З кім паспеў сустрэцца Аляксандр Лукашэнка на кліматычным саміце ў Дубаі


1 снежня ў Дубаі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця Сусветнага саміту па барацьбе са зменамі клімату СОР 28 (працягнецца да 12 снежня). Мяркуецца, што ўдзельнікамі мерапрыемства ў першыя дні стануць каля 150 кіраўнікоў дзяржаваў. Прыехаў на саміт і Аляксандр Лукашэнка. Мы паглядзелі, з кім цягам дня паспеў сустрэцца беларускі палітык.

Агульны здымак удзельнікаў кліматычнага саміту СОР 28, на якім побач з Лукашэнкам не захацелі фатаграфавацца прэзідэнты Літвы, Латвіі і Польшчы.
Фота: COP28 UAE / X

Тэлеграм-канал «Пул першага» вельмі старанна асвятляе ўсе спатканні Лукашэнкі, паказваючы ўсіх лідараў, з якімі бачыўся палітык. Пры гэтым зусім не значыць, што кожнае спатканне было роўным хаця б кароткім перамовам.

Так, у «Экспа-Сіці» Аляксандра Лукашэнку вітаў прэзідэнт ААЭ Мухамед бен Заід аль-Нахаян і генсек ААН Антоніў Гутэрыш.

Аляксандр Лукашэнка, прэзідэнт ААЭ Мухамед бен Заід аль-Нахаян і генсек ААН Антоніў Гутэрыш.
Фота: Пул первого / Telegram

Кулуарныя сустрэчы адбыліся з лідарамі Кубы, Зімбабвэ і Тога.

Сустрэча Лукашэнкі з лідарамі Кубы, Зімбабвэ і Тога.
Фота: Пул первого / Telegram

Як і анансаваў Лукашэнка перад паездкай, менавіта з афрыканскімі лідарамі ў яго было найбольш спатканняў, сярод іх былі прэзідэнты Батсваны, Экватарыяльнай Гвінеі, Конга і Кеніі.

З прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвай Лукашэнка сустрэўся асобна пасля цырымоніі адкрыцця.

Аляксандр Лукашэнка праводзіць перамовы з Эмерсанам Мнангагвай пасля цырымоніі адкрыцця кліматычнага саміту.
Фота: Пул первого / Telegram

З прэзідэнтам Кеніі Лукашэнка таксама правёў асобныя перамовы і паразмаўляў пра неабходнасць выбудовы плану развіцця двухбаковага супрацоўніцтва.

Як з даўнім сябрам прайшла сустрэча Лукашэнкі з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым.

Сустрэча з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым.
Фота: Пул первого / Telegram

Удалося Аляксандру Лукашэнку сустрэцца таксама з лідарам Каморскіх выспаў і прэм’ер-міністрам Манголіі.

Асаблівай удачай можна лічыць сустрэчу з прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам. Менавіта побач з ім сядзеў Лукашэнка і на цырымоніі адкрыцця саміту.

Лукашэнка на хаду вядзе перамовы з прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам.
Фота: Пул первого / Telegram

Пазней Вучыч пераказаў, пра што яны размаўлялі з Лукашэнкам і паведаміў, што мае надзею на тое, што ўдасца арганізаваць візіт Лукашэнкі ў Сербію ў наступным годзе, дзе можна будзе «абмеркаваць усе асноўныя пытанні двухбаковага парадку дня».

А вось прэзідэнты Літвы, Латвіі і Польшчы не захацелі фатаграфавацца побач з Лукашэнкам на традыцыйным агульным фотаздымку з удзелам усіх лідараў.

«Было б крывадушна стаяць плячом да пляча з кіраўніком дзяржавы, якая стала плацдармам агрэсіі Раіі супраць Украіны, і як ні ў чым не бывала абмяркоўваць будучыню свету і змяненне клімату. Беларускі рэжым спрыяе разбурэнню будучага свету і разам з Расеяй нясе адказнасць за тое, што адбываецца ва Украіне – ад гібелі людзей да катастрафічнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Гэта называецца сямейным фота. Лукашэнка не належыць да той сям’і, да якой мы хочам належаць», – адзначыў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

Агляд
Лукашэнка паедзе на кліматычны саміт у Дубай, каб дамагчыся пацяплення… палітычнага
2023.11.29 14:41

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў