Аб'ектыў 09.08.2018 Заводы труцяць беларусаў


Права дыхаць чыстым паветрам без атручвальных рэчываў мае кожны чалавек. Але ў Беларусі за элементарныя правы трэба змагацца. У Наваполацку актывісты арганізавалі кампанію «За чыстае паветра», бо наваполацкая хімічная прамысловасць практычна атручвае ім жыццё.

Зашмат фенолу, дыяксіду серы ды азоту. У першым паўгоддзі 2018-га года ў Наваполацку значна перавышаліся нормы забруджання паветра.

«Наваполацк ёсць самым забруджаным горадам Беларусі па выкідах у паветра атрутных рэчываў. Найбольшая крыніца – вытворчае аб’яднанне «Нафтан», у якое ўваходзіць завод «Палімір» і завод «Нафтан». Лепш дакладна не стала. Мы гэта бачым па лічбах Белстату», – кажа праваабаронца Зміцер Салаўёў.

Максімальныя разавыя канцэнтрацыі дыяксіду азоту сёлета перавышалі ў Наваполацку дазволеную норму ў 1,8 разу, канцэнтрацыя серы – у 1,3 разу, а фенолу – у 1,4 разу.

Актывісты праваабарончага цэнтру «Вясна» у межах кампаніі «За чыстае паветра ў Наваполацку» сёлета збіралі подпісы за мадэрнізацыю ачышчальных збудаванняў на хімічным заводзе «Палімір». Іх накіравалі не толькі Міністэрству прыроды, але і кіраўніцтву вытворчага аб’яднання «Нафтан».

«Яны збіраюцца рабіць мадэрнізацыю. Адказваюць на нашыя петыцыі, што зробяць вузлы ўтылізацыі адкідаў на «Паліміры», менавіта тое, што мы патрабавалі. Яны абяцаюць, што ўвядуць утылізацыю серы паводле метаду Клаўса на «Нафтане», і гэта зменіць ледзь не на 10 ці 20 тысяч тонаў выкіду аксіду серы ў год. Але на гэты момант гэтага не зроблена», – кажа Салаўёў.

У якія тэрміны адбудзецца гэтая мадэрнізацыя, не вядома. Атрымаць каментар з заводу «Палімір» нам не ўдалося.

Тэрыторыя Наваполацку і прылеглых раёнаў стала зазнае адмоўнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе з боку прадпрыемстваў прамысловасці. Выкіды ў атмасфернае паветра шкодных рэчываў штогод – больш за 50 тысяч тонаў.

Міхась Ільін, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары