Журналістам TUT.BY пагражае да двух гадоў турмы


Чорны дзень беларускай прэсы. Васьмёра арыштаваных журналістаў, ператрусы ў офісах, канфіскаваныя жорсткія дыскі камп’ютараў і пагроза да двух гадоў турмы. Журналістаў парталу Тут.бай ды інфармацыйнага агенцтва БелаПАН вінавацяць у несанкцыянаваным доступе да матэрыялаў дзяржаўнай агенцыі БелТА, закрытых паролем. Кіраўніцтва TUT.BY і БелаПАНу кажа пра абсурднасць крымінальнай справы.

Сёння, неўзабаве пасля сёмай раніцы, міліцыянты ачапілі вось гэты будынак на праспекце Дзяржынскага ў Менску. Мэтаю спецаперацыі былі офісы папулярнага беларускага парталу Тут.бай.

Вонкавае атачэнне сілавікі неўзабаве знялі, але ў памяшканні ператрус адбываўся цэлы дзень.

«Напэўна, чалавек 20 гэтым займаюцца, калі не больш. Там кіраванне Менскага гарвыканкаму, Следчы камітэт. Вельмі ветліва, ахайна ўсё», – распавядае Юрый Зісер.

Паводле Следчага камітэту, ператрусы адбываліся ў межах крымінальнай справы, распачатай па заяве інфармацыйнага агенцтва БелТА. Дырэктар згаданага дзяржаўнага ўнітарнага прадпрыемства пацвердзіла гэта ў інтэрв’ю «Нашай Ніве».

«Гаворка пра элементарны крадзеж і несанкцыяваны доступ. У БелТА ёсць падпіска на інфармацыйную стужку – людзі плацяць за яе грошы ды першымі атрымліваюць інфармацыю, якой яшчэ няма на сайце. Згаданыя асобы грошай не плацілі, але пад чужымі паролямі падключаліся да гэтай стужкі і выкарыстоўвалі інфармацыю, вось і ўсё», – распавяла дырэктарка БелТА Ірына Акуловіч.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, галоўную рэдактарку TUT.BY Марыну Золатаву і прынамсі яшчэ адну ейную калегу Ганну Калтыгіну арыштавалі ў якасці падазраваных на трое содняў, пасля чаго ім маюць выставіць абвінавачанні ці вызваліць. Неафіцыйна паведамляюць пра затрыманне яшчэ чатырох супрацоўнікаў парталу – Ганны Ермачонак, Дзмітрыя Бобрыка, Ульяны Бабаед і Галіны Уласік. Дачцэ Уласік – Валерыі – следчыя паведамілі праз тэлефон, што арыштоўваюць маці на трое содняў. Галіне Уласік, як і астатнім, інкрымінуюць 2-ую частку артыкулу Крымінальнага кодэксу 349 – незаконны доступ да кампʼютарнай інфармацыі.

«Я не веру, што яны быццам нешта там узламалі, што ў іх няма грошай на падпіску на гэтую БелТА. Проста запужваюць. Запужваюць усімі метадамі магчымымі», – кажа Валерыя Уласік.

Неўзабаве пасля пачатку ператрусу на TUT.BY аналагічная аперацыя распачалася ў сядзібе незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Адначасова журналістку агенцтва Таццяну Каравянкову, якую следчы камітэт назваў падазраванай у кампʼютарным узломе, затрымалі ў вёсцы Жодзішкі ў Гарадзенскай вобласці, дзе яна адпачывала з маці, і ўчынілі ператрус на ейным лецішчы. Месцазнаходжанне жанчыны на момант выхаду матэрыялу ў мантаж не вядомае.

«У кватэры яна не зʼяўлялася, яе не прывозілі – там стаяць нашыя журналісты. І, паводле інфармацыі ад адваката, у Следчым камітэце яе пакуль таксама няма», – распавядае галоўная рэдактарка Ірына Леўшына.

Пасля 7-гадзіннага ператрусу на допыт забралі таксама рэдактара-выдаўцу БелаПАНу Андрэя Сераду.

«Я думаю, што калегаў з БелТА выкарыстоўваюць, ім павінна быць вельмі сорамна», – Ірына Леўшына.

Дырэктар БелаПАНу на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» назваў абвінавачанні абсурднымі і заявіў, што яго рэсурсы выкарыстоўвалі толькі тыя матэрыялы БелТА, што змяшчаліся ў адкрытым доступе, з гіперспасылкаю на першакрыніцу.

«Беларуская асацыяцыя журналістаў мяркуе, што дадзеныя ператрусы і дадзеная крымінальная справа – гэта выкарыстанне фармальных нагодаў для ціску на два найбуйнейшыя незалежныя беларускія медыі», – кажа намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Сярод фігурантаў справы называюць і дзяржаўную газету «Навука». Там сёння меў таксама адбыцца ператрус, але пацверджання з незалежных крыніцаў гэтаму няма. Рада Еўропы заклікала Менск вызваліць усіх арыштаваных журналістаў.

Станіслаў Івашкевіч belsat.eu