ЖКГ бярэ аплату за вываз смецця нават калі яго не вывозіць


Жыхары Аточнай Слабады, што ў Чэрвеньскім раёне, атрымалі жыроўкі за вываз смецця. Кошты ўражваюць.

Напрыклад, спадарыня Фаіна мусіць заплаціць больш за сто рублёў. Пры гэтым дамовы з камунальнаю службаю на вываз бытавых адкідаў яна не падпісвала, сваё смецце паліць у печы, а плацежку за такую паслугу бачыць упершыню.

«Ніколі машыны ля маёй брамы не было, нічога не вывозілі. А за што я ім вінная? Я нават не ведаю, дзе гэтае ЖКГ знаходзіцца», – кажа Фаіна Апет.

У Чэрвеньскай ЖКГ нам патлумачылі, што вываз цвёрдых бытавых адкідаў – асноўная камунальная паслуга і надаецца ў любым выпадку. Адсутнасць дамовы не вызваляе ўладальнікаў жылля ад аплаты.

Вялікія запазычанасці за вываз смецця ўтварыліся праз перапынак у супрацы Чэрвеньскай жыллёва-камунальнай службы і «Белпошты». Доўгі перыяд рахункі за паслугі не траплялі да жыхароў.

«Жыроўкі рассылаюцца апошнія два месяцы поштай. Але да гэтага мы разносілі жыроўкі сваімі сіламі. У нас быў перапынак з жыроўкамі літаральна месяцаў сем, калі мы самі дастаўлялі. Машыны, якія збіраюць смецце, працаўнік разносіў жыроўкі. Мо яны гэтага не рабілі, не выконвалі сваіх абавязкаў», – кажа супрацоўніца ЖКГ Ірына Малахава.

Між тым, рэгулярная дастаўка рахункаў за паслугі – абавязак камунальнай службы. Перабоі не мусяць адбівацца на кішэнях жыхароў, тлумачаць спецыялісты.

«Першае, што трэба зрабіць, – не спяшацца плаціць. Ён павінен атрымаць выстаўлены рахунак за наданую паслугу і аплаціць у час. Калі рахунак выстаўлены не ў час, то ён не можа быць у час аплочаны. Па факце гэтага разбору не будзе пені, не будзе адсоткаў па аплаце і будзе кошт рэальна аказаных матэрыяльных паслуг», – кажа Уладзімір Навасяд з «Эфектыўнага кіравання будынкамі».

Зрэшты, чэрвеньскія камунальнікі сцвярджаюць, што гатовыя пайсці насустрач жыхарам і разглядаць заявы на адмену пені ў індывідуальным парадку. Але жыхароў непакоіць нерэгулярная праца спецтранспарту.

Спрэчнае пытанне дапамогуць развязаць звесткі навігацыйнай сістэмы GPS, усталяванай на машынах камунальнікаў.

«То бок можна зрабіць запыт на прадмет рахункаў, калі яны былі атрыманы; поштай – ці была заключаная дамова, плюс запыт на навігацыйную сістэму, і там будзе добра бачна, калі ездзіў, колькі ездзіў і часовы лаг у дарозе. Адно на другое на трэцяе накладаецца, і мы атрымліваем справядлівую паслугу і рэальны кошт», – дадае Навасяд.

Атрымліваецца, што калі жыхары Аточнай Слабады правядуць уласнае расследаванне, змогуць зберагчы свае грошы. Але сачыць за правільнасцю коштаў на камунальныя паслугі абавязаныя зусім не вяскоўцы.

Таццяна Белашова; фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»