Павялічыць намінальны заробак на чвэрць абяцае Аляксандр Лукашэнка ў наступным годзе. Цяпер, паводле афіцыйнай статыстыкі, сярэдні заробак у Беларусі складае сем з паловай мільёнаў старых рублёў. Налета, пры ўмове захавання існага курсу, ён мае павялічыцца ўжо да дзесяці.
Упершыню старое новае абяцанне нечакана прагучала ў панядзелак падчас візіту Лукашэнкі ў Магілёў.
«Рыхтуйцеся да 500 долараў у наступным годзе. Вытворчасць працы давядзецца павышаць, гэта – натуральна».
У чацвер высветлілася, што гэта была не эмацыйная агаворка. Падчас прэсавай канферэнцыі для расейскіх журналістаў абяцанне прагучала зноў. Беларусы на вуліцах гэтую навіну ўспрынялі са стрыманым скепсісам – як перспектыву абяцанага павелічэння, гэтак і той памер сярэдняга заробку ў Беларусі, які дэкларуе афіцыйная статыстыка.
«Думаю ня я, думае мой разліковы лісток, бо за мінулы месяц я зарабіла 270 рублёў, працуючы швачкай 12 гадзін на дзень».
«Не, ну адкуль яны знойдуцца? Я думаю, наўрад ці яны знойдуцца. Калі толькі друкарскі станок зноў адчыняць».
Адмыслоўцы адзначаюць, што рэзкі рост заробкаў на працягу года можа мець тыя ж вынікі, што і колішні рывок да пяцісот долараў на месяц – напярэдадні выбараў 2010 года.
«Мы не зможам устойліва падтрымліваць такога заробку. Або ў нас адбудзецца чарговы раз дэвальвацыя, або інфляцыя зʼесць, фактычна, рэальны прырост заробку. То бок гэта будзе нестабільная сітуацыя – ненадоўга».
Незалежныя прафсаюзы асцерагаюцца, што названае павелічэнне заробку, калі будзе выконвацца, выльецца ў рост беспрацоўя.
«Калі сёння людзей з прадпрыемстваў адсоткаў 20 % адправіць на вольныя хлябы, а потым гэты фонд працы раздзяліць на ўсіх астатніх. Атрымаецца, што заробак павысіўся».
Штопраўда, пэўны рост заробкаў у доларах можа адбыцца – дзякуючы ўзмацненню беларускага рубля да долара ўслед за чаканым падаражэннем нафты. Гэтак ужо сёлета за паўгода з лютага да жніўня, дзякуючы падаражэнню нафты і, адпаведна, рэвальвацыі рубля, то бок – узмацнення яго да долара – сярэдні заробак, паводле афіцыйнай статыстыкі вырас з трохсот шасці долараў да 380-ці. Але нават статыстычны камітэт прызнае, што ў рэальных тэрмінах, гэта значыць – з улікам інфляцыі, дабрабыт беларусаў, нягледзячы на гэта, працягвае зніжацца.
Станіслаў Івашкевіч, Менск, фота:13abc.com