Аб'ектыў 10.09.2018 З кожнай масавай акцыяй дзеянні паліцыі ў Расеі ўсё больш жорсткія


Больш за тысячу затрыманых, сярод якіх непаўналетнія і журналісты. Напярэдадні ў Расеі жорстка разагналі вулічныя акцыі супраць павышэння пенсійнага ўзросту. Пратэсты ініцыяваў расейскі апазіцыянер Аляксей Навальны, якога арыштавалі на 30 содняў яшчэ 25 жніўня.

Прыкладна гэтак выглядалі пратэсты па ўсёй Расеі. Затрымлівалі няпоўнагадовых, людзей сталага веку, журналістаў. Пры любым намёку на непадпарадкаванне паліцыя пачынала дзеяць жорстка.

Асабліва гэта здзівіла людзей у расейскіх рэгіёнах.

«Мы бачым, як паліцыя ўпершыню за ўсю гісторыю пратэставага Екацярынбургу дзее нахабна, цынічна, хапае людзей з натоўпу – таму што ў горадзе новая ўлада. Калі раней быў мэр Ройсман, то цяпер сябра партыі «Единая Россия» Цестаў і губернатар Куйнышаў ды ягоная каманда наводзіць свае парадкі», – кажа ўдзельнік пратэстаў з Екацерынбургу Фёдар Крашэннікаў.

Екацярынбург заняў другое месца ў колькасці затрыманых. Больш – амаль паўтысячы чалавек – былі затрыманыя ў Санкт-Пецярбурзе. Затрымлівалі людзей яшчэ ў некалькіх дзясятках расейскіх гарадоў.

«З кожнай масавай акцыяй дзеянні паліцыі – усё больш жорсткія, дэманстрантаў білі дручкамі, ужывалі дымавыя шашкі, адпаведна, некаторыя ўдзельнікі атрымалі траўмы, аднаму старому мужчыне зрабілася дрэнна, яго проста пакінулі на асфальце і пайшлі затрымліваць далей», – кажа Анастасія Буракова з праваабарончай арганізацыі «Открытая Россия».

У адказ улады заяўляюць аб прынамсі двух выпадках збіцця праваахоўнікаў, у Маскве арганізатараў абвінавацілі ў выкарыстанні няпоўнагадовых для правакацыяў. Нягледзячы на багатую геаграфію дэманстрацыяў, у правінцыі далёка не ўсе падтрымалі пратэст, як, напрыклад, апытаныя намі жыхары Бранску.

«Не, у мяне няма жадання, думаю, гэта нічога не зменіць».

«Вы ведаеце, нельга ў камеру казаць, але мне пофіг на ўсё гэта. Я ўжо ў такім узросце, што гэта мяне не закране.

– А за маладых пенсіянераў не перажываеце?

– Вядома, у мяне і ўнучка ёсць, і праўнучка».

«Я не хадзіў, не падтрымліваю, думаю, што такія непапулярныя рашэнні робяцца не проста так – нейкая неабходнасць у гэтым ёсць».

У Расеі з лета не сціхаюць хваляванні ў сувязі з пенсійнаю рэформаю, прынятаю Дзяржаўнай думай у першым чытанні. За гэты час рэйтынг Уладзіміра Пуціна, які неаднаразова заяўляў пра недапушчальнасць павышэння пенсійнага ўзросту, упаў з паслявыбарчых 77 да 48 %.

А разам з тым спаў давер і да ўсёй вертыкалі ўлады.

«Тэма пенсійнай рэформы актуальная і дагэтуль, гэта паказваюць і вынікі адзінага дня галасавання 9 верасня, дзе «Единая Россия» моцна згубіла свае пазіцыі ў параўнанні з мінулымі муніцыпальнымі выбарамі», – кажа Анастасія Буракова з праваабарончай арганізацыі «Открытая Россия».

У канцы жніўня Пуцін у асабістым звароце запрапанаваў змякчыць рэформу.

Згодна з апошняю версіяй, расейскія мужчыны будуць выходзіць на пенсію ў 65 гадоў, а жанчыны – у 60, замест першапачатковых 63-ох. Відавочна, гэтага ўсё ж не хапіла.

«Пуцін хлусіў у сваім звароце безупынна. Ён зрабіў адзіную малую саступку – у жанчын пенсійны ўзрост будзе павышацца не на 8 гадоў, а на 5. Дзякуй, як кажуць, бацюшка. Але ў выніку і мужчыны, і жанчыны згубяць прыблізна мільён рублёў», – кажа дэпутат Барыс Вішнеўскі.

Расейская апазіцыя ўпэўненая: нават такі крок з боку ўладаў толькі заверыць людзей у тым, што пратэсты маюць моц і могуць прывесці да далейшых саступак. Як бачна, людзі могуць арганізоўвацца, не зважаючы на папярэднія арышты ініцыятараў акцыі.

Усевалад Шлыкаў belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары