Юбілей МАЗу: новы аўтобус і сусветны рэкорд


МАЗ святкуе 75-годдзе. У 1944 годзе завод выпусціў сваю першую мадэль. Сёння іх колькасць вымяраецца дзясяткамі.

Жыхары беларускіх гарадоў ужо даўно прызвычаіліся да МАЗаўскіх аўтобусаў на гарадскіх вуліцах. Але каб вока не замыльвалася, на заводзе перыядычна абнаўляюць іх мадэлі. Сёння прэзентавалі аўтобус трэцяга пакалення МАЗ-303. Хваляцца кандыцыянерам і USB-партамі – можна будзе тэлефон заладаваць. Новая мадэль зручнейшая для людзей з абмежаванымі магчымасцямі – падлога нізкая, а ў раёне дзвярэй ёсць высовачныя электрычныя платформы.

Цяпер МАЗ асацыюецца не толькі з аўтобусамі і цягачамі, але яшчэ і з аўтаспортам. 9 гадоў таму была створаная каманда «МАЗ-СПОРТаўта», без якой у апошнія гады складана ўявіць знакамітае ралі «Дакар».

Сяргей Вязовіч, кіраўнік каманды «МАЗ-СПОРТаўта» і пілот спартовых МАЗаў, шмат разоў скараў на гэтым цяжкавіку пясчаныя дзюны ў пустэльнях. Але сёння штурмавалі ўжо яго – раздаваць аўтографы і фатагравацца давялося ледзь не гадзіну. Вязовіч распавёў пра машыну, якая зрабіла яго зоркай беларускага аўтаспорту:

«На гэтай машыне мы сталі срэбнымі прызёрамі «Дакару» у 2018 годзе. З ёй справіцца любы чалавек, яна даволі простая ў кіраванні. Але для таго, каб на ёй ехаць хутка па бездарожжы, патрэбныя пэўныя навыкі. А так гэтая машына кіруецца нават лягчэй за серыйны цяжкавік».

Галоўная фішка святкавання – спроба асілка Дзмітрыя Белайца ўсталяваць сусветны рэкорд. Ён цягнуў 15 дзесяцітонных цягачоў. Рэкорд, хоць і з другой спробы, але ўсё ж быў усталяваны. Белайц працягнуў калону МАЗаў на 7 метраў 20 сантыметраў. Такога на прахадной заводу яшчэ не бачылі.

На святкаванне прыйшло шмат былых супрацоўнікаў заводу, некаторыя працавалі з юбілярам ледзь не ад самога пачатку. Былы працаўнік МАЗу Сяргей Пятліцкі ўспамінае:

«Я пачаў на аўтазаводзе працаваць з 1954 года. Працаваў токарам, і пачынаючы з токара, я вырас, прайшоў усе стадыі: Беларускі політэхнічны інстытут, пасля тэхнолаг, старэйшы тэхнолаг, намеснік кіраўніка цэху, кіраўнік цэху ды ўсяго не распавядзеш! Увесь аўтазавод ведаў мяне як творчага і чалавека, які думае».

Галоўныя падзеі святкавання ўжо адбыліся, але гэта яшчэ не канец. Фінішуе юбілейная праграма салютам а 23 гадзіне.

Дзяніс Ганчарэнка, belsat.eu