Жыхары вёскі мараць пра турму, каб лепей жыць


Ільготы, за якія давядзецца пазмагацца, – у вёсцы Граб’ё, што ў Акцябрскім раёне, няма прыроднага газу, і жыхары купляюць яго ў балонах. Яшчэ летась адзін балон каштаваў каля Br 11, а цяпер – у тры разы даражэй.

«Прывозяць мне ў панядзелак газ, 31 рубель 52 капейкі! Я кажу – каго страляць? – на гэтых газавікоў. Ён кажа: баба, за каго галасавалі, таго і страляйце!», – скардзіцца жыхарка вёскі.

Кошты змяніліся з новым указам Лукашэнкі

Паводле яго, атрымаць газ за ільготныя Br 11 могуць толькі ўласнікі дамоў.

«Мы распавядаем пра тое, што няважна што ты там жывеш 50 год, сваю нерухомасць трэ зарэгістраваць, раней гэтага не трэба было рабіць, а сёння трэба гэтыя дакументы, каб атрымаць льготу», – патлумачыла Валянціна Шлапакова, кіраўніца справамі райвыканкаму.

Звяртацца па дакументы вяскоўцам прапаноўваюць у бюро тэхнічнай інвентарызацыі – праваўстанаўляльны дакумент на дом, у залежнасці ад велічыні надзелу і стану самога дому, будзе каштаваць ад Br 300. Праўда, для старажылаў вёскі райвыканкам можа выдаць бясплатную даведку.

«Дазволілі выдаваць сельсаветам па гаспадарчай кнізе – што бабушка з 1925 жыве ў гэтым доме і ніякія дакументы яна рабіць не будзе, мы ведаем, што запісалі ў гэтую кнігу, і гэтая даведка зʼяўляецца дакументам, каб атрымаць льготы – пры ўмове рэгістрацыі грамадзяніна ў гэтым доме», – дадала спадарыня Шлапакова.

Хутка вяскоўцаў могуць пазбавіць і гэтых ільготаў

Паводле плану развіцця, што Савет міністраў прыняў на пачатку года, ужо з наступнага года беларусы будуць аплочваць поўны кошт камунальных паслугаў.

«Сынок, мо ты тут што напішаш, дык нас пасадзяць? Хай садзяць! Там даюць пахлёбкі, чай мне дадуць? Чай у турме даюць? Я вельмі люблю чай!», – уздыхае бабуля.

Настасся Храловіч, «Белсат»