Допуск да Алімпіяды беларусаў і расейцаў – рэч амаральная

Рэкамендацыі МАК наконт допуску беларускіх і расейскіх спартоўцаў да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях называе амаральнымі абсалютная большасць былых спартоўцаў і цяперашніх афіцыйных прадстаўнікоў сусветных дзяржаваў. Дый, на добры толк, рэкамендацыі – гэта яшчэ не пастановы. 

Прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) Томас Бах выступае на паседжанні выканаўчай рады МАК. Лазана, Швейцарыя. 28 сакавіка 2023 года.
Фота: Coffrini / AFP / East News

Рэкамендацыю Міжнароднага алімпійскага камітэту дапусціць беларусаў і расейцаў да сусветных спаборніцтваў з пэўнымі абмежаваннямі агучыў на прэс-канферэнцыі 28 сакавіка прэзідэнт МАК Томас Бах. Гаворка ў рэкамендацыях ідзе пра тое, каб спартоўцы Беларусі і Расеі маглі ўдзельнічаць у індывідуальных відах спорту і ў нейтральным статусе.

Мяркую, допуск да Алімпійскіх гульняў – 2024 спартоўцаў Беларусі і Расеі, хай сабе і даволі ўмоўны, з вялікімі абмежаваннямі, пастанова вельмі сумнеўная. Перш за ўсё, з маральнага гледзішча. Гэта пастанова людзей, вельмі далёкіх ад гора і слёзаў.

На маю думку, у пэўнай ступені гэта – абраза памяці тых украінскіх спартоўцаў і трэнераў, якія загінулі падчас расейскай агрэсіі: або ў баях, абараняючы Радзіму са зброяй у руках, або пад заваламі пасля абстрэлаў цывільных будынкаў, або пры спробе выбрацца разам з сям’ёю з гарачага пункту, ад стрэленых ва ўпор куляў захопнікаў.

Узгадваецца самая малодшая з гэтага трагічнага спісу – 11-гадовая мастацкая гімнастка Кацярына Дзячэнка. Яна ўжо ніколі не зможа паўдзельнічаць у спаборніцтвах, тады як прадстаўнікі краіны, з якой прыляцелі забойцы, яшчэ могуць узысці на пераможны п’едэстал.

Кожны асабіста можа пазнаёміцца з імёнамі атлетаў, пераможцаў і рэкардсменаў чэмпіянатаў Украіны, пераможцаў і прызёраў чэмпіянатаў Еўропы і кубкаў свету, якіх страціла Украіна падчас гэтай вайны – яны ўвекавечаныя ў мемарыяле на адмыслова створаным сайце «Янголи спорту».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. На здымку (злева направа) – срэбная прызёрка Алімпійскага камітэту Расеі Дзіна Аверына, залатая прызёрка Ліной Ашрам з Ізраілю і бронзавая прызёрка Аліна Гарнасько з Беларусі на летніх Алімпійскіх гульнях 2020 года ў Токіа, Японія. 7 жніўня 2021 года.
Фота: Ashley Landis / AP Photo / East News

Няхай не ўсе прадстаўлялі алімпійскія віды спорту і далёка не ўсе маглі прэтэндаваць на траплянне ў алімпійскую зборную Украіны на гульні-2024 у Парыжы, але такія, несумненна, былі сярод тых, хто меў няшчасце апынуцца ў фатальным месцы.

Не я адзін прытрымліваюся такой думкі. З асуджэннем пазіцыі МАК выступілі многія былыя спартоўцы і дзейныя афіцыйныя прадстаўнікі сусветных дзяржаваў.

Менавіта на гэтае ўпартае неразуменне чужога гора, якое, як вядома, «чужым» не мусіць быць, звярнуў увагу ў сваім «Тўітэры» легендарны чэшскі хакеіст Домінік Гашэк:

«Спадару Баху! Сваёй заяваю вы з сённяшняга дня бераце на сябе асабістую адказнасць за кожнага забітага і раненага жаўнера. Вы будзеце адказваць перад сваякамі да самой смерці. Вы паказалі, што чалавечае жыццё для вас нічога не значыць».

