Аб'ектыў 06.01.2018 За што Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў беларускамоўнага святара


Напярэдадні Раства сталі вядомы імёны лаўрэатаў прэміі кіраўніка дзяржавы за духоўнае адраджэнне. Сёлета яе атрымалі 2 арганізацыі і 3 асобы. Сярод іх – беларускамоўны праваслаўны святар Віктар Перагудаў. Дзень перад Раством «Белсат» правёў разам з айцом Віктарам.

Протаіерэй Віктар Перагудаў, настаяцель прыхода царквы прападобнай Еўфрасінні Полацкай у мястэчку Івянец Валожынскага раёну, святарствуе ўжо больш за 20 гадоў. І робіць гэта з вялікаю радасцю.

«І так было заўсёды – ад самага першага дня, калі я атрымаў накіраванне ад нашага кіраўніка беларускай праваслаўнай царквы Мітрапаліта Філарэта, які сказаў чытаць Евангелле і рабіць сваю справу. З тае пары я чытаю і раблю тое, што мне блаславілі. Менавіта так, нічога большага», – кажа святар Віктар Перагудаў.

Намаганнямі айца Перагудава ў Івянцы паўстала царква ў гонар Еўфрасінні Полацкай ды крыптавая царква ў гонар святога Міны, епіскапа Полацкага. Таксама ён стварыў дом міласэрнасці «Вікторыя» ў вёсцы Пральнікі, дзе пачаў апекавацца дзецьмі-інвалідамі з Івянецкага дому-інтэрнату.

«Ён з намі бавіцца, праводзіць служэнні, ён вельмі любіць усіх рабят і аказвае ім дапамогу», – распавядае Марына Мініч.

«Мы наведваем іх тут і на нядзельнай школе, і калі ў бацюшкі па суботах атрымліваецца, мы тут праводзім розныя набажэнствы, акафісты», – кажа рэгент Івянецкай царквы Лідзія Нядзведская.

Апекаванне дзецьмі таксама спрычынілася да таго, што сёлета Віктар Перагудаў уганараваны прэміяй кіраўніка Беларусі «За духоўнае адраджэнне». Менавіта духоўна ён заахвочвае праводзіць куццю – вечар перад праваслаўным Раством.

«Самае галоўнае – гэта падрыхтаваць душу. Мы заклікаем, царква заклікае ў гэтыя дні – апошнія дні посту менавіта да таго, каб кожны падрыхтаваў сваё месца так, каб у душы нарадзіўся Збавіцель наш Ісус Хрыстос. І ўсё дзеля гэтага зрабіў: прайшоў праз таінства споведзі, таінства пакаяння, святога прычасця, і такім чынам падрыхтаваўся цалкам вось да гэтай сустрэчы з богам, які нараджаецца ў гэтыя святыя дні», – кажа Віктар Перагудаў.

Адна з галоўных перадсвяточных традыцыяў у праваслаўных – такая страва, як посная куцця. Вернікі царквы Айца Віктара традыцыяў прытрымліваюцца – гатуюць роўна 12 страваў і вераць у цуд.

«Пасля службы прыйсці, сесці за гэты святочны стол, запаліць свечку, абавязкова памаліцца і чакаць тую першую зорку, якая загарыцца на небе», – распавядае прыхажанка Наталля Гаркун.

Царква адыгрывае вялікую ролю ў жыцці Наталлі.

«Гэтае паслушэнства, яно вельмі важнае для мяне. Бо дзякуючы яму я заўжды адчуваю сябе патрэбнай. Патрэбнай не толькі сваёй сям’і, а патрэбнай тым дзеткам, якімі мы апякаемся, патрэбнай нават тым старым, якімі Айцец Віктар таксама апякаецца», – кажа прыхажанка Наталля Гаркун.

Таму Айцец Віктар і раіць заўжды памятаць: куцця – вечар не толькі добрых страваў, але і справаў. А ў яго свае справы і свае традыцыі: апекавацца дзецьмі, служыць у царкве, праводзіць нядзельную школку ды размаўляць з вернікамі – па-беларуску.

 

Сцяпан Святлоў, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары