Аб'ектыў 01.09.2017 Замест рэформаў. Камуналка падаражэе на 20 %


Амаль на 20 % падаражэюць да канца года камунальныя паслугі. Ад сёння выдаткі беларусаў на камуналку вырастуць у сярэднім на 8 %, а ў снежні – яшчэ на 10 %.

Што па чым?

Найбольш да канца года павялічыцца тарыф за каналізацыю – амаль у. Халодная вада падаражэе больш як на чвэрць, а вываз смецця – на 19 %. Паводле намесніка міністра антыманапольнага рэгулявання Івана Вежнаўца, на канец гэтага года сярэдняя жыроўка для двухпакаёўкі на 48 квадратных метраў з трыма жыхарамі складзе Br 93, і гэта пакрые сабекошт камунальных паслугаў на тры чвэрці.

Адмыслоўцы ставяць названую лічбу пад пытанне

«У нас няма ні празрыстых тарыфаў, ні празрыстага сабекошту, і самае галоўнае, няма канкурэнтнай серады, каб яна прымушала прадпрыемствы гэты сабекошт зніжаць», – кажа эканаміст Леў Марголін.

Як паказала журналісцкае расследаванне нашага тэлеканалу, тарыфы камунальных плацяжоў істотна завышаюцца за кошт карупцыі на найвышэйшым узроўні. Гэтак, ачыстка катлоў, якія выпрацоўваюць пару для электраэнергіі ды цяпла, выконваецца ў «Белэнерга» прыватнай манаполіяй – фірмай «Белкацёлачыстка», якая выстаўляе за свае паслугі кошт, утрая вышэйшы за рынкавы. Адмыслоўцы адзначаюць – каб мінімізаваць у камунальных тарыфаў складнік карупцыі ды неэфектыўнасці, уладам, замест таго, каб проста павялічваць тарыфы, неабходна рэфармаваць сістэму ЖКГ, каб стварыць у ёй рынак і канкурэнцыю.

«Трэба раздзяліць уласніцтва сетак і вытворцаў», – мяркуе эксперт Уладзімір Навасяд.

Паводле парталу zkh.by, камунальныя паслугі ў Беларусі, на пачатак года, былі найтаннейшы сярод краінаў-суседзяў і, у прыватнасці, напрыклад, на парадак танней, чым у Літве, перадусім – дзякуючы танным энерганосьбітам, якія Менск атрымлівае ад Масквы паводле льготных коштаў. Пры гэтым, згаданы партал аднак зазначае: пасля выплаты камуналкі і падаткаў у беларусаў на руках застаецца, у сярэднім, удвая меншая сума, чым у палякаў ці літоўцаў, пры тым, што астатнія кошты ў нашых краінах – сувымерныя.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: Easycryptocurrency.com

Глядзі таксама
Каментары