«Убачыла – сэрца баліць». Светлагорцы абураюцца высяканнем дрэваў у горадзе


Светлагорскія ўлады зладзілі «антыазеляненне».

Гэтыя кадры ля Светлагорскага РАУСу былі знятыя зусім нядаўна, сёлета напрыканцы студзеня. Але высокіх пухнатых елак перад будынкам сёння ўжо няма. Днямі іх спілавалі камунальнікі.

«Цалкам знішчылі тры цудоўныя вялізныя елкі, трыццаціпяцігадовыя, насупраць будынку РАУС, два вялізных дрэва грэцкага арэху», – распавядае жыхарка Светлагорску Людміла Клешчанка.

Жыхары Светлагорску адрэагавалі на такую зачыстку Цэнтральнае плошчы ў адзін голас:

«Я ўчора як убачыла – у мяне баліць сэрца. Я тут жыву больш за 30 год, гэта ўсё нашае і вельмі шкада», – кажа мясцовая жыхарка.

Іншае заўважае:

«Елкі былі цудоўныя, пухнатыя, прыгожыя. Я думаю што ўсё насельніцтва супраць».

Гэта не першыя дрэвы, знішчаныя ля райвыканкаму. Год таму ў снежні былі зрэзаныя некалькі елак на іншым канцы Цэнтральнае плошчы. Інспекцыя аховы навакольнага асяроддзя патлумачыла, што дрэвы пашкодзіў караед. Тады мясцовыя ўлады нават зладзілі грамадскі сход. Што праўда, удзел у ім узялі каля паўсотні асобаў, а жывуць у горадзе амаль 70 тысячаў.

«Зялёныя цудоўныя елкі, якім па трыццаць год, і шышкі да сярэдзіны кроны, на хворых дрэвах такога не бывае», – не згаджаецца з тлумачэннем Інспекцыі аховы навакольнага асяроддзя Людміла Клешчанка.

І вось пасля сёлетняй вырубкі елак на плошчы не засталося зусім. Паменела зеляніны і ў іншых раёнах гораду.

Цяпер гараджане непакояцца, што будуць знішчаныя і іншыя трыццацігадовыя елкі ў Светлагорску. Непакояцца пра свае елкі, ці, дакладней, пра пні ад іх, і працаўнікі РАУСу. Журналістаў, якія спрабавалі зрабіць здымкі на плошчы, затрымалі на тры гадзіны, і на іх былі складзеныя пратаколы.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu