Аб'ектыў 26.10.2017 Змагары з карупцыяй падлічылі грошы Пуціна


Казачнае багацце – $ 24 млрд – удалося назапасіць людзям з бліжэйшага атачэння Уладзіміра Пуціна. Такую лічбу ў сваім новым расследаванні прыводзіць Цэнтр даследавання карупцыі і арганізаванай злачыннасці. Справаздачу «Пуцін і пасярэднікі» рабілі на аснове разлікаў цэнтру, а таксама паводле ацэнак часопісу «Форбс» за 2017-ты год.

«Па сутнасці, мы аб’ядналі ў адзінае кола людзей, якія не з’яўляюцца прадпрымальнікамі, бізнесменамі альбо алігархамі, але зʼяўляюцца людзьмі з бліжэйшага атачэння прэзідэнта, ды фактычна валодаюць велізарнымі актывамі, самі пра тое часам не ведаючы», – тлумачыць аўтар справаздачы Раман Шлейнаў.

У справаздачы згадваюць 21-ну асобу

Сярод іх – браты Аркадзій і Барыс Ратэнбергі, віяланчэліст Сяргей Ралдугін, дачка Пуціна Кацярына Ціханава, бізнесовец Генадзій Цімчанка ды іншыя. Сярод згаданых – таксама сын стрыечнай сястры прэзідэнта Расеі Міхаіл Шаломаў, які назапасіў актывы памерам некалькі соцень мільёнаў долараў. Характэрна, што Шаломаў здзівіўся пытанню пра нажытыя актывы, паведаміўшы журналістам, што чуў пра пакеты акцыяў буйных кампаніяў, якія яму належаць, але не больш за тое.

«Уласна, гэта наводзіць мяне на простую думку. Калі адзін з іх далёкі сваяк Пуціна, а другі – сябар дзяцінства, а трэці – хросны бацька ягонай дачкі, то, мабыць, яны не распараджаюцца гэтымі актывамі, а імі, магчыма, распараджаецца Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін», – мяркуе Раман Шлейнаў.

Пошукам багацця Пуціна неаднаразова займаліся журналісты і палітыкі

Толькі апошнім часам Фонд барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага апублікаваў дзясяткі расследаванняў, у якіх распавядалася пра багацці людзей з бліжэйшага атачэння прэзідэнта Расеі. У сакавіку 2011-га года апазіцыйны палітык Барыс Нямцоў, якога праз 4 гады забʼюць на Вялікім Маскварэцкім мосце, прэзентаваў грамадскасці даклад «Пуцін. Карупцыя», у якім таксама згадваліся сябры Пуціна.

Уладзімір Пуцін заўсёды адмаўляў наяўнасць у яго якіх-небудзь сурʼёзных ашчаджэнняў. У інтэрвʼю амерыканскаму рэжысёру Олівэру Стоўну ён нават пажартаваў пра адсутнасць такой патрэбы – маўляў, у труне кішэняў няма, і грошы на той свет усё адно не забярэш.

А таму дакладна падлічыць фінансы расейскага прэзідэнта пакуль немагчыма. Зрэшты, галоўнае – мець не 100 рублёў, а 100 сяброў. Напрыклад, такіх, як ва Уладзіміра Пуціна.

Віталь Бабін, «Белсат», фота: Mudrats Alexandra / ITAR-TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары