Аб'ектыў 23.10.2017 З турмы выйшаў актывіст, асуджаны за цытату з «Нязнайкі на Месяцы»


Выхаваўчая размова ў РАУСе замест выхаду на свабоду – актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі меўся вызваліцца з ізалятару на Акрэсціна сёння а 8-й раніцы роўна праз 10 содняў пасля затрымання, але сустрэць актывіста ягоным сваякам і сябрам не далі.

Мужчыну вывезлі ў Маскоўскі РАУС «для прафілактычнай гутаркі»

Максіма арыштавалі 13 кастрычніка каля ягонага дому ў Менску – мужчына толькі выйшаў на шпацыр з сабакам, і да іх падышлі два міліцыянты ды яшчэ 2 асобы ў цывільным, пасля кароткай размовы актывіста схапілі і адвялі ў машыну.

У ізалятар мужчыну забралі проста з судовай залы – содні Максіму Вінярскаму далі за рэпост цытаты з дзіцячай кніжкі «Незнайка на Месяцы». Пад карцінкай актывіст запрашаў на Марш абураных беларусаў, што прайшоў у суботу 21-га кастрычніка ў сталіцы.

Год турмы

Паводле маці Максіма Вінярскага Таццяны, такіх на першы погляд дробных арыштаў у сына назбіралася на цэлы год – а з улікам апошніх содняў актывіст адседзеў ужо больш як 365 дзён у ізалятарах.

«Як любы сумленны чалавек ён небяспечны для гэтай дзяржавы, хлусы заўсёды баяцца праўды, баяцца сумленных людзей, якія выказваюць сваё меркаванне», – кажа Алена Церашкова, сястра Максіма.

Хваля затрыманняў пракацілася напачатку месяца

Напярэдадні чарговай вялікай акцыі пратэсту ў Менску міліцыянты раптам узгадалі, што содні за менскую акцыю 8-га верасня не адседзелі Павал Севярынец і Яўген Афнагель. Яны перабываюць за кратамі і сёння.

Постфактум за гэтую вераснёўскую акцыю содні атрымалі Уладзімір Някляеў, Мікола Статкевіч і шэраг рэгіянальных актывістаў, таму не варта здзіўляцца, калі і за суботнюю акцыю позвы ў суд пачнуць прыходзіць тады, калі гэта зручна самім міліцыянтам.

Настасся Храловіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары