Аб'ектыў 02.07.2017 «За што б улада ні бралася, выходзяць «Дажынкі»


Улады ўзялі на ўзбраенне нацыянальныя сімвалы Беларусі ды ўжо другі год запар ладзяць у сталіцы парад вышыванак. Імпрэза праходзіла сёння ля Палацу спорту і мусіла закончыцца «масавым пацалункам» закаханых – вядома, у вышыванках.

Удзельнікі параду вышыванак так адказвалі на пытанне журналістаў, чаму яны ўдзельнічаюць у мерапрыемстве:

«Не ведаю».

«Гэта весела, мы танчым, нам падабаецца. Традыцыя Беларусі – гэта вельмі класна, усё».

«Паказваем нашую калекцыю, Віцебскага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжу, якія мы прыгожыя».

«Я не магу адказваць у нас з дазволам старэйшага можна даваць інтэрвʼю».

Тыя ж, каму «можна» было даваць інтэрвʼю, гэтак тлумачылі свой удзел.

«На нашай зямлі мяняюцца законы, мяняюцца дзяржавы, па рознаму мы называемся – былі мы крывічамі, ліцвінамі, паўночна-заходнім краем, беларусамі, але самае галоўнае ў нас застаўся стрыжань народа. А стрыжань гэта нашы традыцыі, нашае разуменне жыцця», – адзначыў першы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Максім Рыжанкоў.

Сапраўды, пра веліч беларускай гісторыі раптоўна згадаў і кіраўнік Беларусі. Віншуючы напярэдадні беларусаў з Днём незалежнасці, зазначыў, што гісторыя нашай дзяржаўнасці сягае часоў Полацкага княства. І, як бачым, чыноўнікі смела бяруць на ўзбраенне беларускую мінуўшчыну і беларускую сімволіку.

«Свой час гэта было не свята, гэта была наша паўсядзённасць, таму што ў такіх кашулях у гэтых вышыванках хадзілі нашыя продкі і не стагоддзі, а тысячагоддзе таму. Гэта тое, што аб’ядноўвала нас, і рускіх, і ўкраінцаў, і ўсіх славянаў», – кажа міністр культуры Барыс Святлоў.

Але з чым звязаная змена дзяржаўных арыенціраў?

«Уладам цяпер трэба абазначыцца, што яны не Расея, Лукашэнку трэба разыграць гэтую карту самастойнага дыктатара: я самастойны, я не васал Пуціна, а калі я захачу, то сыйду ад вас на Захад. Нікуды ён сыходзіць ад Расеі не будзе. Але гэтая дэманстрацыя дазваляе яму выгандляваць новыя крэдыты, новыя траншы і з Расеі і з Захаду», – мяркуе Франак Вячорка.

Таму такі парад – проста чарговая шырма, а не рэальныя змены ў бок беларушчыны, перакананы журналіст. Пасля падзеяў на Майдане ва Украіне 3 гады таму Франак Вячорка разам з «Арт-сядзібаю» запусцілі ў Беларусі праект вышыванкі і вышымайкі, які папулярызуе нацыянальныя сімвалы. Ці пераканаўча выглядаюць улады са сваёй мяккаю «культурнаю рэвалюцыяй»?

«Адным словам гэта трэш, гэта агратрэш. Што б улада не рабіла, за што не бралася выходзяць Дажынкі. Зрэшты, паглядзеўшы на ўсе гэтыя ваколіцы, аздабленні цяжка зразумець ці то гэта святкаванне прыборкі ўраджаю, ці то гэта дзень гораду ці то дзень вышыванкі, ці, умоўна кажучы, гей-парад. Няма ніякага густу, няма нікай канцэпцыі», – кажа Франак Вячорка.

Форма кульгае, змест няўцямны, і ўсё – пад расейскую папулярную музыку.

 

Наста Ільіна, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары