Аб'ектыў 22.09.2017 Як менчукі адзначалі Усясветны дзень без аўтамабіля


Перапоўненыя аўтамабілямі дарогі ды забруджанае паветра – вядомыя спадарожнікі вялікіх гарадоў. Каб звярнуць увагу на гэтыя праблемы, Беларусь сёлета пяты раз далучаецца да Сусветнага дня адмовы ад аўтамабіляў. Яго сутнасць – хаця б на дзень пакінуць уласны аўтамабіль каля дому і аддаць перавагу альтэрнатыўным сродкам перасоўвання.

Каля 80 % шкодных выкідаў трапляе ў атмасферу ад аўтатранспарту

Праблема стаіць востра, бо аўтаў штогод становіцца ўсё больш. Толькі летась колькасць аўтамабіляў у краіне перавысіла 3,5 мільёны. Болей за 700 000 аўтаў – а гэта 20,8 % ад гэтае лічбы – прыпадае на Менск. Каб заахвоціць кіроўцаў перасесці сёння на грамадскі транспарт, праезд у сталіцы зрабілі бясплатным пры прад’яўленні правоў і тэхпашпарту.

Меркаваць пра вялікую колькасць людзей, што далучыліся да Дня без аўтамабіля, не выпадае, калі ацэньваць інтэнсіўнасць трафіку візуальна. Галоўныя магістралі сталіцы ў час пік звыкла запоўненыя машынамі. Па-ранейшаму складана раз’ехацца і на адной з самых праблемных вуліцаў – Кісялёва. На двухпалоснай дарозе тут паркуюцца з абодвух бакоў, што замінае руху.

Каб паспрыяць паляпшэнню сітуацыі напярэдадні Сусветнага дня адмовы ад аўтамабіляў, таварыства «Зялёная сетка» разам з Беларускай асацыяцыяй экспертаў і сэрвэераў на транспарце праводзілі маніторынг руху на адрэзку вуліцы і выпісвалі ўладальнікам няправільна прыпаркаваных аўтамабіляў папярэджанні. За тыдзень актывісты зафіксавалі больш за 60 парушэнняў.

Пачаўшыся з добраахвотнай акцыі, Дзень адмовы ад аўтамабіляў у Беларусі з кожным годам усё больш набывае і адукацыйна-асветніцкі характар. Да прыкладу, на вуліцы Леніна, якую сёння зрабілі зонай, вольнай ад аўтамабіляў, можна паўдзельнічаць у майстар-класах і пратэставаць электраровары і самакаты.

Першыя вынікі Дня без аўтамабіля падсумаваў Рэспубліканскі гідраметцэнтр

За дзень канцэнтрацыя азоту дыяксіда стала меншай у зоне парку Горкага, паказнікі фармальдэгіду і вугляроду дыяксіда зменшыліся і ў раёне вуліцаў Якуба Коласа і Кульман.

Юлія Лабанава, «Белсат»

 

Глядзі таксама
Каментары