Амерыканскі ISW прааналізаваў спробы Лукашэнкі выставіць Беларусь суверэннай дзяржавай


Інстытут вывучэння вайны заявіў, што Аляксандр Лукашэнка, нягледзячы на «фактычную акупацыю расейскімі войскамі», спрабуе выставіць Беларусь суверэннай дзяржавай. Палітык робіць гэта, каб пасля заканчэння вайны ва Украіне ў яго была магчымасць патрабаваць ад Масквы забраць з тэрыторыі рэспублікі сваіх вайскоўцаў.

Расейскія вайскоўцы ў Беларусі. 23 кастрычніка 2022 года.
Фота: Мінабароны Беларусі / Telegram

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны пракаментаваў заявы Аляксандра Лукашэнкі ў звароце да народу і Нацыянальнага сходу. Як гаворыцца ў чарговай штодзённай справаздачы аналітыкаў, ён спрабуе выставіць Беларусь суверэннай дзяржавай, «нягледзячы на яе цяперашнюю фактычную акупацыю расейскімі войскамі». Для гэтага палітык «працягвае выкарыстоўваць гучныя публічныя заявы»:

«Лукашэнка паўтарыў шаблонную рыторыку аб тым, што ён з’яўляецца раўнапраўным партнёрам прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна ў абароне Расеі і Беларусі, відавочна намаляваўшы Беларусь як мішэнь гібрыднай вайны Захаду – наратыў, які Лукашэнка прасоўвае з 2020 года».

Лукашэнка распавядаў пра сумесныя з Пуціным дамоўленасці аб ядравай зброі, аб сумеснай рэгіянальнай групоўцы войскаў у Беларусі. Таксама ён адмаўляў, што «Расея нешта захапіла ў Беларусі», і сцвярджаў, што яму падпарадкоўваюцца расейскія вайскоўцы, якія навучаюцца на палігонах у краіне.

«Лукашэнка, імаверна, імкнецца выкарыстаць наратыў аб тым, што Беларусь – цалкам суверэнная дзяржава і раўнапраўны партнёр Расеі, каб ён мог выкарыстоўваць інфармацыйныя рычагі і патрабаваць вываду расейскіх войскаў з Беларусі пасля завяршэння вайны ва Украіне», – адзначаецца ў справаздачы ISW.

Аналітыка
Курс на таталітарызм і ядравы шантаж. У чым сэнс звароту Лукашэнкі
2023.03.31 21:14

Эксперты Інстытуту таксама прааналізавалі новую Канцэпцыю вонкавай палітыкі Расеі, якую 31 сакавіка ўхваліў прэзідэнт Пуцін. Гэты дакумент накіраваны на падтрымку спробаў Крамля стварыць антызаходнюю кааліцыю, мяркуюць у ISW.

«Новая Канцэпцыя малюе Захад антырасейскай і міжнароднай дэстабілізуючай сілай у значна большай ступені, чым папярэдняя Канцэпцыя 2016 года, і наўпрост сцвярджае, што ЗША і іхныя «сатэліты» развязалі гібрыдную вайну, накіраваную на аслабленне Расеі», – гаворыцца ў справаздачы.

Hавiны
Умовы вызвалення Пачобута і «вяртанне ядравай зброі». Галоўнае з 4-гадзіннага выступу Лукашэнкі
2023.03.31 17:26

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў