Жорсткія прысуды бізнесоўцам Сабалеўскім. Эканамісты: гэта паказуха


Закупалі ўгнаенні ў «Беларуськалію» нібыта для айчынных калгасаў, якім той абавязаны іх прадаваць па заніжаных коштах. А насамрэч пастаўлялі іх па рынкавых коштах у Расею. На гэтай схеме, паводле сённяшняга выраку Менскага абласнога суда, Казімір і Антон Сабалеўскія незаконна зарабілі дадатковых $ 700 тыс прыбытку, які яны, фактычна, скралі ў дзяржаўнага калійнага манапаліста.

Хто, колькі і за што?

Суд пакараў братоў Сабалеўскіх, дзвюх іх бухгалтарак і менеджара турэмнымі тэрмінамі ад трох да дзевяці гадоў і забавязаў вярнуць $ 700 тыс, якія яны нібыта скралі ў дзяржавы. Абвінавачаныя сваёй віны не прызнаюць і сцвярджаюць, што «Беларуськалій» сам прапаноўваў ім такія кошты, бо не мог інакш разгрузіць склады.

«Сілавыя структуры, суды раз-пораз некага арыштоўваюць, саджаюць, выракі… а сістэмнай працы на гэтым полі няма», – кажа эканаміст Леў Марголін.

Усе так робяць?

Былы намеснік старшыні Менскага аблвыканкаму Аляксандр Ярашук, які, у сярэдзіне 90-ых адказваў за сельскую гаспадарку па вобласці, распавядае, што апісаная схема – толькі верхаліна айсбергу. Паводле яго, айчынныя калгасы займаюцца такой жа схемай калі не татальна, то вельмі часта.

«З Беларуськалія атрымалі ўгнаенні і загналі дзе-небудзь у Расею, ва Ўкраіну, таму што ў нас кошты на калій разоў у 10 меншыя, чым рынкавыя», – тлумачыць ён.

Карупцыі стала толькі больш

Бізнес-саюзы канстатуюць, паводле іх апытання, нягледзячы на гучныя карупцыйныя справы, паводле іх успрымання, праблема з карупцыяй у Беларусі, наадварот, пагаршаецца.

«Усё, што робіцца ў эканоміцы і ў прыняцці ўладных рашэнняў, павінна быць празрыстым. Тады можна змагацца з карупцыяй. Пакуль гэтага няма, і ніякай барацьбы няма», – упэўнены спадар Марголін.

Паводле леташняга індэксу празрыстасці, складзенага міжнароднаю арганізацыяй «Transparency International», Беларусь падзяліла 107-ае месца са 168-мі разам з Тога, Эквадорам ды Кот дʼівуарам. Летась Беларусь стала адзінаю краінай у свеце, якая забараніла Групе дзяржаваў па барацьбе з карупцыяй Рады Еўропы публікаваць іх дослед аб карумпаванасці ў нашай краіне.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: news.21.by