Раскрытыкаваў ужо самую магчымасць допуску на Алімпіяду расейцаў і беларусаў у сённяшніх варунках і прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі:

«Пастанова МАК вярнуць да спаборніцтваў расейскіх спартоўцаў – гэта скандал і здрада сапраўднаму духу спорту. Я рэкамендаваў міністру спорту і турызму Камілю Бартнічуку перадаць цвёрдую нязгоду кіраўніцтву Міжнароднага алімпійскага камітэту. Мы зробім усё магчымае, каб захаваць спорт вольным ад расейскага ўплыву»

Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Польшчы Лукаш Ясіна выказаў вялізнае расчараванне пастановаю МАК:

«Мы глыбока не згодныя з маральным падтэкстам таго, што агучылі на выканаўчай радзе Міжнароднага алімпійскага камітэту. Міністэрства замежных справаў Польшчы збіраецца апратэставаць гэтую пастанову. Планы пакуль не ўдакладняюцца, яны залежаць ад раскладу спартовых падзеяў, палітычных пастановаў. Мы за поўнае выключэнне прадстаўнікоў краінаў, адказных за агрэсію».

Кіраўнік спартова-турыстычнай галіны Польшчы Каміль Бартнічук выказаў думку, што цяпер усе пастаўленыя ў рэжым чакання:

«Адразу байкатаваць гульні мы не будзем. Але, калі МАК не адступіць, мы мусім быць гатовыя паставіць пытанне рубам. Бо цэлых 72,6 % рэспандэнтаў, паводле апытання недзяржаўнай арганізацыі IBRiS, не хочуць, каб спартоўцы з Расеі і Беларусі ўдзельнічалі ў Алімпіядзе. МАК грашыць наіўнасцю, калі верыць у «нейтралітэт» зборнай Расеі на Алімпійскіх гульнях».

Такой жа думкі прытрымліваецца і старшыня Шведскай спартовай канфедэрацыі Б’ёрн Эрыксан:

«Вельмі сумна і зусім немэтазгодна з боку МАК прымаць такую пастанову, калі сітуацыя, у якой мы апынуліся праз тое, што адбываецца ва Украіне, ніяк не слабее. Я думаю, што адрозніваць, якія спартоўцы «нейтральныя», а якія не, – гэта ілюзія, бо ёсць вялізная рызыка ўчыніць памылку».

Прадстаўніца іншай скандынаўскай краіны, выканаўчая дырэктарка і генеральная сакратарка Алімпійскага камітэту Фінляндыі Тайна Сусілуота, салідарная  са шведскім калегам:

«Фінляндыя пацвярджае сваю пазіцыю: у цяперашняй сітуацыі спартоўцы Расеі і Беларусі не мусяць удзельнічаць у Алімпіядзе. Трэба сказаць смела: час для вяртання расейскіх і беларускіх спартоўцаў яшчэ не прыйшоў. Сувязь з арміяй або органамі бяспекі выключае вялізную колькасць спартоўцаў, калі ведаць, як пабудаваны спорт у Расеі і Беларусі. А ў гэтым ёсць небяспека выкарыстання спорту ў прапагандысцкіх мэтах».

Не засталася ў баку і Чэхія. Міністр замежных справаў гэтае краіны Ян Ліпаўскі прайшоўся яшчэ больш жорстка і канкрэтна па расейскім спорце:

«Я расчараваны рэкамендацыяй МАК. Мы не мусім заплюшчваць вочы на рэальнасць. Расейскі спорт цэнтралізавана кантралюецца Крамлём. Расейскі рэжым не ведае, што такое сумленная гульня. Ягоныя прадстаўнікі не мусяць удзельнічаць у Алімпійскіх гульнях. Мы працягнем займацца гэтым пытаннем, у тым ліку і на паседжаннях экспертнай групы».

На добры толк, рэкамендацыі – гэта яшчэ не пастановы. Большасць мае згоду, што канчатковы вердыкт проста адкладзены на няпэўны час. Так, ужо прыйшла першая інфармацыя пра спаборніцтвы, дзе не будуць выкарыстоўваць рэкамендацыяў МАК.

Марцін Новак, кіраўнік аргкамітэту III Еўрапейскіх гульняў, што адбудуцца сёлета з 21 чэрвеня да 2 ліпеня ў польскім Кракаве і будуць мець статус кваліфікацыйных для Алімпіяды ў Парыжы, заявіў:

«Спартоўцы, якія прадстаўляюць Расейскую Федэрацыю і Беларусь, не будуць прысутнічаць на нашых гульнях ні пры якіх умовах. І калі асобныя міжнародныя федэрацыі пазбавяць Еўрапейскія гульні ў Кракаве кваліфікацыйнага статусу для Алімпіяды ў Парыжы, спаборніцтваў у асобных дысцыплінах проста не будзе. А ў нас 19 з 29 відаў праграмы трапляюць пад грыф «адборачныя». Найбольш небяспечным і спрэчным мы бачым фехтаванне, міжнародная федэрацыя якога пагадзілася дапусціць расейцаў і беларусаў да міжнародных стартаў. Але мы не адступім дакладна!»

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў