Дэманстрацыя сучаснага мастацтва, музычныя і літаратурныя імпрэзы, продаж кніг незалежных выдавецтваў. Папулярную арт-пляцоўку з вінным барам «Ў», што месцілася бліз плошчы Перамогі, менчукі памятаюць з 2009 года. Цяпер у гэтым будынку таксама з’явіцца бар, але ўжо не той. Ніякіх згадак пра нацыянальную культуру тут не застанецца. Новая ўстанова з назваю «Піцер» будзе цалкам прысвечаная культуры расейскай.
«Для мяне Піцер – гэта дух. Дух творчасці, які вітае ў горадзе Санкт-Пецярбурзе. Дух, які пачаўся задоўга да майго нараджэння. Дух Пушкінскай эпохі, эпохі рокавых музыкаў, якія там існавалі і з савецкіх часоў ды існуюць дагэтуль», – тлумачыць Арцём Музін, уласнік новага бару.
Аднак побач з пісьменнікамі ды рок-музыкамі на сценах будучага бару зʼявілася выява Кацярыны II ды Пуціна з багетам у кішэні. На гэткае ўпрыгожванне інтэрʼеру звярнулі ўвагу мінакі. Змешчаныя ў інтэрнэце фотаздымкі, на якіх бачны працэс стварэння партрэта прэзідэнта Расеі, выклікаў хвалю абмеркавання.
Гэты бар ўпрыгожваюць ужо выявы выбітных беларусаў: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча ды Максіма Багдановіча.
«Ці думаў я, што ў нас расколецца грамадства, ці што такая зʼява, як негатыўнае стаўленне да рускамоўнага насельніцтва ці да самой Расеі ці да палітычнага вобраза Уладзіміра Пуціна ў нас у грамадстве вітае, я не задумваўся», – даводзіць уласнік «Піцера».
Арцём Музін запэўнівае, што не меў на ўвазе стварэнне палітычна скіраванай установы ды не звязваў Пуціна і Кацярыну II, пры якой адбыліся падзелы Рэчы Паспалітай, з пагрозаю для беларускай культуры. На адкрыццё ж бару ўласнік планаваў запрасіць Лявона Вольскага. Паводле грамадскага актывіста Змітра Дашкевіча, які нядаўна здзейсніў акцыю ў барбершопе з правакацыйнаю назвай «Чэкіст», гэткая памылка можа стаць уласніку «Піцеру» як мінімум антырэкламай.
Побач з барам «Піцер» дагэтуль працягвае працаваць кнігарня «Логвінаў», што збірае аматараў айчыннай культуры і літаратуры. Ці будуць суіснаваць у згодзе наведнікі кніжнай крамы і бару «Піцер» з выявамі Уладзіміра Уладзіміравіча ды расейскай імператрыцы, будзе зразумела пасля яго адкрыцця.
Юлія Лабанава, «Белсат», фота: Аляксандр Кісялёў / budzma.by