нібыта гвалт у дачыненні міліцыянта, знявагу Лукашэнкі і знявагу прадстаўніка ўлады. Затым былі яшчэ два прысуды як пад капірку: па 1 году зняволення паводле абвінавачання ў злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu