1 снежня пачнуць судзіць журналіста Генадзя Мажэйку


1 снежня ў Менску распачнецца суд над палітзняволеным журналістам «Комсомольской правды» Генадзем Мажэйка. Справу палітвязня перадалі ў Менскі гарадскі суд яшчэ ў пачатку кастрычніка.

Генадзь Мажэйка.
Фота: kp.ru

Менскі гарадскі суд 1 снежня распачне разглядаць справу палітвязня Генадзя Мажэйкі. Журналіста «Комсомольской правды» абвінавачваюць у парушэнні адразу двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: аб «распальванні сацыяльнай варожасці» (арт. 130 КК РБ) і аб «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК РБ).

Падставай для пераследу журналіста стаў артыкул, апублікаваны на афіцыйным сайце газеты неўзабаве пасля таго, як стала вядома пра страляніну ў кватэры на вуліцы Якубоўскага ў Менску, у выніку якой загінулі IT-спецыяліст Андрэй Зельцар і супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк. У матэрыяле, апублікаваным на сайце kp.by, аднакласніца Зельцара Вера Салаўёва дзялілася добрымі ўспамінамі пра забітага айцішніка.

Матэрыял выклікаў абурэнне ўладаў: «КП в Беларуси» абвінавацілі ў «абяленні тэрарыста» і «прапагандзе экстрэмізму». Раніцай 29 верасня сайт kp.by быў заблакаваны, а 5 кастрычніка маскоўскае кіраўніцтва «КП» абвесціла пра закрыццё свайго прадстаўніцтва ў Беларусі.

Генадзя Мажэйка ўжо больш за год утрымліваюць у СІЗА, яго затрымалі 1 кастрычніка 2021 года ў аэрапорце ў Маскве і вярнулі ў Беларусь. Амаль адразу пасля затрымання беларускія праваабаронцы прызналі Генадзя Мажэйку палітычным вязнем.

Гісторыі
Журналіст Генадзь Мажэйка ўжо год у СІЗА за матэрыял пра Андрэя Зельцара. Што вядома пра справу?
2022.10.01 08:30

Крыніца вокладкі: baj.by

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў