Як упрыгожыць жытло на Дзень Волі? У Магілёве зладзілі майстар-клас


У Магілёве прайшоў майстар-клас стварэння ўпрыгожанняў адмыслова да 25-га сакавіка.

Магілёў, як і іншыя гарады, актыўна рыхтуецца да вялікага юбілею – стагоддзя БНР. Сёння тут, на адной з самых вядомых мясцовых беларускамоўных пляцовак, у кавярні «Шпаркі лось», прайшоў майстар-клас вырабу выцінанак. Удзел у ім узялі некалькі дзясяткаў чалавек.

«Мы вырашылі правесці такі майстар-клас, каб нарабіць розных упрыгожанняў: гірляндаў, сцяжкоў, і прычым менавіта ў такіх патрыятычных БЧБ-колерах, бо гэта і нацыянальныя нашыя колеры вышыванак, і колер таго сцяга, які быў прыняты як дзяржаўны ў нашай першай дзяржаве», – кажа арганізатар майстар-класу Алесь Сабалеўскі.

Для ўдзелу ў майстар-класе патрабавалася няшмат: усяго прынесці з сабою белую і чырвоную паперу, нажніцы, алоўкі. І вясёлы настрой забяспечаны.

«Хацелася б іх зацікавіць праз такія майстар-класы і паказаць ім нашу культуру, якая прыгожая наша мова, якія людзі добрыя, якія цягнуцца тут працаваць, якія працуюць тут разам з намі», – распавядае ўдзельніца сустрэчы Кацярына Стамброўская.

На 25-га сакавіка мясцовыя грамадскія актывісты плануюць у Магілёве інфармацыйны пікет і супольны з уладамі круглы стол. Дазвол на гэта ўлады пакуль не далі. Святкаванне стагоддзя БНР улады дазволілі ў Менску, Горадні, Берасця, Ліды і Пружанаў.

Міхась Слаўнікаў; фота – Evna.by