Месца сілы і моцных людзей. Інтэрв'ю з Андрэем Садавым, мэрам Львова


З гістарычнага горада, які фактычна быў музеем пад адкрытым небам, сёння Львоў ператварыўся ў горад-крэпасць і лагістычны цэнтр сусветнага ўзроўню. Месца, дзе здзяйсняецца гісторыя – у тым ліку і новая старонка польска-ўкраінскай гісторыі. Мы пагутарылі з мэрам Львова Андрэем Садавым пра тое, як змянілася тут жыццё цягам апошняга года.

Мэр Львова Андрэй Садавы.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат

– Ці Львоў прызвычаіўся да вайны?

– Немагчыма прызвычаіцца да вайны, але цалкам магчыма – і нават неабходна – быць гатовым да цяжкасцяў. Зразумела, што цяпер у нас сітуацыя, у якой складана рабіць прагнозы. Мы цяпер жывем у такі час, што цяжка прадказаць будучыню. Аднак Львоў дэманструе максімальную ўстойлівасць да ўсіх гэтых абставін.

За год мы сталі адным з найбуйнейшых цэнтраў гуманітарнай дапамогі ў свеце. Праз Львоў прайшло больш за 5 мільёнаў украінцаў.

У нас былі дні, тыдні і месяцы, калі ў нас пражывала больш за 2 мільёны чалавек (гэта ў 2,5 разы больш, чым звычайна – belsat.eu). Цяпер у нас таксама шмат уцекачоў і шмат параненых. Гэта жанчыны, дзеці, слалыя людзі і, вядома ж, нашы героі-салдаты.

«Прыярытэтам з’яўляецца дапамога ўкраінскай арміі»

– Ці змяніліся цягам апошнага года праца і абавязкі гарадскіх уладаў? Як?

– Цяпер у першую чаргу прыярытэтам з’яўляецца дапамога ўкраінскай арміі. Мы дапамагаем усім, чым можам. Падрыхтоўка горада да функцыянавання ва ўмовах вайны – вельмі сурʼёзная задача. Мы пачалі гэта рабіць задоўга да таго, як пачалося поўнамаштабнае расейскае ўварванне. Гаворка ідзе пра перабудову ўсёй інфраструктуры горада, каб яна была гатовая функцыянаваць у экстрэмальных умовах.

У Львове ў нас 6 тысяч хованак і схронаў, 1,5 тысячы з іх абсталяваны печамі. У нас ёсць запасы дроў. Сістэма аховы здароўя максімальна падрыхтавана да працы без святла і вады (лякарні могуць працаваць да трох содняў у аўтаномным рэжыме). Так што ў нас ёсць адпаведныя тэхнічныя рашэнні.

Мы не запускалі ніякіх буйных праектаў, таму што, па сутнасці, уся энергія накіравана на дапамогу тым, хто больш за ўсё ў ёй мае патрэбу.

Від на найбуйнейшы ў Львове модульны гарадок для ўцекачоў і перасяленцаў. 11 лютага 2023 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

– Што можна назваць самым вялікім дасягненнем у такі няпросты час?

– Памятаю, як у першыя тыдні вайны я часта чуў ад журналістаў з іншых краін пытанне аб тым, як функцыянуе перанаселены ў некалькі разоў горад… Мы ставіліся да ўсіх, хто прыехаў сюды, як да родных.

У маёй хаце жылі людзі. Украінцы, якія ўцяклі ад вайны, таксама спыняліся ў маіх калегаў і сяброў.

Многія львавяне адкрылі свае хаты для бежанцаў. Я ганаруся такім стаўленнем. Яны падзяліліся ўсім, што ў іх было, каб дапамагчы сваім суайчыннікам. Асабіста для мяне яны сталі нашымі «новымі львавянамі». І, на мой погляд, гэта пачуццё адказнасці, тактоўнасць, спачуванне – стала тым падмуркам, дзякуючы якому Львоў паспяхова сустрэў новыя выклікі гэтага часу.

Цяпер мы прыкладаем значныя намаганні для дапамогі параненым вайскоўцам і знаходзім для гэтага нават самыя незвычайныя рашэнні. Гэта матывуе людзей. Мы проста жывем у новым рытме.

Вядома, кожны марыць аб як мага хутчэйшай перамозе. Пра новую зброю, якую просіць Украіна. Ведаеце, год – гэта сапраўды не так ужо і шмат. Мяркую, мы зможам прааналізаваць гэты перыяд толькі тады, калі пераможам. І цяпер мы знаходзімся ў цэнтры гэтых працэсаў. Але як горад мы прадэманстравалі сваю падрыхтаванасць да новых выклікаў. Гэта праца, у якой удзельнічае кожны жыхар.

«Мы з’яўляемся сведкамі прыкладаў вялікай самаахвярнасці»

– Што для вас, як для мэра Львова, стала асаблівым адкрыццём?

– У многіх бежанцаў, якія прыбываюць у Львоў, былі трывожныя думкі. Яны непакоіліся, як іх тут прымуць. Асабліва выхадцы з усходу, часта заражаныя праз расейскую прапаганду міфамі пра «крыважэрных львоўцаў», якія не церпяць выхадцаў з Усходу ці расейскамоўных. Але ж іх чакаў сюрпрыз. Таму што, пажыўшы ў Львове ўсяго некалькі дзён ці даўжэй, яны разумелі, што іх прымаюць як сваіх.

Міжнародныя арганізацыі, калегі з розных краін свету таксама сёння ставяцца да нас як да роўных, няма такой перавагі, якая адчувалася раней.

Мэр Львова Андрэй Садавы.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат

Такія паняцці, як рыцарства, гонар, адвага – пра гэта можна прачытаць у кнігах. Але тут, ва Украіне, у Львове, мы бачым гэта штодня.

Напрыклад, калі маленькія дзеці адмаўляюцца ад забаў, каб дапамагчы іншым. Мой сын пёк паляніцы (від хлеба – belsat.eu), а адзін з яго сяброў варыў кампоты. Потым яны прадавалі іх, каб ахвяраваць грошы Узброеным сілам Украіны. Дзеці 10-12 гадоў. Хтосьці на плошчы грае на гітары і аддае атрыманыя грошы на войска. Людзі ахвяруюць свае пенсіі, прадпрымальнікі –свае дзённыя заробкі нашым салдатам.

Цяжка ўявіць, настолькі людзі гатовыя аддаць усё, што маюць, каб наблізіць перамогу. Мы з’яўляемся сведкамі прыкладаў вялікай самаахвярнасці.

– Львоў – унікальны горад яшчэ і з-за сваёй блізкасці да мяжы. Якія змены адбыліся ў жыцці горада?

– Львоў – гэта такая крыніца энергіі. Да вайны наш горад прымаў мільёны турыстаў. 10 гадоў таму мы былі суарганізатарамі чэмпіянату Еўропы па футболе. Цяпер прымаем бежанцаў і параненых.

Львоў стаў месцам, дзе адкрылі свае офісы шматлікія міжнародныя арганізацыі. У першыя месяцы ў Львоў пераехала амаль 100 пасольстваў з Кіева.

Гэта быў новы выклік. Многія прадпрымальнікі, якія шукалі больш бяспечнае месца для свайго бізнесу, каб абараніць яго ад вайны, знайшлі тут новы дом. Асабліва з Харкаўскай, Луганскай і Запарожскай абласцей. Яны вырашылі застацца ва Украіне. Іх грошы застаюцца і кормяць ўкраінскую эканоміку. Яны ствараюць працоўныя месцы.

Як гарадскія ўлады, мы дапамаглі ім пераехаць. Напрыклад, адзін з папулярных сёння львоўскіх рэстаранаў «Шалом» заснаваў адэсіт. Падобных рэстаранаў і кавярняў, якія пераехалі ў Львоў з усходу і поўдня краіны, шмат. Сёння ўсе яны складаюць непаўторны краявід Львова. А вось новыя людзі тут вельмі хутка адаптуюцца.

Людзі ходзяць па вуліцах Львова з умацаванымі будынкамі. 21 лютага 2023 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

– Да поўнамаштабнага расейскага ўварвання Львоў быў горадам, вядомым у першую чаргу як турыстычны, з налётам настальгіі і сентыментальнасці…

– Сёння ён паказвае сябе з цалкам новага боку. Горад служыць адным з найбуйнейшых цэнтраў гуманітарнай дапамогі ў свеце. Ужо за месяц да вайны мы паспелі падрыхтаваць 500 гарадскіх лакацыяў пад прытулкі на выпадак хвалі бежанцаў. Гэта дапамагло нам на першым этапе вайны. Першыя дні пасля расейскага ўварвання былі, бадай, найцяжэйшымі праз перажыты ўсімі стрэс. Потым усё крыху супакоілася.

«Цяжэй за ўсё глядзець у вочы дзецям, якія страцілі бацькоў на вайне»

– Трохі… Сапраўды, ці можа нармалізавацца ўсё?

– Сёння, вядома, мы ўсе перажываем за нашых вайскоўцаў. Нам асабліва блізкі лёс байцоў брыгады тэрытарыяльнай абароны, сфармаванай з львавян. Зараз брыгада змагаецца ў раёне Бахмута, які з’яўляецца адным з найбольш складаных участкаў фронту.

Гэта цяжкі час. Кожны тыдзень мы развітваемся з нашымі героямі.

Асабіста для мяне цяжэй за ўсё глядзець у вочы дзецям, якія страцілі бацькоў на вайне…

– Вы згадалі, што Львоў таксама зʼяўляецца адным з гарадоў, куды трапляюць параненыя салдаты. Тут жа яны праходзяць рэабілітацыю. Як гэта адбываецца, як з гэтым спраўляецца горад?

– Нядаўна ў Львове стартавала муніцыпальная праграма дапамогі ў рэабілітацыі параненых ваяроў. Падыход досыць арыгінальны і заключаецца ў арганізацыі для такіх вайскоўцаў вандровак у найбольш цікавыя месцы горада.

Акрамя таго, нядаўна мы пачалі маштабны праект па рэабілітацыі. Ён называецца «Unbroken» (у перакладзе з ангельскай – «нязломны»).

Гэта будзе комплексны рэабілітацыйны цэнтр, дзе штогод змогуць атрымліваць дапамогу 50 тысяч пацыентаў. Тут будуць сабраныя найноўшыя тэхналогіі рэканструкцыі, якія аб’яднаюць рэканструктыўную хірургію, артапедыю і рабатызаванае пратэзаванне. Унікальнасць гэтага цэнтра заключаецца ў тым, што ён не толькі будзе забяспечваць пацыентаў пратэзамі, але і тут жа, на месцы, гэтыя пратэзы будуць вырабляцца і абслугоўвацца.

Цэнтр будзе арыентаваны на рэабілітацыю як вайскоўцаў, так і грамадзянскіх асобаў, якія пацярпелі падчас вайны. Праца ў гэтым кірунку ўжо пачалася. Гэта будзе адзін з найбуйнейшых рэабілітацыйных цэнтраў у Еўропе. Для каардынацыі дзейнасці ў гэтым кірунку з міжнароднымі партнёрамі Львоў ужо запусціў платформу «UNBROKEN Ukraine».

– На вуліцах горада можна сустрэць людзей не толькі з усёй Украіны, але і з розных куткоў свету, чуваць розныя мовы, часта польскую. Ці Львоў не страціў сваёй прывабнасці? Як гэта атрымалася, хто яго госці?

– Цяпер у Львоў прыязджае шмат прадстаўнікоў самых розных колаў. Яны назіраюць, як горад выжывае і вучыцца адольваць нетыповыя ўмовы. Пазней яны пераносяць гэты досвед на ўласную глебу. Іх цяжка назваць турыстамі. Яны праводзяць тут некаторы час, пачынаюць лепш разумець і пазнаваць горад. Калі раней сюды прыязджалі, скажам, «на келіх віна і кубачак кавы», пранікнуцца атмасферай гістарычнага горада і паразважаць, то сёння яны прыязджаюць у горад, які зʼяўляецца сімвалам непахіснасці. Яны вязуць з сабой зусім практычныя веды – як вырашаць, напрыклад, праблемы ў эканамічнай, інвестыцыйнай або медычнай сферы.

Мэр Львова Андрэй Садавы.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат

Я перакананы, што мы сталі горадам, які дае моц і энергію. Хоць у нас таксама былі дзясяткі расейскіх ракетных удараў. І ў нас былі ахвяры.

«Палякі сталі разумець нас лепш»

– Львоў і Польшча… Ці змянілася атмасфера ўзаемаадносін за апошні год, і калі так, то як?

– Дастаткова зірнуць на каляндар афіцыйных сустрэч, якія Львоў прымаў цягам апошняга года, каб убачыць, колькі з іх было звязана з Польшчай. Афіцыйныя дэлегацыі з гуманітарнай і вайсковай дапамогай, дыпламатычныя місіі і сустрэчы прэзідэнтаў.

Акрамя таго, адбываецца мноства прыватных візітаў. Чалавек можа вельмі па-рознаму рэагаваць пад ціскам абставінаў, таму я з вялікай павагай стаўлюся да палякаў, да польскіх мэраў і прэзідэнтаў гарадоў, якія тут былі, хто раздзяліў з намі нашу бяду. Шмат з іх у першыя дні вайны тэлефанавалі і прапаноўвалі дапамогу.

Сёння я перакананы, што палякі сталі разумець нас лепш. Мы таксама сталі лепш разумець палякаў. Яны для мяне адна вялікая сям’я. Гэтая сувязь паміж украінцамі і палякамі непарыўная.

– Што б вы сказалі тым, для каго Львоў важны, хто цікавіцца гэтым горадам, але з розных прычын не можа наважыцца сюды прыехаць?

– Калі ў чалавека, акрамя цікаўнасці, ёсць такая ўнутраная моц і мужнасць – варта прыняць рашэнне і прыехаць. Бог абароніць. Вядома, наш горад не абаронены на 100% ад расейскіх ракет, але ўсё ж… Пры выкананні правілаў бяспекі – гэта значыць калі падчас трывогі вы сыходзіце ў бяспечнае месца – гэтага дастаткова, каб адчуваць сябе ў некаторай бяспекі. Тады вы зможаце ўбачыць усё на ўласныя вочы. Праз прызму тэлебачання гэтага не адчуваеш, таму, вядома, палякам у Львове рады.

На рынку Вернісаж ў Львове. 17 лютага 2023 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Горад змог сумясціць зачараванне даваеннага жыцця з цяперашнімі ўмовамі вайны. Увесь рытм, у якім цяпер жыве Львоў, стварыў непаўторную атмасферу. Вельмі натхняльна.

Наш горад стаў «месцам сілы» – як для тых, хто жыве тут усё жыццё, так і для тых, хто прыязджае сюды на час.

Гутарыў у Львове Анджэй Канько

belsat.eu / Авер

Стужка навінаў